ГАЛУ́БІЧЫ,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Падсвілле—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад г. Глыбокае, 200 км ад Віцебска, 6 км ад чыг. ст. Падсвілле. 485 ж., 195 двароў (1996).

Упамінаецца ў 1431. У 16 ст. — цэнтр маёнтка ў Полацкім ваяв. ВКЛ. У канцы 18 ст. ў Галубічах дзейнічала уніяцкая царква (згарэла ў 1882), у 1843 пабудавана царква Міколы Цудатворца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. мястэчка Галубічы ў Пліскай вол. Дзісенскага пав. Віленскай губ.; 76 ж., праваслаўная царква, яўр. малітоўны дом, крама, шынок. З 1921 Галубічы ў складзе Польшчы, у Глыбоцкім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Пліскім р-не. У Вял. Айч. вайну ў маі 1943 і маі—чэрв. 1944 ням.-фаш. захопнікі загубілі 216 ж., вёску (46 двароў) спалілі. З 1962 Галубічы — цэнтр сельсавета ў Глыбоцкім р-не.

Лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму, гарадзішча ранняга жал. веку і сярэднявечча, ландшафтны заказнік «Галубіцкая пушча».

т. 4, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)