Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАШАЛЫ́К (paşalik),

правінцыя або вобласць (эялет, санжак) у Асманскай імперыі пад кіраваннем пашы.

т. 12, с. 246

ПА́ШКАЎСКІ БОЙ 1943,

бой партызан 6-й Магілёўскай брыгады з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Пашкава Магілёўскага р-на 11.2.1943 у Вял. Айч. вайну. У вёсцы размяшчаўся ням. гарнізон з 53-м паліцэйскім батальёнам. Пасля папярэдняй падрыхтоўкі партызаны на чале з нач. штаба брыгады С.Г.Сідарэнкам-Салдаценкам праніклі ў размяшчэнне гарнізона, блакіравалі ўсе выхады з казармы, афіцэрскія будынкі, раззброілі салдат, знішчылі старшых афіцэраў, захапілі каравульнае памяшканне, шмат зброі, патронаў, медыкаментаў і інш. маёмасці. 180 салдат батальёна перайшлі да партызан.

т. 12, с. 246

ПАШКЕ́ВІЧ Алаіза Сцяпанаўна, сапр. прозвішча Цёткі.

т. 12, с. 246

ПАШКЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; н. 11.9.1972, в. Набушава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1998). Скончыў БДУ (1994). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», часопісах «Першацвет» і «Нёман». З 1998 у БДУ. Друкуецца з 1989. Метафарычная, узвышаная паэзія П. напоўнена роздумам над складанымі пытаннямі нашага часу (зб. «Нябесная сірвента», 1994). У рамане-дакуменце «І дам табе вянок жыцця» (2000) расказаў пра малавядомыя старонкі нац.-адраджэнскага і літ.-грамадскага руху на Беларусі і па-за яе межамі ў 1916—46. Даследуе бел. паэзію 1920-х г., л-ру бел. замежжа.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 246

ПАШКЕ́ВІЧ (Анатоль Паўлавіч) (н. 14.12.1954, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне робататэхнікі. Д-р тэхн. н. (1996), праф. (1998). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1977). З 1977 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па метадах і алгарытмах шматкрытэрыяльнага сінтэзу маніпуляцыйных і кіроўных сістэм прамысл. робатаў. Распрацаваў спец. прылады для сістэм лічбавага праграмнага кіравання робатаў.

Тв.:

Применение управляющих вычислительных машин. Мн., 1988 (у сааўт.);

Автоматизированное проектирование промышленных роботов и робототехнологических комплексов для сборочно-сварочных производств. Мн., 1996.

т. 12, с. 246

ПАШКЕ́ВІЧ (Валянціна Мікалаеўна) (н. 5.2.1916, г. Казельск Калужскай вобл., Расія),

бел. педагог і лексікограф. Вучылася ў Віленскім ун-це (1935—39). У 1942 вывезена на работы ў Германію, з 1946 у бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце каля Браўншвайга. З 1949 у Таронта (Канада). Займалася выкладчыцкай працай. Склала «Першую чытанку пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў» (Кліўленд, 1968). Аўтар падручніка «Беларуская мова» (т. 1—2, Таронта, 1974—78) — адзінага сістэматычнага і найб. поўнага курса бел. мовы для навуч. мэт па-за межамі Беларусі. У дадатку да падручніка змешчаны бел.-англ. і англа-бел. слоўнікі (кожны да 9 тыс. лексічных адзінак). Падрыхтавала вял. (каля 50 тыс. слоў) «Ангельска-беларускі слоўнік». Апублікавала арт. «Навучаньне беларускае мовы ў англамоўным асяроддзі» (1983).

Р.​М.​Жук-Грышкевіч.

