Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАШКЕ́ВІЧ (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 12.8.1939, в. Зацішша Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1994), праф. (1995). Скончыў БПІ (1967). З 1967 у Магілёўскім машынабуд. ін-це (у 1977—84 і з 1988 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах распрацоўкі новых тыпаў планетарных шарыкавых і ролікавых перадач і тэхнал. метадаў павышэння іх тэхн. ўзроўню.

Тв.:

Новые виды планетарных шариковых и роликовых редукторов. Мн., 1990;

Планетарные шариковые и роликовые редукторы и их испытания. Мн., 1992 (разам з В.​В.​Герашчанкам).

т. 12, с. 247

ПАШКЕ́ВІЧ (Нічыпар Еўдакімавіч) (н. 12.12.1924, в. Філістава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1970). Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948), Віцебскі пед. ін-т (1951), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1960). Працаваў у рэдакцыях газет (у 1961—69 рэд. газ. «Літаратура і мастацтва»), з 1974 нам. дырэктара Ін-та л-ры АН Беларусі, у 1979—87 гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1943. Аўтар кніг пра пасляваен. бел. прозу «На шырокіх шляхах жыцця» (1965, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), «На эпічным напрамку» (1969), артыкулаў пра творчую індывідуальнасць А.​Адамовіча, Я.​Брыля, І.​Мележа, І.​Навуменкі і інш.

Н.Е.Пашкевіч.

т. 12, с. 247

ПАШКЕ́ВІЧ (Сцяпан Апанасавіч) (н. 27.3.1921, г. Полацк Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). З 1940 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў 1943, вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Югаславіі, Аўстрыі. Камандзір аддзялення асобнага матарыз. пантонна-маставога батальёна сяржант П. вызначыўся ў снеж. 1944 пры пераправе цераз Дунай (на тэр. Венгрыі) некалькіх падраздзяленняў з тэхнікай. Да 1993 у нар. гаспадарцы.

С.А.Пашкевіч.

т. 12, с. 247

ПАШКЕ́ВІЧ Ян Казімір, бел. паэт 1-й пал. 17 ст. Біягр. звестак не захавалася. Паходзіў, відаць, са шляхецкага роду герба «Радван» з Ашмяншчыны. Вядомы адзіны яго верш «Полска квітнет лаціною...» (датаваны 1621, апубл. 1842), у якім выявіліся асаблівасці сілабатанічнага вершаскладання. Твор Н. — узор грамадз., патрыят. лірыкі. Паэт адзначае ролю роднай мовы ў грамадскім і культ. жыцці Вял. кн. Літ., ганарыцца міжнар. славай свайго народа, верыць у яго бессмяротнасць. Як сведчаць змест, паэт. форма і мова верша, аўтар быў чалавекам свецкім, высокаадукаваным, патрыятычна настроеным бел. шляхціцам або мешчанінам. Твор захаваўся ў Слуцім спісе Статута ВКЛ 1529. У ім змешчана яшчэ 5 аўтографаў паэта, а таксама запісы інш. асоб, якія сведчаць, што ў 1-й пал. 17 ст. рукапіс бытаваў у Вільні, дзе, напэўна, і быў напісаны верш.

Літ.:

Грынчык М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 48—50;

Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982. С. 23—29.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 247

ПА́ШКІН (Пётр Іванавіч) (14.8.1888, в. Малая Князеўка Калінінскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 3.4.1960),

удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Бакінскае мараходнае вучылішча (1908). З 1909 на Чарнаморскім і Каспійскім флатах. У 1-ю сусв. вайну на Чарнаморскім і Каспійскім флатах. Удзельнік лядовага паходу Балт. флоту (1918) з Гельсінгфорса ў Кранштат. З вясны 1919 на Зах. фронце. У жн.вер. 1919 нач. Прыпяцкай ваеннай флатыліі, удзельнік баёў за Тураў, Давыд-Гарадок, Петрыкаў. З кастр. 1919 у Дняпроўскай ваеннай флатыліі (Гомель). Пасля грамадз. вайны на Чарнаморскім флоце. У 1930—47 на адм. рабоце ў гандл. флоце СССР.

т. 12, с. 247

ПА́ШКІН (Юрый Андрэевіч) (28.6.1933, г. Новая Ляля Свярдлоўскай вобл., Расія — 8.9.1992),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1975). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1955). З 1969 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследаваў гісторыю рус. дарэв. т-ра ў Беларусі, міжнац. тэатр. сувязі, пытанні развіцця рус. і дзіцячага драм. т-раў Беларусі і інш. Аўтар працы «Рускі драматычны тэатр у Беларусі XIX ст.» (1980), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87).

