ІНАНІШВІ́ЛІ (Рэваз Канстанцінавіч) (н. 20.12.1926, в. Хашмі Сагарэджойскага р-на, Грузія),
грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскі ун-т (1956). Аўтар вострапсіхал. апавяданняў, аповесцей, прысвечаных надзённым праблемам сучаснасці. У кнігах лірычных навел «З лістоў да сябра» (1958), «Замалёўкі вячэрняй пары» (1971), «Ляціць над далінай сойка» (1974), аповесцей «Перадзімовы сум» і «Дачка Месяца» (абедзве 1987) і інш. графічна дакладная манера пісьма, тонкі псіхалагізм. Піша для дзяцей (кнігі «Дзе жыве казачнік», 1970; «Ваўчаняты», 1973; «Далёкая белая вяршыня», 1976; «Добрая зямля», 1980, і інш.). Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.Руставелі 1977. На бел. мову асобныя творы І. пераклалі Ю.Гаўрук, В.Нікіфаровіч, Т.Цулукідзе.
т. 7, с. 218
ІНА́Р (Inard) Жан Луі, французскі ткач і тэхнолаг 18 ст. У сярэдзіне 18 ст. прыехаў у Рэч Паспалітую. У 1766—70 працаваў у Варшаве. З 1770 кіраўнік Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур (з В.Дзюпінэем), з 1777 у Цярэспалі на мануфактуры А.Чартарыйскага, з 1779 — у Ружанах (Брэсцкая вобл.) на ф-цы А.Сапегі. Яму прыпісваюць паясы з дэкорам у выглядзе двух асіметрычных букетаў на канцах. Сакрэты «прыгатавання лёну» і картаньернага мастацтва перадаваў вучням.
І.М.Каранеўская.
т. 7, с. 218
І́НАРЫ (Inari),
возера на Пн Фінляндыі. Размяшчаецца паміж усх. адгор’ямі Скандынаўскіх гор і градой Манселькя, на выш. 119 м, у шырокім паніжэнні тэктоніка-ледавіковага паходжання. Пл. 1050 км². Глыб. да 60 м. Берагі моцна парэзаныя, пераважна забалочаныя, каля 3 тыс. астравоў. Сцёк у Баранцава м. па р. Патсйокі. З ліст. да сак. ўкрыта лёдам.
т. 7, с. 218
ІНАУГУРА́ЦЫЯ (англ. inauguration),
у ЗША і ў шэрагу інш. краін назва ўрачыстай цырымоніі ўступлення на пасаду выбранага кіраўніка дзяржавы.
т. 7, с. 218
ІНАЦЭРА́МЫ (Inoceramus),
род вымерлых двухстворкавых малюскаў атр. нераўнамускульных. Жылі ў морах юрскага і мелавога перыядаў, вялі прымацаваны спосаб жыцця. На Беларусі рэшткі І. вядомы з верхнемелавых адкладаў.
Цела двухбаковасіметрычнае, ракавіна вапняковая, даўж. да 1 м, круглай або авальнай формы, нераўнастворкавая, канцэнтрычна-, або радыяльна-рабрыстая, складкаватая, з добра развітай макаўкай і моцна развітым прызматычным слоем. Створкі ракавіны злучаліся звязкай (лігаментам) і замыкальнымі мускуламі (аддуктарамі). Рэшткі служаць для вызначэння ўзросту геал. адкладаў.
П.Ф.Каліноўскі.
т. 7, с. 218
ІНАШВІ́ЛІ (Аляксандр) (Сандро) Іовіч (23.8.1889, Тбілісі — 4.6.1958),
грузінскі спявак (барытон), педагог; адзін з заснавальнікаў груз. оперна-вак. мастацтва. Нар. арг. СССР (1950). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча (1916). З 1917 саліст, з 1933 заг. маст. часткі Груз. т-ра оперы і балета. З 1937 выкладаў (з 1942 праф.) у Тбіліскай кансерваторыі. Сярод лепшых партый у операх нац. рэпертуару: Мурман, Кіязо («Абесалом і Этэры», «Даісі» З.Паліяшвілі), Гоча («Дарэджан Каварная» М.Баланчывадзе); у класічных — Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно). Сярод вучняў М.Аміранашвілі.
т. 7, с. 218