Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЭЛЬЯ́Ж (франц. treillage),

1) трохстворкавае люстэрка. 2)У садова-паркавым мастацтве — тонкі ажурны каркас для павойных раслін; адзін з відаў архітэктуры малых форм. Мае дэкар. і функцыян. (сонцаахоўнае) прызначэнне. Апорныя элементы і завяршэнні Т. ўпрыгожвалі размалёўкай, ускладненай прафілёўкай, пазалотай.

3) У архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве стылю ракако — арнаментальны матыў у выглядзе касой сеткі, часам з кветачкамі на скрыжаваннях. Выкарыстоўваўся ў аздобе фрызавых паясоў, плафонаў, панэлей, агароджаў амбонаў, царскіх варот, спавядальняў, алтарных агароджаў, картушаў, кніжных заставак, мэблі, тканін і інш.

т. 16, с. 14

ТРЭМАТАДО́ЗЫ,

гельмінтозныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца трэматодамі. Заражэнне адбываецца праз ежу, ваду. Палаваспелыя трэматоды пашкоджваюць жоўцевыдзяляльную сістэму (гл. Апістархоз, Дыкрацэліёз), кішэчнік. Прыкметы залежаць ад віду паразіта, стадый яго развіцця, лакалізацыі ў арганізме гаспадара і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл выклікаюць затрымку развіцця, значны падзеж, пагаршэнне якасці мяса.

т. 16, с. 14

ТРЭМАТО́ДЫ (Trematoda),

смактуны, клас паразітычных плоскіх чарвей. Каля 6300 відаў. Найб. вядомыя апістархіды, дыкрацэлііды, фасцыяліды і інш. Паразіты рыб, земнаводных, паўзуноў, млекакормячых жывёл і чалавека. Выклікаюць трэматадозы.

Даўж. ад 0,1 мм да 1,5 м. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае. 2 (ротавы і брушны), радзей 1 прысосак. Кормяцца крывёю, лімфай, тканкамі гаспадара. Пераважна гермафрадыты. Развіццё складанае са зменай гаспадароў. Адкладваюць яйцы, з якіх у навакольным асяроддзі ці ў целе прамежкавых гаспадароў (пераважна малюскаў) выходзяць лічынкі (мірацыдыі).

Трэматода дыкраколіум.

т. 16, с. 14

ТРЭ́МЛЯ,

рака ў Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 80 км, пл. вадазбору 769 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Раманішчы Акцябрскага р-на, цячэ па тэр. Калінкавіцкага, Петрыкаўскага і Мазырскага р-наў, пераважна па ўсх. ускраіне Прыпяцкага Палесся, вусце ў межах Мазырскага р-на, за 2,7 км на ПдЗ ад в. Міхнавічы Калінкавіцкага р-на. Асн. прытокі: р. Мядзведзь, канава Дубнянская, канал Плясецкі (злева). Даліна невыразная, схілы спадзістыя, пойма двухбаковая. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу 73,5 км. Берагі стромкія, умерана стромкія, абрывістыя. Замярзае ў сярэдзіне снеж., веснавое разводдзе ў канцы 2-й дэкады сак., працягласць 39 сут. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2,9 м³/с.

т. 16, с. 14

ТРЭНАЖО́Р (ад англ. train выхоўваць, навучаць),

вучэбна-трэніровачнае прыстасаванне для выпрацоўкі навыкаў і ўдасканалення тэхнікі кіравання машынай (механізмам). Выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы лётчыкаў, касманаўтаў, пры навучанні машынапісу, аўтаваджэнню і інш.

