род кустовых і дрэвавых раслін сям. лохавых. Вядомы 3 віды, пашыраныя ў Еўразіі. На Беларусі ў канцы 19 ст. інтрадукавана абляпіха крушынападобная (H. rhamnoides), звычайная ў аматарскіх насаджэннях.
Калючыя кусты або разгалінаваныя дрэўцы, часта са скрыўленым ствалом, выш. 0,1—7, зрэдку да 15 м. Кветкі паяўляюцца разам з лісцем, дробныя, аднаполыя. Расліна двухдомная (мужчынская і жан.), таму для плоданашэння патрэбна мець у суседстве разнаполыя асобіны. Плод — несапраўдная касцянка шарападобна-авальнай формы, залаціста-жоўты або аранжавы ў жн.—верасні. Размнажэнне насеннем або вегетатыўнае. У пладах шмат вітамінаў, алей. Дэкар. расліны, як лек. сродак выкарыстоўваюць абляпіхавы алей.
Абляпіха крушынападобная: 1 — парасткі жаночай расліны (а — з суквеццямі, б — з пладамі); 2 — парасткі мужчынскай расліны (а — з суквеццямі, б — прырост бягучага года).