т. 12, с. 246

ПАШКЕ́ВІЧ (Васіль Васілевіч) (10.1. 1857, в. Сямёнавічы Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 14.7.1939),

бел. і расійскі вучоны ў галіне пладаводства, адзін з заснавальнікаў навук. садоўніцтва на Беларусі. Акад. УАСГНІЛ (1935). Д-р біял. і с.-г. навук (1934). Скончыў Пецярб. ун-т (1882). З 1894 у дэпартаменце земляробства Мін-ва земляробства і дзярж. маёмасцей, з 1922 праф. Ленінградскага с.-г. ін-та. Навук. працы па вывучэнні пладовых культур і іх роданачальных форм, біялогіі цвіцення і плоданашэння, падборы апыляльнікаў. У 1926—31 кіраваў абследаваннем садоў на Беларусі, зборам і сістэматызаваннем мясц. сартоў. Даў пачатак пародасартавому раянаванню пладова-ягадных культур, культываванню лек. раслін на Беларусі.

Тв.:

Избр. соч. по плодоводству. М., 1959.

В.В.Пашкевіч.

т. 12, с. 247

ПАШКЕ́ВІЧ ((Paszkiewicz) Генрык) (10.3. 1897, г. Лодзь, Польшча — 8.12.1979),

польскі гісторык. Чл.-кар. Польскай АН у Кракаве (1945), д-р габілітаваны (1927), праф. надзвычайны (1939). Вучыўся ў Варшаўскім ун-це, з 1928 выкладаў у ім, адначасова ў 1934—39 выкладчык, пасля заг. кафедры сярэдневяковай гісторыі Вольнага польскага ун-та ў Варшаве. Удзельнік Польскай кампаніі 1939, да 1945 вязень канцлагера Мурнаў. З 1948 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У 1948—69 узначальваў кафедру сярэдневяковай гісторыі Польскага ун-та ў замежжы. Працы па гісторыі ВКЛ, палітыцы Польшчы ў адносінах да Літвы, Беларусі, Украіны і Расіі перыяду феадалізму: «Руская палітыка Казіміра Вялікага» (1925), «Ягелоны і Масква. Т. 1. Літва і Масква ў XIII і XIV ст.» (1933), «Утварэнне рускай нацыі» (1963) і інш. Склаў на лац. мове і выдаў «Рэгесты крыніц да гісторыі Літвы са старажытных часоў да уніі з Польшчай. Т. 1. Да 1315 г.» (1930).

т. 12, с. 247

ПАШКЕ́ВІЧ (Людміла Антонаўна) (н. 19.3.1946, Мінск),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1997), праф. (2000). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1968). З 1975 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі (з 1996 нам. дырэктара). Навук. працы па захворваннях і пашкоджаннях апорна-рухальнага апарату, касцявой анкалогіі.

Тв.:

Особенности диагностики опухолей позвоночника // Мед. новости. 1996. № 11;

Диагностика опухолей позвоночника (разам з І.​Р.​Варановіч) // Вестн. травматологии и ортопедии. 1997. № 3.

т. 12, с. 247

ПАШКЕ́ВІЧ (Мікалай Арсенавіч) (20.5. 1936, в. Гарадзішча Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.3.1972),

бел. літаратуразнавец, краязнавец, педагог. Скончыў БДУ (1963). Працаваў настаўнікам, нам. дырэктара Сваткаўскай СШ Мядзельскага р-на. Узначальваў літаб’яднанне пры газ. «Нарачанская зара» (г. Мядзел). Пісаў вершы, літ.-знаўчыя артыкулы. Выдаў кн. «З вопыту работы літаратурнага гуртка...» (1968) пра работу школьнага гуртка бел. л-ры, у пасяджэннях якога прымалі ўдзел бел. пісьменнікі (Я.​Брыль, В.​Быкаў, У.​Караткевіч, І.​Навуменка, М.​Танк і інш.). Памяці П. прысвечаны аповесць Быкава «Абеліск», верш А.​Лойкі «Каліны», карціна А.​Пупко «Памяць», раздзел экспазіцыі ў Мядзельскім музеі народнай славы.

Літ.:

Жук В. Сцежка застаецца людзям // Маладосць. 1981. № 9.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 12, с. 247