Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎДНЁВАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ,

тайная рэв. арг-цыя дзекабрыстаў на Украіне і ў Бесарабіі. Створана ў сак. 1821 членамі Тульчынскай управы б. агульнарас. дзекабрысцкай арг-цыі «Саюз дабрабыту» (распалася ў пач. 1821). Узначальвалася «Дырэкторыяй» у складзе П.І.Песцеля, А.В.Юшнеўскага, М.М.Мураўёва. З 1823 падзялялася на ўправы — Тульчынскую, Каменскую і Васількоўскую, мела філіял у Пецярбургу. Праграма т-ва«Руская праўда» Песцеля — прадугледжвала знішчэнне прыгонніцтва і ўстанаўленне рэсп. ладу. П.т.д. у 1823—25 вяло перагаворы з Патрыятычным таварыствам (дзейнічала на тэр. б. Рэчы Паспалітай, у т. л. на Беларусі), у 1825 прыняло ў свой склад Таварыства з’яднаных славян 1823—25. Спыніла існаванне пасля задушэння Чарнігаўскага палка паўстання (15.1.1826).

т. 12, с. 192

ПАЎДНЁВАЙ СІБІ́РЫ ГО́РЫ,

горная краіна на Пд Сібіры, якая ўключае Алтай, Салаірскі краж, Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх. Саяны, горы Тывы, Прыбайкалля, Забайкалля, Станавы хрыбет, а таксама міжгорныя катлавіны: Кузнецкая, Мінусінская, Тувінская, Таджынская і інш. Пл. каля 1,6 млн. км². Горы складзены пераважна з пратэразойскіх і ніжнепалеазойскіх парод. Ва ўтварэнні рэльефу вял. ролю адыгралі мезакайназойскія і найноўшыя тэктанічныя рухі. Пераважае сярэднягорны (800—2000 м) рэльеф; для асобных хрыбтоў і масіваў характэрны высакагорны рэльеф і сучаснае зледзяненне; у перыферычнай ч. — нізкагор’і (300—800 м). Найвышэйшы пункт — г. Бялуха (4506 м). Высокая сейсмічнасць. Радовішчы руд каляровых і рэдкіх металаў, каменнага вугалю, азбесту. На схілах горна-таежныя лістоўнічныя і цемнахвойныя лясы, вышэй за 2000—2500 м — горныя тундры і альпійскія лугі; у міжгорных катлавінах стэпы.

т. 12, с. 193

«ПАЎДНЁВАРАСІ́ЙСКІ САЮ́З РАБО́ЧЫХ» 1875,

першая рэв. паліт. арг-цыя рабочых на Украіне і ў Расіі. Засн. ў пач. 1875 у г. Адэса Я.​В.​Заслаўскім. Налічваў 6 груп, 60 чл., каля 200 чал. спачувальных. У статуце «Саюза», складзеным пад уплывам статута Інтэрнацыянала 1-га сцвярджалася, што рабочыя здольны дамагчыся прызнання сваіх правоў «толькі пры дапамозе насільнага перавароту, які знішчыць усялякія прывілеі і перавагі і зробіць працу асновай асабістага і грамадскага дабрабыту». На погляды членаў «П.с.р.» моцна ўплывала народніцкая ідэалогія. «Саюз» прапагандаваў свае погляды сярод рабочых, удзельнічаў у арг-цыі 2 стачак у Адэсе, праводзіў штотыднёвыя сходкі рабочых і сходы прадстаўнікоў груп, імкнуўся пашырыць дзейнасць на гарады Мікалаеў, Харкаў, Таганрог, Севастопаль, Керч, Растоў-на-Доне, атрымліваў рэв. выданні з Лондана. У канцы 1875 — пач. 1876 «Саюз» разгромлены паліцыяй: 60 чал. арыштаваны, 15 чал., у т. л. Заслаўскі, асуджаны на розныя тэрміны катаргі, турмы і ссылкі.

В.​В.​Шамко.

т. 12, с. 193

«ПАЎДНЁВАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ САЮ́З»,

рэвалюцыйная рабочая арг-цыя народніцкага кірунку ў Кіеве ў 1880—81. Засн. вясной 1880 членамі партыі «Чорны перадзел» Л.​М.​Кавальскай і М.​П.​Шчадрыным. Праграма «Саюза» прадугледжвала звяржэнне самадзяржаўя, перадачу сродкаў вытв-сці ва ўласнасць народа, устанаўленне дэмакр. свабод; у якасці асн. тактыкі прапаноўвала «фабрычны тэрор» (псаванне машын, падпалы прадпрыемстваў, збіванне і забойства майстроў і фабрыкантаў). «Саюз» меў уласную друкарню, дзе друкаваў рэв. пракламацыі, распрапагандаваў каля 1000 рабочых. На працягу зімы і вясны 1881 «П.р.с.» разгромлены паліцыяй, кіраўнікі асуджаны на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.

