ГАЛУ́БКІНА Ганна Сямёнаўна
(28.1.1864, г. Зарайск, Расія — 7.9.1927),
расійскі скульптар. Вучылася ў Маскве ў С.Валнухіна (1889—90) і ў вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1891—94), Пецярбургскай АМ (1894), Парыжскай акадэміі Каларосі (1895—96). Зазнала ўплыў А.Радэна. Выкладала на Прачысценскіх рабочых курсах (1913—16) і ў Вышэйшым дзярж. маст.-тэхн. ін-це (1918—22) у Маскве. Стварыла першы ў рус. мастацтве скульпт. партрэт Карла Маркса (1905). Імпрэсіяністычная цякучасць формы, багацце святлоценявых кантрастаў, характэрныя для ранніх твораў, суіснуюць з пошукамі канструктыўнасці і пластычнай выразнасці. Аўтар кампазіцый «Жалезны» (1897), «Чалавек ідзе» (1903), «Рабочы» (1909), партрэтаў А.Белага (1907), Л.Талстога (1927), а таксама твораў, звернутых да сімволікі ў духу стылю мадэрн [гарэльеф «Плывец» («Хваля») на фасадзе МХАТа, 1901, «Бярозка», 1927].
Літ.:
Лукьянов С. Жизнь А.С. Голубкиной. [2 изд.]. М., 1975;
Каменский А.А. Рыцарский подвиг. Кн. о скульпторе Анне Голубкиной. М., 1978.
т. 4, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)