САДКО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Фёдаравіч; 21.1.1907, в. Вусце Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 16.8.1968),
бел. і расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). Да 1945 рэжысёр і сцэнарыст на кінастудыях Масквы, Адэсы, Кіева, Ташкента. У 1946—47 і 1950—53 міністр кінематаграфіі Беларусі, у 1953—56 нам. міністра культуры Беларусі. Працаваў гал. рэдактарам і рэжысёрам Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў (Масква). Рэжысёр маст. і дакумент. фільмаў «Шчаслівыя кольцы» (1929), «Песня пра першую дзяўчыну» (1930, абодва з Л.Голубам), «Шумі, гарадок» (1939), «Дэмакратычная Германія» (сумесна з «Дэфа», 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951). Сцэнарыст і пастаноўшчык фільмаў «Майская ноч» (паводле М.Гогаля, 1940), «Беларускі кінаканцэрт» («Жыві, родная Беларусь!»), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (абодва з У.Корш-Сабліным, 1944). Аўтар гіст. раманаў «Георгій Скарына» (з Я.Львовым, 1951), «Мадам Любоў» (1966), «Аповесці аб ясным Стахоры» (1956), аповесці «Чалавек у тумане» (1960), сцэнарыяў фільмаў «Міколка-паравоз» (з М.Лыньковым, 1957), «Наша зямля» (1960), «Ахвяры абвінавачваюць» (1962), «Я, Францыск Скарына» («Беларусьфільм», 1970).