т. 12, с. 193

ПАЎДНЁВАСЛАВЯ́НСКІ КАМІТЭ́Т (Jugoslavenski odbor),

палітычная арг-цыя паўднёваславянскіх эмігрантаў з Харватыі, Далмацыі, Славеніі і Босніі ў 1915—18. Засн. ў Лондане ў маі 1915. Змагаўся за вызваленне паўд.-слав. зямель Аўстра-Венгрыі і аб’яднанне іх з Сербіяй і Чарнагорыяй у адзіную незалежную дзяржаву. Гэтыя планы адлюстраваны ў пагадненні старшыні к-та А.Трумбіча з прэм’ер-міністрам Сербіі Н.​Пашычам у ліп. 1917 (гл. Корфская дэкларацыя 1917). П.к. спыніў існаванне пасля стварэння (снеж. 1918) Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія).

т. 12, с. 194

ПАЎДНЁВАЯ А́ЗІЯ,

прыродная вобласць у Азіі. Уключае п-аў Індастан з суседнімі астравамі, Інда-Гангскую раўніну і яе горнае абрамленне (паўд. схілы Гімалаяў, Гіндукуша, паўд.-ўсх. ўскраіну Іранскага нагор’я). Пл. 4,5 млн. км². Нас. каля 1300 млн. чал. (1999), Прыродная расліннасць: трапічныя лясы, саванны, на З участкі пустынь і паўпустынь. На раўнінах пераважае арашальнае земляробства. На тэр. П.А. знаходзяцца дзяржавы: Індыя, Пакістан, Бангладэш, Непал, Бутан, Шры-Ланка і Мальдывы; зрэдку ў склад П.А. ўключаюць Паўднёва-Усходнюю Азію.

т. 12, с. 194

ПАЎДНЁВАЯ АМЕ́РЫКА,

мацярык у Зах. паўшар’і, разам з Паўночнай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 18,28 млн. км², без астравоў 18,1 млн. км². Паўн. пункт — мыс Гальінас 12°25 паўн. ш., паўд. — мыс Фроўард 53°54 паўд. ш. (мыс Горн на в-ве Горн — 55°59 паўд. ш.), усх. — мыс Кабу-Бранку 34°46 зах. д., зах. — мыс Парыньяс 81°20 зах. д. Працягласць з Пн на Пд 7150 км, з У на З да 5150 км. На Пн Панамскім перашыйкам злучана з Паўн. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пд — Магеланавым пралівам. Берагі пераважна прамыя, на ПдЗ значна парэзаны фіёрдамі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу: на З — Гуаякіль, на Пн — Венесуэльскі і возера-лагуна Маракайба, на ПдУ — Ла-Плата. Да П.А. адносяць архіпелагі Вогненная Зямля і Чылійскі, а-вы Галапагас, Фалклендскія (Мальвінскія) і інш.

Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 580 м. На З — горная сістэма Андаў выш. да 6960 м (г. Аканкагуа), складаецца з горных ланцугоў і высокіх плато паміж імі. На У Бразільскае пласкагор’е і Гвіянскае пласкагор’е. Паміж Андамі і пласкагор’ямі Амазонская нізіна, раўніны і нізіны Гран-Чака, Лаплацкая нізіна і нізіна Арынока; паверхня іх раўнінная, рачныя даліны ўрэзаны слаба. На Пд плато Патагоніі.

Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах вылучаюцца 2 асн. структуры: геасінклінальная на 3, платформавая на У. Фарміраванне Андаў пачалося ў познім палеазоі — мезазоі. Гораўтварэнне не закончылася (бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні). На У платформавыя структуры: Паўд.-Амерыканская і Патагонская платформы. Стараж. архейскі фундамент выходзіць на паверхню ў Гвіянскім, Зах.-Бразільскім і Усх.-Бразільскім шчытах. За межамі шчытоў тэр. платформ перакрыты пераважна кантынентальнымі адкладамі. Паміж платформавай і геасінклінальнай абласцямі — тэктанічныя ўпадзіны Арынока, Гран-Чака, Ла-Плата; паміж Андамі, Гвіянскім і Зах.-Бразільскім шчытамі — Амазонская ўпадзіна. Упадзіны запоўнены марскімі адкладамі і прадуктамі разбурэння гор. Платформы пачалі фарміравацца ў дакембрыі, у кембрыі злучыліся ў адзін масіў. У трыясе ў бас. р. Парана ўтварыліся разломы і адбыліся вывяржэнні базальтавых лаў.

