ТРЭНЦІ́НА-А́ЛЬТА-А́ДЫДЖЭ (Trentino-Alto Adige),
вобласць на Пн Італіі, у Альпах, у верхнім цячэнні р. Адыджэ. Уключае прав. Бальцана і Трэнта. Адм. ц. — г. Трэнта. Пл. 13,6 тыс. км². Нас. каля 1 млн. чал. (2001), значную частку складаюць немцы-цірольцы. Рэльеф горны і перадгорны. Клімат умераны. У эканоміцы пераважае прам-сць. ГЭС на горных рэках (каля 20% вытв-сці электраэнергіі ў Італіі). Асн. галіны прам-сці: электрахімія, электраметалургія, машынабудаванне (трансп., электратэхн. і інш.), дрэваапр., тэкст., харчовая. Сельская гаспадарка ў горных далінах. Больш за 80% зямлі пад лугамі і пашай, 10% — пад садамі і вінаграднікамі, каля 6% — пад ворывам. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, кукурузу, бульбу. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу. Турызм.
т. 16, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)