механічнае супраціўленне, якое ўзнікае ў плоскасці дотыку двух прыціснутых адно да аднаго цел пры іх адносным перамяшчэнні. Пры Т. кінетычная і патэнцыяльная энергіі ўзаемадзейных цел пераўтвараюцца ў цеплату, электрызацыю цел, іх разбурэнне (дысіпатыўны працэс). Адрозніваюць Т.: спакою (паміж узаемна нерухомымі целамі) і кінематычнае (паміж рухомымі); слізгання і качэння; сухое (паміж целамі, што труцца, ёсць цвёрдая праслойка — плёнка вокіслу, інш.хім. злучэнняў, палімернага ці мінер. пакрыцця) і гранічнае (плёнка вадкай або кансістэнтнай змазкі таўшчынёй каля 0,1 мкм і менш).
Сіла супраціўлення, накіраваная процілегла адноснаму перамяшчэнню цела, наз. с і лай трэння, якая дзейнічае на гэтае цела. На сілу Т. ўплываюць знешнія ўмовы (нагрузка, скорасць, шурпатасць, т-ра, змазка) і прыродныя ўласцівасці цел, якія труцца. Калі састаўляючая прыкладзенай да цела сілы. якая ляжыць у плоскасці датыкання двух цел, недастатковая, каб выклікаць іх слізганне, то ўзнікае няпоўная сіла Т.; яна выклікана малымі (каля 1 мкм) часткова абарачальнымі перамяшчэннямі ў зоне кантакту. якія наз. папярэднім зрушэннем; яно прапарцыянальнае прыкладзенай сіле, што павялічваецца ад 0 да некаторага максімуму (пункт A на рыс.) і наз.сілай трэння спакою. Калі гэтая сіла перавысіць крытычнае значэнне, папярэдняе зрушэнне пераходзіць у слізганне, а сіла Т. памяншаецца і перастае залежаць ад перамяшчэння (сіла трэння слізгання). З-за хвалістасці і шурпатасці паверхняў Т. дотык цел адбываецца толькі ў асобных «плямах», сканцэнтраваных на вяршынях выступаў. У залежнасці ад характару дэфармавання паверхневага слоя адрозніваюць Т. пры пругкім, пластычным кантактаванні і пры мікрарэзанні. Пры нарастанні нагружанасці кантакту знешняе Т. пераходзіць ва ўнутранае трэнне (гл.Вязкасць). Нагрузка, пры якой знешняе -Т. парушаецца для дадзенай пары трэння, наз. парогам знешняга Т. Сілы Т. качэння значна меншыя за сілы Т. слізгання. Т. адыгрывае вял. ролю ў тэхніцы. На ім заснавана дзеянне фрыкцыйных механізмаў і раменных перадач, тармазных прылад. перамяшчэнне трансп. сродкаў. Шкоднае дзеянне Т. выяўляецца ў награванні і заўчасным зношванні машын і механізмаў (яго памяншаюць змазкай і выкарыстаннем падшыпнікаў). Матэрыялы для пар Т. падбіраюць паводле характару міжмалекулярнага ўзаемадзеяння, па іх мех. уласцівасцях і здольнасці фарміраваць ахоўную плёнку, Шырока выкарыстоўваюць металапалімерныя кампазіцыі. змазвальныя спечаныя матэрыялы, а таксама спец.тэхнал. спосабы нанясення пакрыццяў для паляпшэння ўмоў трэння. Гл. таксама Трыбатэхніка, Трыбафатыка.
Літ.:
Дерягин Б.В. Что такое трение? 2 изд. М., 1963;
Крагельский И.В. Трение и износ. 2 изд. М., 1968;
Опейко Ф.А. Математическая теория трения. Мн., 1971;
Михин Н.М. Внешнее трение твердых тел. М., 1977.
А.П.Ласкаўнёў.
Значэнне сілы трэння ў залежнасці ад адноснага зрушэння цел, якія труцца, пры іх зруху, што пераходзіць у слізганне: A — пункт максімальнага значэння сілы трэння спакою (зрушэння); A1, A2 — пачатковае і канчатковае значэнні сілы трэння слізгання.