Карысныя выкапні. П.А. багата карыснымі выкапнямі. Радовішчы нафты і прыроднага газу ў міжгорных і перадгорных прагінах, у прагінах платформ. Найб. запасы ў Венесуэле, Аргенціне, Бразіліі, Калумбіі, ёсць у Эквадоры, Перу, Чылі, Балівіі. Каменны вугаль у Бразіліі, Калумбіі, Венесуэле, Чылі. Вял. запасы медных (Чылі, Перу), жал. (Бразілія, Перу, Венесуэла), марганцавых, тытанавых і хромавых (Бразілія), ванадыевых (Венесуэла, Бразілія, Чылі), вальфрамавых (Балівія, Перу), залатых (Бразілія, Аргенціна, Чылі, Перу), малібдэнавых (Чылі), нікелевых (Бразілія, Калумбія, Венесуэла), алавяных (Бразілія, Балівія), сурмяных (Балівія), уранавых (Бразілія, Аргенціна, Перу), плацінавых (Калумбія), свінцовых і цынкавых (Перу, Бразілія), сярэбраных (Перу, Балівія) руд; баксітаў (Бразілія, Венесуэла, Сурынам). Ёсць рэдкаметальныя руды (берыліевыя, літыевыя, ніобіевыя, танталавыя, цырконавыя), горнахім. сыравіна (барый, борныя руды, калійныя солі, самародная сера, натрыевая салетра. флюарыт, фасфарыты і інш.), алмазы, каштоўныя і вырабныя камяні і інш.

Клімат П.А. абумоўлены размяшчэннем яе пераважна ў экватарыяльным і паўд. трапічным паясах. Характэрна вял. і амаль раўнамернае (акрамя крайняга Пд) паступленне сонечнага цяпла. Сезонныя кліматычныя адрозненні залежаць ад сонечнай радыяцыі, агульнай цыркуляцыі атмасферы, цэнтраў высокага ціску атмасферы. Пераважае экватарыяльная і мусонна-пасатная цыркуляцыя паветра з Атлантычнага ак. На З Амазонскай нізіны вільготны экватарыяльны гарачы клімат без сухога перыяду, на У Амазонскай нізіны — субэкватарыяльны, на Пд — субтрапічны і ўмераны клімат. У паўн. раўніннай частцы т-ра паветра ўвесь год каля 20—28 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год у бас. рэк Арынока і Амазонка. У студз. на Бразільскім пласкагор’і 20—28 °C, у ліп. 12—25 °C, на Лаплацкай нізіне адпаведна 20—24 і 8—16 °C, у Патагоніі 12—23 і 3 °C. Ападкаў на Бразільскім пласкагор’і ад 500 мм на ПнУ да 2000 мм у большай частцы і да 3000 мм на ПдУ, на Лаплацкай нізіне ад 500 мм да 1000 мм, у Патагоніі каля 250 мм. Снегавая лінія ў гарах экватарыяльнай зоны на выш. каля 5 тыс. м, на Пд на выш. каля 1000—1200 м. Максімум ападкаў — да 10 000 мм у гарах на З Калумбіі, да 7000 мм на Пд Чылі; на ўзбярэжжах Перу і Паўн. Чылі (у пустыні Атакама) менш за 100 мм за год.

Унутраныя воды. Па велічыні гадавога сцёку П.А. займае 2-е месца ў свеце — каля 20% сцёку рэк Зямлі (каля 7900 км³/год), па сярэднім слоі сцёку (440 мм) на 1-м месцы ў свеце. Больш за 90% тэр. мацерыка адносіцца да бас. Атлантычнага ак. Найб. рэкі: Амазонка (самая мнагаводная і вял. па пл. басейна ў свеце), Арынока, Парана з Парагваем, Сан-Франсіску, Магдалена. Пераважае дажджавое жыўленне рэк, на Пд Патагоніі снегавое, у Андах месцамі ледавіковае. У экватарыяльных раёнах летнія дажджавыя паводкі і памяншэнне расходаў зімой. Пастаянна паўнаводныя рэкі на З Амазонскай нізіны і на Пд Бразільскага пласкагор’я. Максімум сцёку рэк позняй вясной і летам у Патагоніі і Сярэднім Чылі. На Пн Чылі ў пустыні Атакама сцёк толькі перыядамі. Буйныя азёры Маракайба (на Пн), Тытыкака (на выш. 3812 м) і інш. У Андах ледавікі (больш за 20 тыс. км²), найб. на Пд і на Вогненнай Зямлі.

