ТРЭ́МЛЯ,

рака ў Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 80 км, пл. вадазбору 769 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Раманішчы Акцябрскага р-на, цячэ па тэр. Калінкавіцкага, Петрыкаўскага і Мазырскага р-наў, пераважна па ўсх. ускраіне Прыпяцкага Палесся, вусце ў межах Мазырскага р-на, за 2,7 км на ПдЗ ад в. Міхнавічы Калінкавіцкага р-на. Асн. прытокі: р. Мядзведзь, канава Дубнянская, канал Плясецкі (злева). Даліна невыразная, схілы спадзістыя, пойма двухбаковая. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу 73,5 км. Берагі стромкія, умерана стромкія, абрывістыя. Замярзае ў сярэдзіне снеж., веснавое разводдзе ў канцы 2-й дэкады сак., працягласць 39 сут. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2,9 м³/с.

т. 16, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)