На Т. адпрацоўваюць асобныя элементы, таксама комплекс прафес. дзеянняў. Напр., для апрацоўкі аперацый па стыкоўцы касм. караблёў у палёце існуюць наземныя Т., для апрацоўкі пераходу касманаўта з аднаго касм. карабля ў інш. — бартавыя Т. ў фюзеляжы самалёта. Бываюць таксама наземныя Т. для выпрацоўкі навыкаў у кіраванні касм. караблём пры пасадцы, кантролю за работай бартавых сістэм і інш. Бартавыя Т. выкарыстоўваюцца для падтрымання ў касм. палёце навыкаў касманаўта ў арыенціроўцы, навігацыйных разліках, кіраванні касм. караблём і інш.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 14

ТРЭНІРО́ЎКА (ад англ. train выхоўваць, навучаць),

вучэбныя заняткі, практыкаванні з мэтай захавання ці ўдасканалення якога-н. навыку, умення; таксама вучэбна-трэніровачная работа, накіраваная на выхаванне, навучанне майстэрству і планамерную падрыхтоўку спартсмена з мэтай выяўлення максімальных фіз. (сілы, вынослівасці, шпаркасці, спрытнасці) і маральна-валявых якасцей і здольнасцей.

т. 16, с. 15

ТРЭ́ННЕ знешняе,

механічнае супраціўленне, якое ўзнікае ў плоскасці дотыку двух прыціснутых адно да аднаго цел пры іх адносным перамяшчэнні. Пры Т. кінетычная і патэнцыяльная энергіі ўзаемадзейных цел пераўтвараюцца ў цеплату, электрызацыю цел, іх разбурэнне (дысіпатыўны працэс). Адрозніваюць Т.: спакою (паміж узаемна нерухомымі целамі) і кінематычнае (паміж рухомымі); слізгання і качэння; сухое (паміж целамі, што труцца, ёсць цвёрдая праслойка — плёнка вокіслу, інш. хім. злучэнняў, палімернага ці мінер. пакрыцця) і гранічнае (плёнка вадкай або кансістэнтнай змазкі таўшчынёй каля 0,1 мкм і менш).

Сіла супраціўлення, накіраваная процілегла адноснаму перамяшчэнню цела, наз. с і лай трэння, якая дзейнічае на гэтае цела. На сілу Т. ўплываюць знешнія ўмовы (нагрузка, скорасць, шурпатасць, т-ра, змазка) і прыродныя ўласцівасці цел, якія труцца. Калі састаўляючая прыкладзенай да цела сілы. якая ляжыць у плоскасці датыкання двух цел, недастатковая, каб выклікаць іх слізганне, то ўзнікае няпоўная сіла Т.; яна выклікана малымі (каля 1 мкм) часткова абарачальнымі перамяшчэннямі ў зоне кантакту. якія наз. папярэднім зрушэннем; яно прапарцыянальнае прыкладзенай сіле, што павялічваецца ад 0 да некаторага максімуму (пункт A на рыс.) і наз. сілай трэння спакою. Калі гэтая сіла перавысіць крытычнае значэнне, папярэдняе зрушэнне пераходзіць у слізганне, а сіла Т. памяншаецца і перастае залежаць ад перамяшчэння (сіла трэння слізгання). З-за хвалістасці і шурпатасці паверхняў Т. дотык цел адбываецца толькі ў асобных «плямах», сканцэнтраваных на вяршынях выступаў. У залежнасці ад характару дэфармавання паверхневага слоя адрозніваюць Т. пры пругкім, пластычным кантактаванні і пры мікрарэзанні. Пры нарастанні нагружанасці кантакту знешняе Т. пераходзіць ва ўнутранае трэнне (гл. Вязкасць). Нагрузка, пры якой знешняе -Т. парушаецца для дадзенай пары трэння, наз. парогам знешняга Т. Сілы Т. качэння значна меншыя за сілы Т. слізгання. Т. адыгрывае вял. ролю ў тэхніцы. На ім заснавана дзеянне фрыкцыйных механізмаў і раменных перадач, тармазных прылад. перамяшчэнне трансп. сродкаў. Шкоднае дзеянне Т. выяўляецца ў награванні і заўчасным зношванні машын і механізмаў (яго памяншаюць змазкай і выкарыстаннем падшыпнікаў). Матэрыялы для пар Т. падбіраюць паводле характару міжмалекулярнага ўзаемадзеяння, па іх мех. уласцівасцях і здольнасці фарміраваць ахоўную плёнку, Шырока выкарыстоўваюць металапалімерныя кампазіцыі. змазвальныя спечаныя матэрыялы, а таксама спец. тэхнал. спосабы нанясення пакрыццяў для паляпшэння ўмоў трэння. Гл. таксама Трыбатэхніка, Трыбафатыка.

