Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ АБЛАСНА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА́РТЫІ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАЎ,

рэгіянальнае аб’яднанне мясц. камітэтаў і груп партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР, эсэраў) Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Смаленскай і паўн.-ўсх. часткі Чарнігаўскай губ. Утварылася на з’ездзе прадстаўнікоў Беластоцкай, Бранскай, Віленскай, Віцебскай, Гомельскай, Дзвінскай, Мінскай і Смаленскай арг-цый у крас. 1904. Праграмныя пазіцыі апублікаваны ў ліп. 1904 у адозве «Да ўсіх»: заваяванне паліт. правоў; права нацый на самавызначэнне; правядзенне ідэй сацыялізму сярод сялян і рабочых; замена рэв. шляхам капіталіст. ладу сацыялістычным. У арг-цыі меўся ўхіл да максімалізму і анархізму. Дзейнасць мясц. арг-цый ПСР у зах. губернях у 1904 і першыя месяцы рэвалюцыі ў 1905 абмяжоўвалася выданнем і распаўсюджаннем лістовак, інш. парт. л-ры, правядзеннем сходаў, зборам сродкаў на патрэбы рэв. дзейнасці. Летам 1905 іх дзейнасць пашырылася ў вёсцы. Уплыў у гарадах (асабліва сярод чыгуначнікаў) стаў прыкметным у час кастр. і снеж. паліт. стачак, калі іх прадстаўнікі ўваходзілі ў кааліцыйныя міжпарт. к-ты і стачачныя камісіі, якія кіравалі масавымі выступленнямі працоўных у Мінску, Гомелі, Пінску, інш. гарадах і на чыг. станцыях. У гэты час узмацнілася тэрарыст. дзейнасць эсэраў. Пасля I з’езда ПСР (29.12.1905—4.1.1906) мясц. арг-цыі разгарнулі агітацыю за байкот выбараў у 1-ю Дзярж. думу і неабходнасць звяржэння царызму рэв. шляхам. Паўн.-Зах. абл. арг-цыя распалася з наступленнем перыяду паліт. рэакцыі.

Літ.:

Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февр. 1917 г.). Мн., 1994;

Зіміонка А. Сацыялістычны рух на Беларусі. II. Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў // Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэв. руху. Мн., 1994.

М.​В.​Біч.

т. 12, с. 215

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ АПЕРАТЫ́ЎНАЯ ГРУ́ПА ЦК КП(б)Б.

Створана паводле пастановы ЦК КЛ(б)Б ад 20.3.1942 для кіраўніцтва патрыят. падполлем і партыз. рухам на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Складалася з парт., сав. і камсам. работнікаў на чале з сакратаром ЦК КП(б)Б Р.​Б.​Эйдзінавым. Размяшчалася ў в. Шэйна Таропецкага р-на Калінінскай вобл. (Расія) і абапіралася на дапамогу ваен. саветаў 3-й і 4-й ударных армій, узаемадзейнічала са штабамі гэтых армій і Калінінскага фронту. Асн. задачы групы: наладжванне сувязей з падполлем і партыз. фарміраваннямі, што дзейнічалі ў Віцебскай і паўн. раёнах Мінскай і Магілёўскай абл., аказанне ім дапамогі, збор і апрацоўка разведвальнай інфармацыі аб варожым тыле. Расфарміравана ў вер. 1942 у сувязі са стварэннем Беларускага штаба партызанскага руху.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

т. 12, с. 215

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ «НАРО́ДНАЙ ВО́ЛІ»,

аб’яднанне гурткоў «Народнай волі» Беларусі і Літвы ў 1881—84. Створана па ініцыятыве выканкома «Народнай волі» пад кіраўніцтвам Віленскай цэнтр. групы. У сферу дзейнасці арг-цыі паводле «Статута Віленскай цэнтральнай групы» ўвайшлі Віленская, Віцебская, Гродзенская, Ковенская, Магілёўская і Мінская губ. Ставілася мэта «пашырыць рэвалюцыйную арганізацыю на свой раён і давесці яе да такой ступені сілы, каб у момант перавароту гэтая мясцовасць пайшла за партыяй». У арг-цыю ўвайшлі нарадавольскія гурткі Вільні, Мінска, Гродна, Віцебска, Магілёва, Гомеля, Рагачова, Оршы, Беластока і інш. гарадоў краю. Былі арганізаваны новыя рабочыя гурткі, у Мінску і Магілёве наладжаны выраб фальшывых дакументаў, у Віцебску створана вял. б-ка нелегальнай л-ры, падрыхтавана да работы падп. друкарня. Наладжаны кантакты з замежным цэнтрам, ваен. арг-цыяй «Народнай волі», Польска-літоўскай сац.-рэв. партыяй, партыяй «Пралетарыят». Пасля арышту ў ліп. 1882 амаль усяго складу выканкома «Народнай волі» адносіны арг-цыі з цэнтрам былі разбураны. На гэтым этапе сярод нарадавольцаў краю стала папулярнай ідэя фарміравання груповак па нац. прыкмеце. Да сярэдзіны 1883 уплыў Віленскай цэнтр. групы і міжгуртковыя сувязі аслабелі. Кансалідуючай сілай выступала «Маладая партыя Народнай волі» (апазіцыйная плынь), члены якой лічылі неабходным засяродзіцца на прапагандзе сярод рабочых, адстойвалі прынцып федэрацыі і большай аўтаномнасці мясц. груп. Вясной 1884 па краі пракацілася хваля рэпрэсій, сувязі паміж гурткамі перапыніліся, паступова аб’яднанне нарадавольцаў краю перастала існаваць.

