ІНА́НА, Інін,
Нінана («уладарка нябёс»),
у шумерскай міфалогіі гал. жаночае бажаство, багіня ўрадлівасці, цялеснага кахання і разладу. Пад імем Нінсіяны шанавалася таксама як астральнае бажаство — «зорка ранішняга ўсходу» (планета Венера). У акадскай міфалогіі вядома як Іштар.
т. 7, с. 218
ІНАНІШВІ́ЛІ (Рэваз Канстанцінавіч) (н. 20.12.1926, в. Хашмі Сагарэджойскага р-на, Грузія),
грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскі ун-т (1956). Аўтар вострапсіхал. апавяданняў, аповесцей, прысвечаных надзённым праблемам сучаснасці. У кнігах лірычных навел «З лістоў да сябра» (1958), «Замалёўкі вячэрняй пары» (1971), «Ляціць над далінай сойка» (1974), аповесцей «Перадзімовы сум» і «Дачка Месяца» (абедзве 1987) і інш. графічна дакладная манера пісьма, тонкі псіхалагізм. Піша для дзяцей (кнігі «Дзе жыве казачнік», 1970; «Ваўчаняты», 1973; «Далёкая белая вяршыня», 1976; «Добрая зямля», 1980, і інш.). Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.Руставелі 1977. На бел. мову асобныя творы І. пераклалі Ю.Гаўрук, В.Нікіфаровіч, Т.Цулукідзе.
т. 7, с. 218
ІНА́Р (Inard) Жан Луі, французскі ткач і тэхнолаг 18 ст. У сярэдзіне 18 ст. прыехаў у Рэч Паспалітую. У 1766—70 працаваў у Варшаве. З 1770 кіраўнік Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур (з В.Дзюпінэем), з 1777 у Цярэспалі на мануфактуры А.Чартарыйскага, з 1779 — у Ружанах (Брэсцкая вобл.) на ф-цы А.Сапегі. Яму прыпісваюць паясы з дэкорам у выглядзе двух асіметрычных букетаў на канцах. Сакрэты «прыгатавання лёну» і картаньернага мастацтва перадаваў вучням.
І.М.Каранеўская.
т. 7, с. 218
І́НАРЫ (Inari),
возера на Пн Фінляндыі. Размяшчаецца паміж усх. адгор’ямі Скандынаўскіх гор і градой Манселькя, на выш. 119 м, у шырокім паніжэнні тэктоніка-ледавіковага паходжання. Пл. 1050 км². Глыб. да 60 м. Берагі моцна парэзаныя, пераважна забалочаныя, каля 3 тыс. астравоў. Сцёк у Баранцава м. па р. Патсйокі. З ліст. да сак. ўкрыта лёдам.
т. 7, с. 218
ІНАУГУРА́ЦЫЯ (англ. inauguration),
у ЗША і ў шэрагу інш. краін назва ўрачыстай цырымоніі ўступлення на пасаду выбранага кіраўніка дзяржавы.
т. 7, с. 218
ІНАЦЭРА́МЫ (Inoceramus),
род вымерлых двухстворкавых малюскаў атр. нераўнамускульных. Жылі ў морах юрскага і мелавога перыядаў, вялі прымацаваны спосаб жыцця. На Беларусі рэшткі І. вядомы з верхнемелавых адкладаў.
Цела двухбаковасіметрычнае, ракавіна вапняковая, даўж. да 1 м, круглай або авальнай формы, нераўнастворкавая, канцэнтрычна-, або радыяльна-рабрыстая, складкаватая, з добра развітай макаўкай і моцна развітым прызматычным слоем. Створкі ракавіны злучаліся звязкай (лігаментам) і замыкальнымі мускуламі (аддуктарамі). Рэшткі служаць для вызначэння ўзросту геал. адкладаў.
П.Ф.Каліноўскі.