Літ.:

Дерягин Б.В. Что такое трение? 2 изд. М., 1963;

Крагельский И.В. Трение и износ. 2 изд. М., 1968;

Опейко Ф.А. Математическая теория трения. Мн., 1971;

Михин Н.М. Внешнее трение твердых тел. М., 1977.

А.​П.​Ласкаўнёў.

Значэнне сілы трэння ў залежнасці ад адноснага зрушэння цел, якія труцца, пры іх зруху, што пераходзіць у слізганне: A — пункт максімальнага значэння сілы трэння спакою (зрушэння); A1, A2 — пачатковае і канчатковае значэнні сілы трэння слізгання.

т. 16, с. 15

ТРЭ́НТАН (Trenton),

горад на ПнУ ЗША. Адм. ц. штата Нью-Джэрсі. Засн. ў 1679. 84,5 тыс. ж., з прыгарадамі каля 400 тыс. ж. (1998). Марскі порт на каналізаванай р. Дэлавэр. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: эл.-тэхн., радыёэлектронная, прыладабуд., металаапр., сілікатна-керамічная, хім., металургічная, паліграф., харчовая. Вытв-сць прамысл. абсталявання, пластмасавых вырабаў. Ун-т (у прыгарадзе Прынстан).

т. 16, с. 15

ТРЭНЦІ́НА-А́ЛЬТА-А́ДЫДЖЭ (Trentino-Alto Adige),

вобласць на Пн Італіі, у Альпах, у верхнім цячэнні р. Адыджэ. Уключае прав. Бальцана і Трэнта. Адм. ц. — г. Трэнта. Пл. 13,6 тыс. км². Нас. каля 1 млн. чал. (2001), значную частку складаюць немцы-цірольцы. Рэльеф горны і перадгорны. Клімат умераны. У эканоміцы пераважае прам-сць. ГЭС на горных рэках (каля 20% вытв-сці электраэнергіі ў Італіі). Асн. галіны прам-сці: электрахімія, электраметалургія, машынабудаванне (трансп., электратэхн. і інш.), дрэваапр., тэкст., харчовая. Сельская гаспадарка ў горных далінах. Больш за 80% зямлі пад лугамі і пашай, 10% — пад садамі і вінаграднікамі, каля 6% — пад ворывам. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, кукурузу, бульбу. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу. Турызм.

т. 16, с. 15

ТРЭ́ПАВЫ,

дзяржаўныя дзеячы Расіі канца 19 — пач. 20 ст. Фёдар Фёдаравіч Т. (1812—1889), у 1866—78 обер-паліцмайстар, граданачальнік Пецярбурга, ген. ад кавалерыі (1878). За жорсткае абыходжанне з паліт. зняволенымі В.І.Засуліч учыніла на яго замах і параніла (апраўдана судом прысяжных). Яго сыны: Дзмітрый Фёдаравіч (14.12.1855. Пецярбург — 15.9.1906), маскоўскі обер-паліцмайстар (1896—1905), ген.-маёр (1900), са студз. 1905 пецярбургскі ген.-губернатар, з крас. таварыш міністра ўнутр. спраў, кіраўнік паліцыі і камандзір корпуса жандараў, з кастр. дварцовы камендант; адзін з арганізатараў ўзбр. падаўлення рэвалюцыі 1905—07. У час Кастр. Усерас. паліт. стачкі 1905 ён загадаў войскам: «... халастых залпаў не даваць, патронаў не шкадаваць»; Аляксандр Фёдаравіч (30.9.1862, Кіеў — 1928), сенатар (1906), кіраўнік Мін-ва шляхоў зносін (1915—16), старшыня Савета міністраў (ліст.—снеж. 1916). З 1918 у эміграцыі.

т. 16, с. 15