САДА́Т, ас-Садат Мухамед Анвар (25.12.1918, в. Міт-Абу-эль-Ком, Егіпет — 6.10.1981), дзяржаўны дзеяч Егіпта. Скончыў ваен. каледж у Каіры (1938). Сумесна з Г.А.Насэрам стварыў тайную арг-цыю «Свабодныя афіцэры». За антыбрыт. дзейнасць у 1942 звольнены з арміі, у 1942—44 і 1946—49 у турме. У 1950 адноўлены на ваен. службе. Удзельнік дзярж. перавароту 1952. У 1953—56 чл. Рэв. савета Егіпта, у 1957—58 нам., у 1960—61 і 1964—68 старшыня Нац. сходу (парламента) Аб’яднанай Араб. Рэспублікі (ААР). У 1964—66 і 1969—70 віцэ-прэзідэнт ААР. З вер. 1970 прэзідэнт ААР (з 1973 Араб. Рэспубліка Егіпет). Пераарыентаваў краіну на супрацоўніцтва з ЗША, пачаў ажыццяўленне ліберальных рэформ у палітыцы і эканоміцы. У ліст. 1977 першы з араб. лідэраў наведаў Ізраіль. У 1978—79 падпісаў пагадненні з Ізраілем (гл. Кэмп-Дэвідскія пагадненні 1978). Забіты фанатыкамі-ісламістамі. Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з М.Бегінам).
т. 14, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)