Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАМІ́НСКІ (Сямён Давыдавіч) (1861, г. Барзна Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.5.1939),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Праф. (1923). Скончыў Кіеўскі ун-т (1889). З 1889 у Мінску, з 1890 чл. Т-ва мінскіх урачоў. У 1890—1920 урач-афтальмолаг, у 1923—39 заг. кафедры БДУ і Мінскага мед. ін-та. Нар. камісар аховы здароўя БССР (1920). Удзельнічаў у стварэнні вышэйшай мед. школы ў БССР. Навук. працы па вывучэнні трахомы і вочнага траўматызму. Аўтар падручнікаў па вочных хваробах.

Тв.:

Трахома. 3 выд. Мн., 1935.

т. 7, с. 528

КАМІ́НСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 18.4.1950, в. Цна Мінскага р-на),

бел. спартсмен (веласпорт). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1980). Засл. майстар спорту СССР (1976). Канд. пед. н. (1992). Алімп. чэмпіён (1976, г. Манрэаль, Канада) у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км; чэмпіён свету (1977, г.

Сан-Крыстобаль, Венесуэла); сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1974, г. Манрэаль, Канада; 1975, г. Метэ, Бельгія; 1978, г. Кёльн, ФРГ), чэмпіён СССР (1976—78, 1980) у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км. З 1980 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. З 1996 гал. трэнер нац. каманды Беларусі па веласпорце.

В.Л.Працкайла.

т. 7, с. 528

Камінскі Антон Антонавіч

т. 18, кн. 1, с. 399

КАМІНТЭ́РН,

гл. Камуністычны Інтэрнацыянал.

т. 7, с. 528

КАМІСА́Р (франц. commissaire ад сярэднелац. commissarius упаўнаважаны),

1) у ВКЛ член камісіі, прызначанай вял. князем, радай або сеймам для разгляду судовай справы або для выканання пэўнага даручэння (гл. Камісарскі суд).

2) Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 К. — службовая асоба, якая ўзначальвала мясц. адміністрацыю ў Пскоўскай і Магілёўскай губ. Выконваў паліцэйскія функцыі. Пры К. стваралася камісарская ўправа.

3) У СССР і БССР у 1917—46, да ўтварэння мін-ваў, назва члена ўрада (народны К.), які ўзначальваў наркамат (народны камісарыят).

4) 3 1918 у Чырв. Арміі ваенны К. — прадстаўнік кампартыі ў часцях (на караблях), установах, злучэннях. Кантраляваў дзеянні камандзіраў, займаўся паліт. і выхаваўчай дзейнасцю. Інстытут ваенных К. існаваў да 1925—28, потым у 1937—40, у Вял. Айч. вайну з 16.7.1941 да 9.10.1942. У Беларусі ваенныя К. існавалі ў партыз. фарміраваннях. Упершыню яны прызначаны 16.7.1941 Віцебскім і 23.7.1941 Палескім абкомамі КП(б)Б у тыя партыз. атрады, якія фарміраваліся на неакупіраванай тэр. рэспублікі. У тыле ворага прызначаліся падп. органамі КП(б)Б. У кастр. 1942 скасаваны (як і ў Чырв. Арміі), але ў студз. 1943 адноўлены па патрабаванні Цэнтр. штаба партыз. руху і ўказанні ЦК ВКП(б).

5) У Рэспубліцы Беларусь і некат. інш. краінах ваенны К. — асоба, што ўзначальвае ваенны камісарыят (ваенкамат), орган мясц. ваен. кіравання.

6) У некат. краінах службовая асоба з адм. або паліцэйскімі функцыямі.

т. 7, с. 528

КАМІСА́РАВА (Марыя Іванаўна) (17.8.1904, с. Андрэеўскае Сусанінскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 5.5.1988),

расійская паэтэса і перакладчыца. Скончыла Ленінградскі пед. ін-т (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Першазімак» (1928), «Пераправа» (1932), «Самае дарагое» (1962), «Дарога да сяброў» (1968), «Чаканне сустрэчы» (1973), паэмы «Ліза Чайкіна» (1955), у якіх апяванне чалавека працы, клопат аб прыродзе, тэма кахання. Уражанні ад паездак на Беларусь у вершах «Беларусі», «Купалава крыніца», «Твая зямля», «Янку Купалу» і інш. На рус. мову перакладала творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, Э.Агняцвет, К.Буйло, А.Звонака. На бел. мову асобныя яе вершы пераклалі С.Грахоўскі, М.Калачынскі, П.Макаль, К.Цвірка і інш.