т. 7, с. 218
ІНАШВІ́ЛІ (Аляксандр) (Сандро) Іовіч (23.8.1889, Тбілісі — 4.6.1958),
грузінскі спявак (барытон), педагог; адзін з заснавальнікаў груз. оперна-вак. мастацтва. Нар. арг. СССР (1950). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча (1916). З 1917 саліст, з 1933 заг. маст. часткі Груз. т-ра оперы і балета. З 1937 выкладаў (з 1942 праф.) у Тбіліскай кансерваторыі. Сярод лепшых партый у операх нац. рэпертуару: Мурман, Кіязо («Абесалом і Этэры», «Даісі» З.Паліяшвілі), Гоча («Дарэджан Каварная» М.Баланчывадзе); у класічных — Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно). Сярод вучняў М.Аміранашвілі.
т. 7, с. 218
І́НБЕР (Вера Міхайлаўна) (10.7.1890, г. Адэса, Украіна — 11.11.1972),
руская пісьменніца. Аўтар паэт. зб-каў «Мэта і шлях» (1925), «Сыну, якога няма» (1927), «Напаўголаса» (1932), «Анкета часу» (1971), аповесці «Месца пад сонцам» (1928), нарысаў. Подзвігу блакаднага Ленінграда прысвяціла зб. вершаў «Душа Ленінграда» (1942), «Амаль тры гады (Ленінградскі дзённік)» (1946) і паэму «Пулкаўскі мерыдыян» (1941—43; Дзярж. прэмія СССР 1946). Выдала кн. «Натхненне і майстэрства» (1957), зб. вершаў «Красавік» (1960), успаміны «Старонкі дзён перабіраючы...» (1967). На бел. мову асобныя вершы І. пераклала Э.Агняцвет.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1-4. М., 1965—66;
Избранное. М., 1981.
т. 7, с. 219
ІНБРЫ́ДЗІНГ (англ. inbreeding ад in у, унутры + breeding развядзенне),
скрыжаванне блізкароднасных паводле паходжання арганізмаў. Адна з найб. цесных форм І. — самаапладненне, уласцівае прыблізна 1/3 усіх культ. раслін (пшаніцы, ячменю, цытрусавым і інш.). У жывёл і перакрыжаванаапыляльных раслін працяглы І. вядзе да павелічэння гомазіготнасці патомства ў папуляцыі, генет. дыферэнцыяцыі зыходнага матэрыялу, зніжэння жыццяздольнасці і прадукцыйнасці; магчыма ўзнікненне выродстваў або гібель патомства. У раслінаводстве І. наз. інцухтам. У селекцыі І. выкарыстоўваюць для атрымання самаапыляльных (інбрэдных), ці інцухтліній, стварэння роднасных форм, гомазіготных па адной або некалькіх каштоўных прыкметах, як этап селекцыі на гетэрозіс. Процілегласць І. — аўтбрыдзінг.
т. 7, с. 219
ІНВАЗІ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ, паразітарныя хваробы,
хваробы жывёл і чалавека, абумоўленыя паразітаваннем у іх арганізме асобных відаў прасцейшых, чарвей, кляшчоў і насякомых. Паводле лакалізацыі ўзбуджальнікаў падзяляюцца на эндагенныя (узбуджальнікі паразітуюць у крыві, лімфе, унутр. органах) і экзагенныя (на скуры, слізістых абалонках); паводле віду ўзбуджальнікаў — на протазаозы (узбуджальнікі прасцейшыя), гельмінтозы (чэрві), акарозы (кляшчы), энтамозы (насякомыя). Крыніца заражэння — хворыя арганізмы або пасіўныя паразітаносьбіты. Заражэнне (перадача ўзбуджальніка І.х., або інвазія) адбываецца праз ежу, ваду і аб’екты знешняга асяроддзя, пры пранікненні ўзбуджальнікаў у арганізм праз вонкавыя абалонкі (скуру, слізістыя), кантакце з хворым (большасць І.х. належаць да прыродна-ачаговых і развіццё іх узбуджальнікаў адбываецца з удзелам прамежкавых гаспадароў ці пры пэўных умовах знешняга асяроддзя). Да І.х. іншы раз адносяць хваробы раслін, выкліканыя паразітаваннем тых жа арганізмаў. І.х. жывёл і чалавека вывучае паразіталогія, раслін — фітапаталогія.
А.А.Астапаў.
т. 7, с. 219