Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАРТАКРА́ТЫЯ,

1) палітычны лад, пры якім вярхоўная паліт. і заканадаўчая ўлада, выканаўчыя органы і кіраванне гаспадаркай належаць і падпарадкоўваюцца адзінай партыі, якую, як лічыцца, падтрымлівае ўвесь народ.

2) Вузкі слой парт. бюракратыі, якая фактычна сканцэнтроўвае ў сваіх руках уладу ў партыі і ў краіне.

т. 12, с. 102

ПАРТА́Л (ням. Portal ад лац. porta уваход, вароты),

архітэктурнае абрамленне дзвярнога праёма (пераважна ў манум. грамадскіх, культавых і інш. будынках). Вядомы са старажытнасці. Для архітэктуры Стараж. Егіпта і антычнасці характэрны простыя па аздабленні П. з плоскімі перамычкамі, для стараж. Месапатаміі — арачныя П., на Б. і Д. Усходзе былі пашыраны прамавугольныя П. з нішамі — піштакі. З 11 ст. ў раманскай, гатычнай і стараж.-рус. архітэктуры пашырыліся арачныя, т.зв. перспектыўныя (звужаныя ўглыб), П., аформленыя ў выглядзе ўступаў, у вуглах якіх размяшчаліся калонкі, злучаныя архівольтамі. Рэнесансавыя і барочныя П. звычайна аздаблялі пілястрамі, калонамі, якія неслі антаблемент або франтон. Часта П. ўпрыгожвалі скульптурай, разьбой, лепкай, размалёўкай, кафляй.

Тыпы парталаў.
Партал касцёла кармелітаў у г. Глыбокае Віцебскай вобл. 17 ст.

т. 12, с. 103

ПАРТАЧЫ́,

рамеснікі на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 16—18 ст., якія не ўваходзілі ў цэхі. Пазней П. сталі называць рамеснікаў нізкай прафесійнай кваліфікацыі.

т. 12, с. 103

ПАРТВЕ́ЙН (ням. Portwein ад назвы г. Порту + ням. Wein віно),

моцнае вінаграднае віно, прыгатаванае спіртаваннем спіртам-рэктыфікатам часткова зброджанага вінаграднага сусла з мязгой. Мае 17—19 аб’ёмных працэнтаў спірту, 5—13% цукру. Выпускаюць П. белы (колер ад светла-залацістага да залацістага) і чырвоны (ад светла- да цёмна-чырвонага). Асаблівасць атрымання — працэс партвейнізацыі: награванне вінаматэрыялу ў бочках на працягу 2—3 летніх сезонаў і далейшая вытрымка яго 1—1,5 года. Найлепшыя гатункі П. вырабляюць у Партугаліі («Порта Калхейта», «Порта Барас» і інш.). У краінах СНД шырока вядомыя П. «Лівадзія», «Масандра», «Кокур», «Крымскі» (Украіна), «Айгешат» (Арменія), «Карданахі» (Грузія), «Кізляр» (Расія).

К.​В.​Фамічэнка.

т. 12, с. 103

ПАРТЛАНДЦЭМЕ́НТ [ад назвы п-ва Портленд (Вялікабрытанія)],

найбольш пашыраны ў буд-ве від цэменту, які складаецца ў асн. з гідрасілікатаў кальцыю. Атрымліваецца сумесным тонкім здрабненнем клінкеру, невял. колькасці (1—3%) гіпсу і мінер. дабавак (да 10%). Акрамя звычайнага, П. бывае хуткацвярдзеючы, пластыфікаваны. гідрафобны, сульфатаўстойлівы, белы, каляровы і інш. Выкарыстоўваецца для прыгатавання бетону, буд. раствораў.