М.​Б.​Ласінскі.

т. 12, с. 215

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ ВО́БЛАСЦЬ,

назва Паўночна-Заходняга краю ў 1917—18.

т. 12, с. 215

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў Ціхім акіяне. Абмежавана на З і ПнЗ Курыла-Камчацкім, Японскім і Ідзу-Банінскім жалабамі, на ПнУ і У — хрыбтамі Паўночна-Заходнім і Гавайскім, на Пд — гарамі Маркус-Некер. Даўж. з Пн на Пд каля 3700 км, з У на З каля 5000 км. Пераважаюць глыб. 5000—6000 м, найб. — 7374 м. У цэнтр. ч. падводнае ўзв. Шацкага (названа ў гонар сав. геолага М.С.Шацкага) з найменшай глыб. над ім 1962 м.

т. 12, с. 215

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ ПАГРАНІ́ЧНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

правінцыя на ПнЗ Пакістана. Мяжуе з Афганістанам. Пл. 74,5 тыс. км². Нас. больш за 15 млн. чал. (1999). Значныя групы бежанцаў з Афганістана. Адм. ц.г. Пешавар. Пераважае горны рэльеф. На Пн — хрыбты Гіндукуша, выш. да 7690 м (г. Тырычмір, найвышэйшы пункт Пакістана), зах. адгор’і Гімалаяў. На ПдЗ і ПдУ — апустыненыя нізкагор’і і плато. Значная сейсмічнасць. Клімат субтрапічны, сухі ў далінах, катлавінах і перадгор’ях, вільготны ў гарах. У г. Пешавар на выш. 1470 м т-ра паветра ад 10 °C у студз. да 34 °C у ліп., выпадае 350 мм ападкаў за год. У Пешаварскай катлавіне на арашальных землях вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс, цукр. трыснёг, тытунь і кармавыя культуры, у інш. катлавінах і далінах рэк — ячмень і прасяныя культуры. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, слівы, грушы, айва, гранат). Гадоўля авечак, коз, вярблюдаў. З галін прам-сці найб. развіты харчасмакавая (асабліва цукровая), тэкст. (баваўняная), дрэваапр. (на базе горных лясоў). Некалькі ГЭС на горных рэках. Здабыча каменнай солі і вапняку. Рамёствы. Транспарт аўтамаб. і ўючны.

т. 12, с. 215

ПАЎНО́ЧНА-КАРЭ́ЙСКІЯ ГО́РЫ,

паўд.-ўсх. ч. Маньчжура-Карэйскіх гор на тэр. КНДР.

т. 12, с. 215

ПАЎНО́ЧНА-КАЎКА́ЗСКАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржаўнае ўтварэнне ў складзе РСФСР, якое існавала на Паўн. Каўказе ва ўмовах грамадз. вайны ў ліп. 1918 — студз. 1919. Абвешчана 7.7.1918 1-м з’ездам Саветаў Паўн. Каўказа ў г. Екацярынадар (цяпер Краснадар). Аб’ядноўвала Кубана-Чарнаморскую, Стаўрапольскую і Церскую сав. рэспублікі. Цэнтр — г. Екацярынадар, са жн. 1918 — г. Пяцігорск. Узначальвалася ЦВК (старшыня бальшавік А.​І.​Рубін). Рэспубліка існавала ва ўмовах цяжкіх баёў супраць арміі ген. А.І.Дзянікіна і ўнутр. нестабільнасці. 21.10.1918 паводле загаду камандуючага 11-й сав. арміяй (да 3.10.1918 Чырв. Армія Паўн. Каўказа) левага эсэра І.​Л.​Сарокіна, які імкнуўся да неабмежаванай улады на Паўн. Каўказе, расстраляны Рубін і многія інш. кіраўнікі рэспублікі. 2-і надзвычайны з’езд Саветаў Паўн. Каўказа (28.10.1918) абвясціў Сарокіна па-за законам і ўтварыў новы ЦВК на чале з бальшавіком М.​С.​Акулавым. Да канца 1918 белагвардзейцы занялі б.ч. тэр. Н.-К.с.р., якая паводле рашэння ВЦВК (снеж. 1918) скасавана 11.1.1919.

т. 12, с. 216

ПАЎНО́ЧНА-КРЫ́МСКІ КАНА́Л,

арашальна-абвадняльны канал ва Украіне. Пабудаваны ў 1961—71. Даўж. 402,6 км. Пачынаецца з Кахоўскага вадасх. і цераз Перакопскі перашыек даходзіць да г. Керч. Выкарыстоўваецца для арашэння і водазабеспячэння гарадоў Феадосія і Керч.

т. 12, с. 216

ПАЎНО́ЧНА-САХАЛІ́НСКАЯ РАЎНІ́НА,

нізінная раўніна на Пн в-ва Сахалін. Даўж. 300 км, шыр. каля 100 км; Ахінскі перашыек на Пн звужаны да 6—7 км. Уздоўж узбярэжжа на значных участках — ланцужкі лагун, аддзеленых ад мора косамі. Астраўныя кражы выш. да 500—600 км. На ПдУ — рэкі Тым і Набіль. Рэдкастойная лістоўнічная тайга з прымессю елкі і піхты, у прыбярэжных ч. — лесатундра, балоты. Здабыча нафты і газу (радовішчы Аха, Тунгорскае, Эхабі).

т. 12, с. 216