Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАРО́М,

плывучае збудаванне (судна, плыт і інш.) для рэгулярнай перавозкі сухапутных транспартных сродкаў (аўтамабіляў, чыг. вагонаў), грузаў і пасажыраў цераз водную перашкоду паміж пэўнымі берагавымі пунктамі. Бываюць самаходныя і несамаходныя.

Па вял. суднаходных рэках П. перамяшчаецца па кабелі, пракладзеным па дне, або буксірным суднам; на невял. рэках перацягваецца з дапамогай троса, замацаванага на процілеглых берагах; для паромнай пераправы праз пралівы, азёры звычайна выкарыстоўваюць спец. абсталяваныя судны. Водазмяшчэнне іх да 20 тыс. т і больш, умяшчальнасць каля 100 чыг. вагонаў, пасажыраўмяшчальнасць да 2000 чал. Паромныя зносіны найб. развіты ў Японіі, Зах. Еўропе (праз Ла-Манш). У ваен. мэтах П. выкарыстоўваюцца пры фарсіраванні водных перашкод; робяцца з штатных пантонных паркаў (гл. Пантон) і мясц. плывучых сродкаў (баржы, лодкі і інш., на якіх замацоўваецца грузавая платформа).

Пасажырскі паром для зносін паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй (мае вароты для аўтамабіляў на носе і карме).

т. 12, с. 101

ПАРО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,

тып тлумачальнага слоўніка, які змяшчае аднакарэнныя словы, што маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці (паронімы; гл. Паранімія). Напр., «Слоўнік паронімаў сучаснай рускай мовы» Ю.​А.​Бельчыкава і М.​С.​Панюшавай (1994). Паранімічны рад звычайна складаецца з 2 слоў, часам у яго ўваходзяць і 3—4 словы («давераны—даверлівы—даверны», «дублет—дуплет—дублікат—дубальт»). У бел. лексікаграфіі першая спроба стварэння П.с. — слоўнік «Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанні слоў; (Слоўнік паронімаў беларускай мовы)» С.​М.​Грабчыкава (1977; уключае больш за 1600 слоў). На аснове гэтага слоўніка ім жа складзены «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» (1994; уключае больш за 3300 слоў). Міжмоўнае ўзаемапранікненне ў галіне аманіміі, параніміі і полісеміі адлюстравана ў слоўніку «Міжмоўныя амонімы і паронімы» Грабчыкава (1980; 550 рус.-бел. аманімічных і паранімічных пар).

Літ.:

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994.

Л.​П.​Кунцэвіч.

т. 12, с. 101

ПАРО́НІМЫ (ад пара... + грэч. onyma імя),

словы, блізкія па гучанні і структуры, але розныя па значэнні. Гл. ў арт. Паранімія.

т. 12, с. 101

Парошын Валерый Дзмітрыевіч

т. 18, кн. 1, с. 438

ПАРСАДА́НАЎ (Георгій Арцёмавіч) (10.9.1911, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 15.10.1989),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1937). З 1959 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект», у 1962—73 нач. Упраўлення па справах буд-ва і архітэктуры Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: генпланы гарадоў Мінск (1946), Слуцк Мінскай вобл. (1937—40, 1947), Рэчыца Гомельскай вобл. (1937—39, 1951), Магілёў (1947—50, 1961), Салігорск Мінскай вобл. (1958, 1971, апошнія 4 у сааўт.), карэкціроўка генплана Мінска (1959). Аўтар праектаў жылых раёнаў аўтамабільнага, падшыпнікавага з-даў, камвольнага камбіната (1945—55), мікрараёна па вул. Валгаградскай (1956, усе ў сааўт.) у Мінску; курортнай зоны воз. Нарач (1966, 1974—75).

А.​А.​Воінаў.

т. 12, с. 101

ПА́РСАНС ((Parsons) Талкат) (13.12.1902, г. Каларада-Спрынгс, ЗША — 8.5.1979). амерыканскі сацыёлаг, стваральнік тэорыі дзеяння сацыяльнага. Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (?). З 1927 у Гарвардскім ун-це, у 1946—56 узначальваў аддзяленне сац. адносін. З 1949 прэзідэнт сацыялаг. асацыяцыі. Распрацаваў тэорыю сістэм дзеяння, якая абапіралася на прынцып змены, інтэграцыі і стабільнасці. У яе аснове — вывучэнне сац. рэальнасці, арганізаванай рацыянальна і сістэмна. Паводле П., грамадства — вял. сацыяльная супольнасць, якая для выжывання і развіцця павінна прытрымлівацца адзінай культ. арыентацыі і прадстаўляць сваім членам дастатковы набор ролевых магчымасцей для рэалізацыі фундаментальных патрэб асобы і самога грамадства. Аўтар прац «Структура сацыяльнага дзеяння» (1937),

