Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЦЫФІ́ЗМ (ад лац. pacificus міратворчы),

антываенны міратворчы рух, які выступае супраць усіх войнаў, за раззбраенне. У аснове П. гуманіст. ідэя аб усеагульным братэрстве людзей. Асн. форма барацьбы за мір — перакананне і асабісты прыклад. Пацыфісты вядуць прапаганду, пераконваюць улады вырашаць ваен. праблемы шляхам перагавораў, адмаўляюцца ўдзельнічаць у любых насільных актах, арганізуюць масавыя акцыі, накіраваныя на мірнае ўрэгуляванне канфліктаў. П., які зыходзіць не столькі з рэальнай паліт. практыкі, колькі з гуманіст. ідэалаў, нясе на сабе пэўны адбітак утапізму. Ен пашыраны ў розных пластах насельніцтва пераважна ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі: інтэлігенцыі, рэліг. настроеных міратворцаў, моладзі і інш. Першыя пацыфісцкія арг-цыі ўзніклі ў ЗША (1815) і Вялікабрытаніі (1816) як рэакцыя на напалеонаўскія і англа-амерыканскую (1812—14) войны. У 1848 адбыўся 1-ы міжнар. кангрэс пацыфістаў у Бруселі. Найб. развіцця П. дасягнуў у 1880—90-я г. Шматлікія міжнар. кангрэсы пацыфістаў заклікалі ўрады ўсіх краін да забароны войнаў, усеагульнага раззбраення і вырашэння міжнар. канфліктаў шляхам прымусовых трацейскіх судоў. Спробай увасобіць некаторыя ідэі П. стала дзейнасць Лігі Нацый (1919—46). Пасля 2-й сусв. вайны некаторыя пацыфісцкія арг-цыі ўключыліся ў Рух прыхільнікаў міру. У розныя часы віднымі дзеячамі П. былі або падзялялі яго ідэалы пісьменнікі Б. фон Зутнер, Л.М.Талстой, А.Барбюс, палітыкі М.К.Гандзі, М.Л.Кінг і інш. Гал. вынік дзейнасці П. да канца 20 ст. ў тым, што ідэя мірнага вырашэння паліт. праблем заняла трывалыя пазіцыі ў свеце, міратворчы рух, які ўключае П., аказвае значны ўплыў на глабальную палітыку.

Літ.:

Пацифизм в истории: Идеи и движения мира. М., 1998.

т. 12, с. 243

ПАЦЬЕ́ ((Pottier) Эжэн) (4.10.1816, Парыж — 6.11.1887),

французскі паэт-песеннік. Удзельнік і чл. Парыжскай камуны 1871. У 1871—80 у эміграцыі ў Англіі і ЗША. Літ. дзейнасць пачаў у 1830 у час рэв. падзей у Францыі. Аўтар «Інтэрнацыянала» (1871, апубл. 1877; пакладзены на муз. П.​Дэгейтэрам, 1888), паэм «Парыжская камуна», «Рабочыя Амерыкі — рабочым Францыі», «Партыя рабочых» (усе 1877), паэт. зб-каў «Юная муза» (1831), «Сацыяльна-эканамічныя вершы і сацыялістычныя рэвалюцыйныя песні», «Дык хто ж вар’ят?» (абодва 1884), «Рэвалюцыйныя песні» (1887). Яго вершы па форме і змесце — паліт. маніфесты, адметныя дынамізмам, экспрэсіўнасцю, спалучэннем патэтыкі і пафаснасці з сатырай і гратэскам. У сваёй творчасці сумясціў традыцыі П. Беранжэ і В.​Гюго. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі Я.​Купала, А.​Александровіч, Я.​Семяжон.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Паэты Парыжскай камуны. Мн., 1971;

У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;

Рус. пер. — Избранное. М., 1950;

Песни. Стхи. Поэмы. 2 изд. М., 1971.

Е.​А.​Лявонава.

т. 12, с. 243

ПАЦЭ́Я рака ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Касалянка (бас. Дняпра). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 117 км². Пачынаецца на паўн. ускраіне в. Церахоўка, вусце за 2 км на ПнУ ад в. Прудок. Рэчышча каналізаванае. Каля в. Лебядзёўка плаціна і сажалка (пл. 27,3 га).

т. 12, с. 243

ПАЦЯРПЕ́ЛЫ ў праве,

асоба, якой злачынствам нанесена маральная, фізічная або матэрыяльная шкода. Паводле крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, асоба, якая прызнана П., мае права даваць следчаму і суду паказанні па справе, прадстаўляць доказы, заяўляць хадайніцтвы, знаёміцца з матэрыяламі справы пасля заканчэння папярэдняга следства, прымаць удзел у судовым разглядзе і карыстацца інш. працэсуальнымі правамі, а таксама абскарджваць прыгавор, вызначэнне суда або пастановы суддзі.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 243

«ПАЦЯРУ́ХА»,

бел. нар. танец, блізкі да «трасухі». Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Выконваецца 4 парамі. Дзяўчаты, патрэсваючы корпусам і размахваючы рукамі, на пятках вырабляюць розныя па, а потым нібы плывуць насустрач сваім партнёрам, якія танцуюць на насках дробнымі крокамі і тупаюць нагамі. Потым усе разам, пераплёўшы рукі, утвараюць кругі і рухаюцца то ў адзін, то ў другі бок. Зафіксаваны ў 19 ст. у в. Сіняўка (Клецкі р-н, Мінскай вобл.).

