Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБЛО́МКАВЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

кластычныя горныя пароды, асадкавыя горныя пароды, якія складаюцца з абломкаў больш стараж. горных парод і мінералаў. Адрозніваюць абломкавыя горныя пароды сцэментаваныя і несцэментаваныя (рыхлыя). Па велічыні абломкаў вылучаюцца грубаабломкавыя пароды, або псефіты (несцэментаваныя — глыбы, валуны, галька, друз, жарства, жвір і сцэментаваныя — кангламераты, брэкчыі, гравеліты і інш.); пясчаныя (псаміты), пылаватыя (алеўрыты, алеўраліты), гліністыя (пеліты) пароды, а таксама мяшаныя (суглінкі і супескі). Да абломкавых горных парод належаць таксама прадукты вулканічных вывяржэнняў: вулканічны друз, попел, туфабрэкчыі і інш. Выкарыстоўваюць у буд-ве, металургічнай, шкляной, керамічнай прам-сці і інш. У рачных і марскіх пясках трапляюцца золата, плаціна, каштоўныя камяні, разнастайныя мінералы, руды каляровых, рэдкіх і радыеактыўных металаў. Абломкавыя горныя пароды пашыраны па ўсёй Беларусі. Многія з іх (пяскі, жвір і інш.) — карысныя выкапні.

т. 1, с. 27

АБЛО́МЫ АРХІТЭКТУ́РНЫЯ,

працяглыя элементы арх. пластыкі, спалучэнне якіх складае профілі (разрэзы) карнізаў, капітэляў, базаў калон. Размяшчаюцца па гарызанталі, радзей па нахіленай крывой (у архівольтах арак, на нервюрах) ці ламанай (абрамленні парталаў, вокнаў) лініі. Узбагачаюць арх. дэкор, узмацняюць вобразна-маст. выразнасць будынка. Падзяляюцца на прамалінейныя (палічка) і крывалінейныя (вал, гусёк, абцасік і інш.). Найб. пашыраны ў ордэрнай архітэктуры (гл. Ордэр). Узніклі ў класічнай архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны дойлідствам Стараж. Рыма і Візантыі, пасля — Зах. Еўропы. У сучаснай архітэктуры абломам архітэктурным адпавядаюць профілі архітэктурныя.

т. 1, с. 27

АБЛЫСЕ́ННЕ,

пляшывасць, алапецыя, парадзенне, поўнае або частковае выпадзенне (адсутнасць) валасоў. Лакалізуецца пераважна на галаве; можа быць часовым і стойкім. Пашыраная з’ява ў старэчым узросце, у перыяд старэчай інвалюцыі. Спрыяюць аблысенню нервова-псіхічныя і эндакрынныя захворванні, хваробы і пашкоджанні скуры, радыеактыўнае апрамяненне, інтаксікацыі. Прыроджанае аблысенне — у асноўным спадчынная хвароба, трапляецца рэдка; набытае аблысенне назіраецца пераважна ў мужчын, у жанчын у асноўным праяўляецца толькі парадзеннем валасоў. Адрозніваюць таксама гнездавое аблысенне — выпадзенне валасоў на адным або некалькіх абмежаваных участках скуры, татальнае — на ўсёй галаве і на інш. участках цела, рубцаватае — на змененых участках скуры (напр., пры фурункулёзе, траўмах, грыбковых хваробах і г.д.). Аблысенне бывае і ў дзяцей. На лячэнне выкарыстоўваюць сасударасшыральныя прэпараты, глюкакартыкоідныя гармоны, агульнаўмацавальныя сродкі, полівітаміны, некаторыя амінакіслоты, фізія- і іголкарэфлексатэрапію.

Г.Г.Шанько.

т. 1, с. 27

АБЛЯПІ́ХА

(Hippophae),

род кустовых і дрэвавых раслін сям. лохавых. Вядомы 3 віды, пашыраныя ў Еўразіі. На Беларусі ў канцы 19 ст. інтрадукавана абляпіха крушынападобная (H. rhamnoides), звычайная ў аматарскіх насаджэннях.

Калючыя кусты або разгалінаваныя дрэўцы, часта са скрыўленым ствалом, выш. 0,1—7, зрэдку да 15 м. Кветкі паяўляюцца разам з лісцем, дробныя, аднаполыя. Расліна двухдомная (мужчынская і жан.), таму для плоданашэння патрэбна мець у суседстве разнаполыя асобіны. Плод — несапраўдная касцянка шарападобна-авальнай формы, залаціста-жоўты або аранжавы ў жн.—верасні. Размнажэнне насеннем або вегетатыўнае. У пладах шмат вітамінаў, алей. Дэкар. расліны, як лек. сродак выкарыстоўваюць абляпіхавы алей.

