Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САДАМАЗАХІ́ЗМ,

палавая ненармальнасць у выглядзе спалучэння праяў садызму і мазахізму.

т. 14, с. 76

САДА́Т, ас-Садат Мухамед Анвар (25.12.1918, в. Міт-Абу-эль-Ком, Егіпет — 6.10.1981), дзяржаўны дзеяч Егіпта. Скончыў ваен. каледж у Каіры (1938). Сумесна з Г.​А.​Насэрам стварыў тайную арг-цыю «Свабодныя афіцэры». За антыбрыт. дзейнасць у 1942 звольнены з арміі, у 1942—44 і 1946—49 у турме. У 1950 адноўлены на ваен. службе. Удзельнік дзярж. перавароту 1952. У 1953—56 чл. Рэв. савета Егіпта, у 1957—58 нам., у 1960—61 і 1964—68 старшыня Нац. сходу (парламента) Аб’яднанай Араб. Рэспублікі (ААР). У 1964—66 і 1969—70 віцэ-прэзідэнт ААР. З вер. 1970 прэзідэнт ААР (з 1973 Араб. Рэспубліка Егіпет). Пераарыентаваў краіну на супрацоўніцтва з ЗША, пачаў ажыццяўленне ліберальных рэформ у палітыцы і эканоміцы. У ліст. 1977 першы з араб. лідэраў наведаў Ізраіль. У 1978—79 падпісаў пагадненні з Ізраілем (гл. Кэмп-Дэвідскія пагадненні 1978). Забіты фанатыкамі-ісламістамі. Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з М.​Бегінам).

т. 14, с. 76

СА́ДБЕРЫ (Sudbury),

горад на У Канады, у прав. Антарыо. Засн. ў 1883. Каля 300 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Трансп. вузел. Аэрапорт. Цэнтр буйнога медна-нікелевага радовішча Садберы (распрацоўваецца з 1889). Здабываюць таксама кобальт, плаціноіды, серабро, золата, селен і тэлур. У горадзе — з-ды каляровай металургіі і хім. прам-сці. Ун-т.

т. 14, с. 76

СА́ДЖАНЕЦ,

маладая расліна, вырашчаная з сеянцаў або чаранкоў для пасадкі на пастаяннае месца. С. пладовых дрэў атрымліваюць у пладовых гадавальніках з прышчэпаў на працягу 1—2 гадоў. С. ягадных культур (агрэст, парэчкі) — аднагадовыя непрышчэпленыя расліны (укаранёныя чаранкі, адводкі). У якасці С. маліны выкарыстоўваюць каранёвыя атожылкі, С. суніцы — ліставыя разеткі на вусах. У лесаводстве С. — маладыя дрэўцы (часцей парод дрэў, якія марудна растуць у раннім узросце — елка, піхта), прызначаныя для закладкі лясных культур і ахоўных лясных насаджэнняў, вырошчваюць 2—8 гадоў у школьным аддзяленні ляснога гадавальніка.

т. 14, с. 76

САДКО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Фёдаравіч; 21.1.1907, в. Вусце Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 16.8.1968),

бел. і расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). Да 1945 рэжысёр і сцэнарыст на кінастудыях Масквы, Адэсы, Кіева, Ташкента. У 1946—47 і 1950—53 міністр кінематаграфіі Беларусі, у 1953—56 нам. міністра культуры Беларусі. Працаваў гал. рэдактарам і рэжысёрам Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў (Масква). Рэжысёр маст. і дакумент. фільмаў «Шчаслівыя кольцы» (1929), «Песня пра першую дзяўчыну» (1930, абодва з Л.​Голубам), «Шумі, гарадок» (1939), «Дэмакратычная Германія» (сумесна з «Дэфа», 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951). Сцэнарыст і пастаноўшчык фільмаў «Майская ноч» (паводле М.​Гогаля, 1940), «Беларускі кінаканцэрт» («Жыві, родная Беларусь!»), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (абодва з У.​Корш-Сабліным, 1944). Аўтар гіст. раманаў «Георгій Скарына» (з Я.​Львовым, 1951), «Мадам Любоў» (1966), «Аповесці аб ясным Стахоры» (1956), аповесці «Чалавек у тумане» (1960), сцэнарыяў фільмаў «Міколка-паравоз» (з М.​Лыньковым, 1957), «Наша зямля» (1960), «Ахвяры абвінавачваюць» (1962), «Я, Францыск Скарына» («Беларусьфільм», 1970).