«Сацыяльная сістэма» (1951), «Сацыяльная сістэма і эвалюцыя тэорыі дзеяння» (1977), «Тэорыя дзеяння і ўмовы чалавечага існавання» (1978) і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 102

ПА́РСАНС (Parsons),

лорд Рос (Rosse) Уільям (17.6.1800, г.Йорк, Вялікабрытанія — 31.10.1867), ірландскі астраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1831) і яго прэзідэнт (1849—54). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1852). Вучыўся ў Дублінскім і Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па стварэнні тэлескопаў і даследаванні зорных сістэм. Сканструяваў 182-сантыметровы тэлескоп-рэфлектар, які доўгі час заставаўся буйнейшым у свеце, пры дапамозе яго выявіў зоркавую прыроду пазагалактычных туманнасцей (галактык) і ўстанавіў, што многія з іх маюць спіральную будову.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

А.​І.​Болсун.

т. 12, с. 102

ПА́РСАНС ((Parsons) Чарлз Алджэрнан) (13.6.1854, Лондан — 11.2.1931),

англійскі інжынер і прадпрымальнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1898). Замежны чл.-кар. АН СССР (1931). Скончыў каледж Сент-Джона Кембрыджскага ун-та (1876). Вынайшаў шматступеньчатую рэактыўную паравую турбіну (1884), што адыграла значную ролю ў развіцці энергетыкі. У 1889 заснаваў прадпрыемства па вытв-сці паравых турбін сваёй сістэмы і інш. эл. абсталявання.

т. 12, с. 102

ПАРСЕ́К [ад пар(алакс) + сек(унда)],

пазасістэмная адзінка даўжыні для вымярэння адлегласцей у астраноміі. Абазначаецца пк (раней абазначалася пс). 1 пк роўны адлегласці, з якой паўдыяметр зямной арбіты бачны пад вуглом 1" (гл. Секунда вуглавая). Выкарыстоўваюцца таксама кратныя адзінкі: мегапарсек (Мпк) і кілапарсек (кпк). 1 пк = 3,086∙10​16м = 206 265 а.а. = 3,263 св. года. Гл. таксама Астранамічная адзінка, Светлавы год.

т. 12, с. 102

ПАРСУ́НА (скажэнне слова «персона» ад лац. persona асоба, твар),

умоўная назва твораў бел., рус. і ўкраінскага партрэтнага жывапісу канца 16—17 ст. Пераходны этап ад іканапісу да свецкага партрэта.

Раннія П. толькі ўмоўна перадавалі партрэтнае падабенства, захоўвалі ідэальнасць і кананічнасць вобразаў, плоскасную ўзорыстую тэхніку пісьма тэмперай па дошцы. У 17 ст. развіццё П. ішло ў двух кірунках: дамінавання абразовага пачатку (партрэт цара Фёдара Іванавіча, канец 16 — пач. 17 ст.; М.​В.​Скапіна-Шуйскага, каля 1630) і паступовага засваення прыёмаў зах.-еўрап. жывапісу, імкнення да перадачы індывід. асаблівасцей мадэлі, аб’ёмнасці форм пры захаванні традыц. плоскаснасці ў трактоўцы адзення (партрэт Г.​П.​Гадунова, 1686). П. таго часу пісалі алеем на палатне, часам з натуры. Найб. пашырылася ў творчасці жывапісцаў Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля І.​Безміна, І.​Максімава, С.​Ушакова, М.​Чаглокава і інш.

У жывапісе Беларусі 16—17 ст. арыентацыя на традыцыі ранніх партрэтных адлюстраванняў, якія трапляюцца ў фрэсках і іканапісе Стараж. Русі, прыкметна ў партрэтах Міхаіла Барысавіча (канец 16 — пач. 17 ст.), Канстанціна Астрожскага (1-я пал. 17 ст.). Рысы П. маюць партрэт сармацкі, партрэт данатарскі.

Да арт. Парсуна. Цар Фёдар Іванавіч. Канец 16 — пач. 17 ст.

т. 12, с. 102