т. 12, с. 103

ПАРТНЁРСТВА ДЗЕ́ЛЯ МІ́РУ (ПДМ),

ваенна-палітычная праграма НАТО, дэклараваная мэта якой — умацаванне стабільнасці і бяспекі на Еўрап. кантыненце. Прынята на сесіі НАТО (1994). У ПДМ удзельнічаюць 46 дзяржаў (2000), у т. л. Рэспубліка Беларусь. Праграма накіравана на развіццё ваен. супрацоўніцтва паміж НАТО і дзяржавамі-партнёрамі, паглыбленне ўзаемадзеяння, павышэнне аператыўнай сумяшчальнасці ўзбр. сіл, забеспячэнне транспарэнтнасці працэсаў нац. ваен. планавання, фарміраванне ваен. бюджэту і развіццё дэмакр. кантролю над узбр. сіламі. Рабочы орган — Ваен.-паліт. кіраўнічы к-т. Ваен. аспекты супрацоўніцтве ў рамках ПДМ забяспечвае Рабочая група па ваен. супрацоўніцтве, якая з’яўляецца кансультатыўным органам Ваен. к-та НАТО. Пункт па каардынацыі партнёрства (размешчаны ў г. Монс, Бельгія) ажыццяўляе планаванне і падтрымку ўзаемадзеяння НАТО з дзяржавамі-партнёрамі, каардынуе іх сумесную ваен. дзейнасць. Складаецца з ваеннаслужачых НАТО і прыкамандзіраваных афіцэраў з дзяржаў-партнёраў. З 1997 усе дзяржавы-партнёры з’яўляюцца чл. Савета еўраатл. партнёрства, а некаторыя з іх удзельнічаюць у т.зв. пашыранай і больш аператыўнай ПДМ, якая прадугледжвае паглыбленае супрацоўніцтва альянсу з асобнымі дзяржавамі-партнёрамі. Дзяржава, што жадае далучыцца да ПДМ, падпісвае Рамачны дакумент, які вызначае асн. прынцыпы супрацоўніцтва, і прадстаўляе ў штаб-кватэру НАТО Прэзентацыйны дакумент (Рэспубліка Беларусь прадставіла ў лют. 1996), у якім вызначае фармат свайго супрацоўніцтва ў рамках ПДМ і вылучаныя для гэтага сілы і сродкі. У адпаведнасці з гэтым дакументам кожная дзяржава рыхтуе Індывідуальную праграму партнёрства (ІПП), якая разлічана на 2 гады і штогод удакладняецца. Дзяржава-партнёр можа на двухбаковай аснове падпісваць з НАТО Пагадненне, якое вызначае прававы статус знаходжання замежных вайск. кантынгентаў на нац. тэрыторыі. У сувязі з дзеяннямі НАТО супраць Югаславіі Рэспубліка Беларусь прыпыніла свой удзел у ПДМ.

С.​Г.​Іваноў.

т. 12, с. 103

ПАРТНО́ВА (Зінаіда Мартынаўна) (20.2.1926, С.-Пецярбург, Расія — студз. 1944),

удзельніца камсам. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1958). З 1942 чл. к-та Обальскага камсамольска-маладзёжнага падполля. Распаўсюджвала лістоўкі, удзельнічала ў дыверсіях на цагельным з-дзе, электрастанцыі і вадакачцы чыг. ст. Обаль і інш. Разведчыца партыз. атрада імя Варашылава: пранікала ў варожыя гарнізоны і здабывала каштоўныя звесткі. У снеж. 1943 пасля выканання чарговага задання схоплена фашыстамі. На допыце застрэліла афіцэра. Закатавана.

З.М.Партнова.

т. 12, с. 103

ПАРТНО́Ў (Аляксандр Сталіевіч) (н. 17.9.1961, Баку),

бел. спартсмен (скачкі ў ваду). Засл. майстар спорту СССР (1980). У 1996—2000 старшы трэнер рэзерву нац. зборнай каманды Беларусі па скачках у ваду. Чэмпіён XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) у скачках з 3-метровага трампліна. Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы сярод моладзі (1976, Нарвегія) у скачках з трампліна і чэмпіянату свету (1982). Чэмпіён Еўропы (1981, г. Спліт, Югаславія). Чэмпіён СССР (1988).

т. 12, с. 103

Партноў Юрый Валянцінавіч

т. 18, кн. 1, с. 438

ПАРТО́НЫ [ад лац. pars (partis) частка],

гіпатэтычныя часціцы (ці квазічасціцы), элементы структуры адронаў. Гіпотэза аб існаванні П. выказана Р.Ф.Фейнманам (1969) для тлумачэння вынікаў эксперыментаў па глыбока няпругкім рассеянні часціц (рассеянні з вял. перадачай імпульсу другасным часціцам). Існуе меркаванне, якое атаясамлівае П. з віртуальнымі кваркамі.

т. 12, с. 103