Тв.:

Избранное. Мн., 1979.

М.Садковіч.

т. 14, с. 76

САДКО́ВЫЯ РЫ́БНЫЯ ГАСПАДА́РКІ.

Гадуюць рыбу ў сеткавых або крацістых прыстасаваннях — садках. Выкарыстоўваюць прыродныя вадаёмы, вадасховішчы, сажалкі, вадаёмы-ахаладжальнікі і інш. Садкі (стацыянарныя або плывучыя) бываюць драўляныя, металічныя і інш.; памеры, форма, дэталі канструкцыі залежаць ад віду рыбы, асаблівасцей вадаёма і інш. С.р.г. забяспечваюць эканомію вады і зямельных угоддзяў, павялічваюць перыяд вырошчвання рыбы ва ўмовах аптымальнага тэмпературнага рэжыму. На Беларусі асн. аб’екты — карпавыя рыбы (карп, карась, расліннаедныя), шчупак, стронга. Агульная пл. садкоў каля 20 тыс. м², найб. буйная Белаазерская С.р.г. (Брэсцкая вобл.) на Бярозаўскай ДРЭС.

Садковая рыбная гаспадарка.

т. 14, с. 76

САДО́ВА-ПА́РКАВАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва фарміравання садоў, паркаў і інш. азялененых участкаў гарманічным спалучэннем прыродных і арх. элементаў (рэльеф, вадаёмы, дрэвы, кусты, кветкі, пляцоўкі, розныя збудаванні, скульптура). У працэсе яго развіцця пад, эстэт. поглядаў выпрацаваны разнастайныя кампазіцыйныя прыёмы, якія ўмоўна зводзяцца да 2 асн. прынцыпаў — рэгулярнага парку (геам.) і пейзажнага парку (маляўнічага, імітуе прыродны ландшафт). Існуюць паркі і мяшанага тыпу.

Вядома са старажытнасці. Асн. прыёмы Сп.м. склаліся ў 16—18 ст. у Зах. Еўропе. У эпоху Адраджэння ў Італіі паявіліся рэгулярныя сады, якія ўяўлялі сабой сістэму эфектных перспектыў і размяшчаліся на тэрасах з падпорнымі сценкамі, манум. лесвіцамі, скульптурай, каскадамі, фантанамі. Рацыяналістычныя прынцыпы, якія пераважалі ў мастацтве Францыі 17 ст., увасобіліся ў строга геам. планіроўцы рэгулярных («французскіх») паркаў. У сярэдзіне 18 ст. ў Еўропе ўзніклі свабодна распланаваныя пейзажныя паркі (Вялікабрытанія, Францыя) Першыя стараж.-рус. сады вядомы ў 12 ст. У 17 ст. ў Маскве дэкар. афармленнем вылучаліся т.зв. вярховыя («красныя») сады ў верхніх паверхах будынкаў (сады Крамлёўскага палаца); існавалі рэгулярныя сады ў загарадных сядзібах, для іх характэрна спалучэнне дэкар. якасцей з утылітарнымі (пладовыя насаджэнні). У 18 ст. створаны палацава-паркавыя ансамблі ў гарадах Петрадварэц, Пушкін, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя паркі), пейзажныя паркі ў Паўлаўску, Кузьмінках (Масква), Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка» (Украіна). С.-п.м. канца 19 — пач 20 ст. характарызуецца эклектызмам (ствараліся садова-паркавыя кампазіцыі тыпу яп. садоў, іспана-маўрытанскага патыо, альпійскай горкі). У 20 ст. з’явіліся новыя віды садоў і паркаў (спарт. паркі, паркі-выстаўкі, нац., прыродныя, гіст., дзіцячыя паркі, «сады на дахах» і інш.). Для масавага адпачынку ствараюцца вял. гар паркі. Выкарыстоўваюцца новыя кампазіцыйныя прыёмы, заснаваныя на функцыян. заніраванні тэр паркаў, вылучэнні ў іх аб’ектаў відовішчна-масавага, культ.-асв., спарт. і інш. прызначэння. С.-п.м. развіваецца і ў працэсе спецыялізацыі паркаў і садоў рознага функцыян. прызначэння — дзіцячых, спарт., выставачных, бат., заал., мемар. і інш. Пераважаюць свабодныя пейзажныя кампазіцыі. засн. на маст. інтэрпрэтацыі прыродных ландшафтаў, з уключэннем рэгулярна распланаваных частак.