Тв.:

Утварэнне прафесіянальнага рускага драматычнага тэатра ў Беларусі (канец XVIII ст. — 1863 г.) // Весці АН БССР. Сер. грамад навук. 1970. № 4;

Драмагургія А.​М.​Асгроўскага ў рускіх тэатрах Беларусі ў другой палове XIX ст. (1860—1890 гг.) // Там жа. 1974. № 2;

Да пытання аб вывучэнні тэатральнай культуры дакастрычніцкай Беларусі (відовішчна-забаўная драматургія ў рэпертуары рускага тэатра 1864—1900 гг.) // Там жа. 1977. № 3.

Л.​А.​Лявонава.

т. 12, с. 247

ПАШКО́Ў (Генадзь Пятровіч) (н. 23.3.1948, в. Ліпавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт і публіцыст. Чл.-кар. Міжнар. Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1996). Скончыў БДУ (1971). Працаваў на Бел. радыё, з 1972 у час. «Полымя» (з 1975 адказны сакратар, з 1979 намеснік гал. рэдактара), з 1989 у апараце ЦК КПБ, з 1991 нам. гал. рэдактара час. «Тэатральная Беларусь», гал. рэдактар «Цэнтральнай газеты». З 1996 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкуецца з 1967. У паэт. зб-ках «Кляновік» (1975), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990) і інш. роздум пра будучыню, гісторыю і культуру роднага краю, сэнс чалавечага існавання, складанасць часу, асэнсаванне ўбачанага ў інш. краінах, заклапочанасць лёсам прыроды, тэма кахання. Паэзіі П. ўласцівы грамадз. пафас, філасафічнасць, асацыятыўнасць, спавядальнасць, разнастайнасць рытміка-інтанацыйных і вобразных сродкаў, багацце моўнай палітры. Лірыка-дакумент. дзённік «Палескія вандроўнікі» (1998) — своеасаблівая падарожная трылогія, жывая гісторыя палескай зямлі, яе людзей, прыроды; дарожныя запісы «Дарога да акіяна» пра Паўд. Карэю. Аўтар кнігі нарысаў «Будзень як свята» (1977), сцэнарыя дакумент. фільма «Я так люблю зямлю...» (паст. 1978) і інш. Піша для дзяцей: зб-кі «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1992), «Зорнае поле» (1999). Перакладае з інш. моў. За кнігі паэзіі «Чырвоны жаваранак» (1977, пер. на рус. мову І.​Бурсава) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Крокі: Вершы, паэма. Мн., 1988;

Журавінавы востраў. Мн., 1998.

Літ.:

Панчанка П. Звонкі і чысты голас // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 4;

Хвалей Я. Жаваранак маладой трывогі // Маладосць. 1982. №1;

Марціновіч А. Без заспакоенасці // Там жа. 1984. № 4.

А.​В.​Спрынчан.

Г.П.Пашкоў.

т. 12, с. 248

ПА́ШПАРТ (франц. passeport ад passe праход + port гавань),

афіцыйны дакумент, які сведчыць асобу і грамадзянства яго ўладальніка. Паводле палажэння аб пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай урада ад 14.7.1993, П. выдаецца асобам, якія дасягнулі 16 гадоў і пражывалі на тэр. краіны на дзень прыняцця закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (18.10.1991) або набылі грамадзянства ва ўстаноўленым парадку. П. утрымлівае фотакартку, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, дату і месца нараджэння, звесткі пра пол прад’яўніка, сямейнае становішча, месца жыхарства і інш., ідэнтыфікацыйны нумар. Са згоды грамадзяніна ў яго П. можа быць унесены запіс пра групу і рэзус-фактар крыві. П. сведчыць асобу грамадзяніна ў межах краіны і за мяжой. Запісы зроблены на бел., рус. і англ. мовах. Апрача агульнаграмадзянскага П. існуюць дыпламат. і службовыя П.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 248

ПА́ШПАРТНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць правіл, якія рэгулююць парадак уліку і перамяшчэння насельніцтва пры дапамозе ўвядзення адзінага дакумента, што сведчыць асобу, — пашпарта. Упершыню П.с. ўведзена ў СССР пастановай ЦВК і СНК 27.12.1932. Асн. прынцыпы, якія выкладзены ў палажэнні аб П.с., зацверджаным пастановай СМ СССР 28.8.1974, захоўваюцца ў некаторых краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Парадак пашпартызацыі насельніцтва Беларусі рэгламентуецца адпаведным палажэннем, зацверджаным пастановай урада Рэспублікі Беларусь ад 14.7.1993 і ўнесенымі ў яго наступнымі зменамі і дапаўненнямі. Пашпарт пэўнага ўзору і зместу належыць прапісцы па месцы жыхарства грамадзяніна. Кантроль за выкананнем патрабаванняў П.с. ўскладзены на органы міліцыі. Парушальнікі П.с. прыцягваюцца да адм. адказнасці.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 248

ПАШТО́ВАЯ СУ́ВЯЗЬ,

гл. Пошта.

т. 12, с. 248