т. 1, с. 27

АБЛЯПІ́ХАВЫ АЛЕ́Й,

алей з пладоў абляпіхі. Вадкасць ад светла-жоўтага да аранжава-карычневага колеру, t застывання -20 °C, шчыльн. 0,92·10​3 кг/м³, нерастваральны ў вадзе, растваральны ў арган. растваральніках. Мае ў сабе 11—12% насычаных тлустых кіслот (C16, C18), 23—42% алеінавай, 32—36% лінолевай, 14—27% ліналенавай кіслот, багаты карацінамі, караціноідамі, вітамінам Е.Антысептык, выкарыстоўваюць пры апёках, пашкоджаннях скуры, язвавых і інш. захворваннях.

т. 1, с. 28

АБЛЯ́ЦЫЯ

(ад лац. ablatio адніманне),

у гляцыялогіі — памяншэнне масы лёду і фірну ледавікоў у выніку раставання, выпарэння ці мех. выдалення (знос снегу ветрам, утварэнне айсбергаў і г.д.). Адрозніваюць падледавіковую (донную), унутраную і паверхневую абляцыю. Асн. фактары: кліматычныя, унутранае цяпло Зямлі, цёплыя крыніцы, цеплыня ад трэння ледавіка аб ложа ці састаўныя яго часткі і інш. На Беларусі абляцыя адбывалася ў антрапагенавым перыядзе на працягу зледзяненняў.

2) У тэхніцы — вынас рэчываў з паверхні цвёрдага цела патокам гарачага газу. З’яўляецца вынікам фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў цвёрдым целе пад дзеяннем аплаўлення, выпарэння, раскладання і хім. эрозіі металаў. На абляцыі заснавана абляцыйнае ахаладжэнне (цеплавая ахова) касм. лятальных апаратаў, частак ракет-носьбітаў, ракетных рухавікоў і інш., якія падвяргаюцца аэрадынамічнаму награванню пры ўваходзе ў атмасферу.

т. 1, с. 28

АБМАРАЖЭ́ННЕ,

пашкоджанне тканак арганізма ўздзеяннем нізкіх тэмператур. Абмаражэнню садзейнічаюць высокая вільготнасць халоднага паветра, слабая супраціўляльнасць арганізма, цесныя абутак і адзенне.

Адрозніваюць 4 ступені абмаражэння: 1-я — сінюшная ацёчная скура, боль і сверб; 2-я — пашкоджанне паверхневага слоя скуры, вадзяныя пухіры; 3-я амярцвенне скуры і падскурнай клятчаткі, крывяністыя пухіры; 4-я — амярцвенне мяккіх тканак і касцей. Лячэнне: 1-я і 2-я ступені — саграванне (вадзяныя ванны з т-рай 18—20 °C, потым 35—40 °C з адначасовым масажам; фізіятэрапія — сухое цяпло, кварцавае апрамяненне); 3-я і 4-я ступені — хірургічнае. Прафілактыка: загартоўванне арганізма, зручнае адзенне і абутак, своечасовая дапамога пры першых прыкметах абмаражэння.

т. 1, с. 28

АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫ па землеўладанні і землекарыстанні, сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн. дзес. (78,4%) да 4,1 млн. дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.

Літ.:

Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;

Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.

В.П.Панюціч.

т. 1, с. 28

АБМЕЖАВА́НАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

1) абмежаванне выплат страхавой кампенсацыі і страхавых сум з мэтай забеспячэння фін. устойлівасці страхавых аперацый; прадугледжана ўмовамі асобных відаў страхавання і, як правіла, закладзена ў тарыфах.

2) Абмежаванне кампенсацыі страт ад гасп. дзейнасці сумай укладзенага капіталу ў таварыствах з абмежаванай адказнасцю.

т. 1, с. 28

АБМЕ́Н у эканоміцы, узаемны абмен дзейнасцю (таварамі, паслугамі) паміж людзьмі, як правіла, на эквівалентнай аснове. Адбываецца непасрэдна ў вытв-сці (абмен вытв. дзейнасцю або загатоўкамі, паўфабрыкатамі) і ў форме абмену прадуктамі працы і паслугамі. З аднаго боку, абмен — састаўная ч. вытв. працэсу, з другога — адна з самаст. стадый грамадскага ўзнаўлення, якая спалучае вытв-сць з размеркаваннем і спажываннем.

Неабходнасць абмену абумоўлена грамадскім падзелам працы. У першабытным грамадстве звязаны з падзелам працы ўнутры абшчыны (абмен паміж абшчынамі быў выпадковы). З развіццём вытв-сці абмен набываў рэгулярны характар і асабліва пашырыўся з усталяваннем машыннай індустрыі. Са з’яўленнем грошай непасрэдны абмен тавараў (Т—Т) перарос у абарачэнне, але захаваўся ў вытв-сці, а таксама ў бартэрных здзелках (гл. Бартэр).

т. 1, с. 28