На Беларусі лепшымі ўзорамі С.-п.м з’яўляюцца Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, паркі ў вёсках Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Забалацце Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. і інш. (рэгулярныя), паркі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля, Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, Столінскай сядзібы «Манькавічы», Лагойскага палацава-паркавага ансамбля, Савейкаўскі парк і інш. (пейзажныя). Характэрныя рысы С.-п.м. 2-й пал. 20 ст. — спалучэнне дакладнай планіровачнай схемы са свабоднай формай пасадак і кветкавага афармлення. З развіццём горадабудаўніцтва пашырыліся задачы па фарміраванні водна-зялёных сістэм, арх.-ландшафтнай арг-цыі адкрытых (незабудаваных) прастораў. Гэтыя задачы вырашаюцца галіной арх.-горадабуд. творчасці — ландшафтнай архітэктурай. У галіне С.-п.м. працуюць арх. Л.​Белякова, Дз.​Герашчанка, М.​Жлоба, Л.​Калініна, Г.​Патаеў, І.​Рудэнка, А.​Сычова, І.​Шпіт, В.​Шыльнікоўская, Б.​Юрцін і інш. Іл. гл. таксама да арт. Сад.

Літ.:

Памятники природы Белоруссии. Мн., 1970;

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;

Архитектурная композиция садов и парков. М., 1980;

Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Мн., 1981;

Сычева А.В., Титова Н.П. Ландшафтный дизайн: Эстетика деталей городской среды. Мн., 1984;

Горохов В.А., Лунц Л.Б. Парки мира. М., 1985;

Боговая И.О., Фурсова Л.М. Ландшафтное искусство. М., 1988;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии Мн., 1989;

Яго ж. Сады и парки. Мн., 2000.

Н.​С.​Будыка, А.​В.​Сычова.

Да арт. Садова-паркавае мастацтва. Кампазіцыя «Вялікі каскад» («Купанне Дыяны») у парку каралеўскага палаца ў г. Казерта (Італія).

т. 14, с. 76

САДО́ЎКА,

вёска ў Альбрэхтаўскім с/с Расонскага р-на Віцебскай вобл., на аўтадарозе Расоны—Полацк. Цэнтр калгаса. За 1 км на Пд ад г.п. Расоны, 158 км ад Віцебска, 45 км ад чыг. ст. Дрэтунь. 489 ж., 187 двароў (2001). Раённыя электрасеткі, камбінат прамысл. тавараў. Свята-Узнясенская царква.

т. 14, с. 77

САДО́ЎНІЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

арганізацыя, якая садзейнічае вырашэнню задач членаў калектыўнага садаводства.

Ствараецца грамадзянамі на добраахвотных асновах. Фарміруецца, рэгіструецца і кантралюецца раённымі (гарадскімі) выканаўчымі і распарадчымі органамі. Пасля рэгістрацыі С.т. з’яўляецца юрыд. асобай. Дзейнасць С.т., правы і абавязкі яе членаў рэгламентуюцца статутам т-ва. Аб’екты і збудаванні агульнага карыстання, пабудаваныя за кошт мэтавых і членскіх узносаў, з’яўляюцца агульнай маёмасцю т-ва. С.т. мае права займацца таксама прадпрымальніцкай дзейнасцю (прыбытак, атрыманы ў выніку гэтай дзейнасці, выкарыстоўваецца для набыцця маёмасці агульнага карыстання, на яе эксплуатацыю і рамонт).

На Беларусі членамі С.т. могуць быць грамадзяне, якія ў адпаведнасці з зямельным заканадаўствам маюць права на зямельныя ўчасткі для вядзення калектыўнага садаводства.

т. 14, с. 77

САДО́ЎНІЦТВА,

галіна сельскай гаспадаркі, што ўключае пладаводства, вінаградарства, вырошчванне гароднінных, лек., дэкар., трапічных і субтрапічных культур. Часта ўжываецца як сінонім пладаводства.

т. 14, с. 77