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 12, с. 243

ПАЦЯРУ́ХА (Сцяпан Піліпавіч) (27.8. 1904, в. Калядзічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.3.1982),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1953). За ўдзел у стварэнні арг-цыі КПЗБ у Палескім ваяв. ў 1925—27 зняволены ў турму. З 1928 сакратар Пружанскага падп. райкома КПЗБ. Адзін з кіраўнікоў забастоўкі лесарубаў Белавежскай пушчы (1932). У 1932—37 зняволены ў турму, у 1938—39 у Бяроза-Картузскі канцлагер. У Вял. Айч. вайну нам. упаўнаважанага ЦК КП(б)Б па Брэсцкай вобл. чл. Брэсцкага падп. абкома, сакратар Пружанскага падп. райкома КП(б)Б. У чэрв.ліп. 1943 камісар партыз. брыгады імя Панамарэнкі Брэсцкай вобл. Пасля вайны на парт. рабоце ў Брэсцкай вобл. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1940—46.

М.​П.​Клімец.

т. 12, с. 244

ПАЦЯРЫ́К (грэч. Paterikon ад patēr бацька),

агульная назва зборнікаў дыдактычных навел пра жыццё і аскетычныя подзвігі хрысціянскіх манахаў і пустэльнікаў, а таксама збораў іх павучальных выказванняў. Блізкія да літ. традыцыі жыцій святых, але ў адрозненне ад іх абмяжоўваліся найб. займальнымі і дыдактычнымі эпізодамі біяграфіі падзвіжніка. Падзяляюцца на жыццяпісы падзвіжнікаў (Егіпецкі, Рымскі, Сінайскі П.), пераважна апавяд. характару, і іх выказванні і павучанні (Алфавітны, Іерусалімскі, Скіцкі П.), пераважна павучальна-афарыстычнага характару. На слав. глебе складзены вялікі Зводны П. (14 ст.) і Афонскі П. Грэч. П. перакладзены паўд. славянамі на стараслав. мову і з 11—12 ст. перайшлі ў стараж.-рус. л-ру. На Русі П. атрымалі шырокае развіццё і паўплывалі на шэраг літ. помнікаў (напр., «Жыціе Феадосія Пячэрскага»), Шматлікія навелы П. ўвайшлі ў склад «Пралога», «Міней-Чэцій», «Сінодыкаў». На ўзор перакладных на Русі створана шмат мясц. П., з якіх найб. выдатны «Кіева-Пячэрскі пацярык». Навелы П. маюць пэўнае гіст.-літ. значэнне, адыгралі станоўчую ролю ў развіцці апавяд. прозы ўсх. славян.

Публ.: Синайский патерик: [Текст и палеогр. описание]. М., 1967.

т. 12, с. 244

ПАЧА́ЕВІЧЫ,

вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Лукомка, на аўтадарозе Чашнікі—Новалукомль. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 7 км на Пд ад горада і 4 км ад чыг. ст. Чашнікі, 102 км ад Віцебска. 311 ж., 126 двароў (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 244

ПАЧА́НІН (Сцяпан Захаравіч) (н. 25.4.1913, с. Ківаць Кузаватаўскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1968), праф. (1969). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1944), Мінскі пед. ін-т (1952). З 1946 у апараце ЦК КП(б)Б, у 1955—85 нам. дырэктара Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Распрацоўвае праблемы гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, сацыяліст. будаўніцтва, патрыят. падполля ў Вял. Айч. вайну на Беларусі. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі» (ч. 1, 2-е выд. 1968), «Гісторыі грамадзянскай вайны ў СССР» (т. 3, 1958), кн. «Вялікі Кастрычнік» (1958), кіраўнік аўтарскага калектыву і рэдактар кн. «У памяці народнай» (1969), складальнік і рэдактар дакумент. публікацый, у т. л. «Пісьмы працоўных Беларусі У.​І.​Леніну» (2-е выд. 1969), «Жыццё, адданае народу» (1978).

Тв.:

В грозовом восемнадцатом. Мн., 1969;

Историей обреченные. Мн., 1977;

Большевики Белоруссии в борьбе за победу Советской власти // Великий Октябрь — торжество идей марксизма-ленинизма. Мн., 1970.

т. 12, с. 244

ПАЧА́ПАВА, Почапава,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пачапаўка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 43 км на ПнЗ ад г. Баранавічы, 240 км ад Брэста, 8 км ад чыг. ст. Моўчадзь. 284 ж., 121 двор (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 244