Тв.:

Избр. Л., 1984;

Бел. пер. — у кн.: Паэты Ленінграда. Мн., 1948;

Прызнанне: Вершы паэтаў Ленінграда. Мн., 1979.

т. 7, с. 528

КАМІСАРЖЭ́ЎСКАЯ (Вера Фёдараўна) (8.11.1864, С.-Пецярбург — 23.2.1910),

руская актрыса і тэатр. дзяячка. З 1890 на аматарскай, з 1894 на прафес. правінцыяльнай сцэне. З 1896 у Александрынскім т-ры. У 1904 арганізавала Драм. т-р К. (Пецярбург). Актрыса лірычнага плана, яе творчасць адметная прастатой, праўдзівасцю, непасрэднасцю і ўнутранай усхваляванасцю. У кожную ролю ўносіла рысы сваёй непаўторнай індывідуальнасці: Розі («Бой матылькоў» Г.Зудэрмана), Ларыса, Негіна («Беспасажніца», «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага), Вара («Дзікунка» Астроўскага і М.Салаўёва), Ніна Зарэчная («Чайка» А.Чэхава), Варвара Міхайлаўна («Дачнікі» М.Горкага), Нора («Лялечны дом» Г.Ібсена) і інш. Пасля 1903 шмат гастраліравала, у т. л. на Беларусі (1902 — Мінск, Віцебск, 1906 — Мінск, Віцебск, Магілёў, 1907 — Мінск).

Літ.:

О Комиссаржевской. М., 1965.

В.Ф.Камісаржэўская.

т. 7, с. 528

КАМІСА́РСКІ СУД,

часовы суд у ВКЛ і Рэчы Паспалітай для разгляду зямельных прэтэнзій прыватных землеўласнікаў, манастыроў, гарадоў да трымальнікаў каралеўскіх маёнткаў. Суддзямі выступалі камісары, якіх прызначаў кароль. Судовая справа разглядалася на месцы з выклікам бакоў і сведкаў, аглядам межаў маёнтка. К.с. вызначаў межы зямельных уладанняў і пазначаў іх на мясцовасці капцамі, пра што складаўся акт. Апеляцыі на выракі К.с. падаваліся ў звычайным парадку, з 1774 — у задворны асэсарскі суд (каралеўскі трыбунал).

т. 7, с. 528

КАМІСАРЫЯ́Т ПА БЕЛАРУ́СКІХ СПРА́ВАХ,

гл. Беларускі нацыянальны камісарыят.

т. 7, с. 528

КАМІ́СІІ МЯСЦО́ВЫХ САВЕ́ТАЎ ДЭПУТА́ТАЎ,

дапаможныя органы мясц. кіравання і самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь і ў некат. краінах СНД. Гал. іх мэты: папярэдні разгляд і падрыхтоўка пытанняў, якія адносяцца да ведання мясц. Саветаў, правядзенне ў жыццё рашэнняў Саветаў і вышэйстаячых дзярж. органаў. Адрозніваюць камісіі пастаянныя і часовыя. Пастаянныя камісіі выбіраюцца на сесіях Саветаў па прапанове старшыні Савета (абл., гар., раённых; у сельскіх Саветах пастаянныя камісіі могуць не ўтварацца) з дэпутатаў гэтых Саветаў. Колькасць камісій, іх склад і арганізацыя заканадаўствам не рэгламентаваны. Звычайна пастаянныя камісіі выбіраюцца ў складзе старшыні, яго намесніка, сакратара і не менш як 2 чл. камісіі. Рэкамендацыі пастаянных камісій падлягаюць разгляду адпаведнымі дзярж. і грамадскімі органамі і арг-цыямі. Пастаянныя камісіі дзейнічаюць на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў Савета. Для вырашэння канкрэтных пытанняў могуць стварацца і часовыя камісіі, якія спыняюць сваё існаванне пасля выканання ўскладзеных на іх даручэнняў.

т. 7, с. 528