Глебы і расліннасць. На раўнінах П.А. шыротная занальнасць глеб і расліннасці. У бас. р. Амазонка і на Гвіянскім пласкагор’і вільготныя лясы (гілея) на чырвона-жоўтых латэрытах. Шмат балот. Расліннасць багатая і разнастайная: пальмы, дрэвападобныя папараці, гевея, сейба, фікусы, архідэі. На Пн і Пд ад экватарыяльнай зоны ўмерана вільготныя вечназялёныя лясы і саванны розных тыпаў (льянасы ў бас. р. Арынока, кампас і каатынга на Бразільскім пласкагор’і) на чырвоных, карычнева-чырвоных, чырвона-бурых латэрытных тыпах глеб. Расліннасць у каатынзе — засухаўстойлівыя бутэлечныя і калючыя дрэвы, лісцевыя і сцябловыя сукуленты, у кампасе менш засухаўстойлівыя нізкарослыя дрэвы, кусты і злакі, у льянасах — акацыі, мімозы, кактусы, травы. На Пд Бразільскага пласкагор’я лясы з бразільскай араўкарыі, лісцевых дрэў, кустоў. У бас. р. Парана і на Лаплацкай нізіне на Пн трапічныя лясы і рэдкалессі (кебрача, альгараба і інш.), глебы карычнева-чырвоныя, шэра-карычневыя, шэразёмы, на Пд пампа — злакавае разнатраўе на чарназёмах. У Патагоніі расліннасць паўпустынная, куставая, на бурых, пераважна друзавых, глебах. У Андах выяўляецца верт. пояснасць: у паўд. Андах лясы з паўд. буку, араўкарый, на ўсх. схілах пераважна лясная, на З, Паўн. Чылі і Перу, а таксама ва ўнутр. раёнах — пустынная і паўпустынная расліннасць. П.А. — радзіма бульбы, тытуню, батату, маніёку, гевеі, арахісу і інш.

Жывёльны свет. П.А. ўваходзіць у Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Жывёльны свет багаты і своеасаблівы. Для большай ч. мацерыка характэрны браняносцы, тапіры, пекары, ягуар, грывасты воўк, малпы, яноты, скунсы, дзікабразы; з птушак — туканы, папугаі, калібры, гаацын, кондар; у рэках — ламанціны, рачныя дэльфіны, каля 2 тыс. відаў рыб. Мноства насякомых і павукоў. У саваннах і рэдкалессях алені, грызуны, страус нанду, на Пд у пампе, стэпах і паўпустынях пума, пампасны алень, грызуны. У пустынных высакагор’ях — гуанака і вікунья, рэліктавы мядзведзь-акулярнік. Шмат эндэмікаў: шыраканосыя малпы, ляніўцы, мурашкаеды, апосумы.

Насельніцтва. У П.А. жыве каля 350 млн. чал. (1999). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 19,1 чал. на 1 км². Найбольшая (больш за 100 чал. на 1 км²) у міжгорных далінах Андаў, у сярэдняй ч. Чылі, найб. асвоеных раёнах Аргенціны і Бразіліі. Найменшая шчыльн. (каля 1 чал. на 1 км²) у асобных раёнах бас. р. Амазонка, самых высакагорных раёнах Андаў, на Пд Патагоніі, на Фалклендскіх а-вах і інш. У краінах П.А. пераважае гарадское насельніцтва, найбольш у Уругваі (91%), Аргенціне (88%), Венесуэле (86%), Чылі (84%), Бразіліі (79%). Карэнныя жыхары П.А. — індзейцы. З канца 15 ст. П.А. пачалі заваёўваць і каланізаваць іспанцы і партугальцы, яны прывозілі як рабоў афр. неграў. У выніку каланізацыі, распаўсюджаныя цяжкіх хвароб мноства абарыгенаў загінула, шмат плямён вымерлі. Сярод сучасных індзейскіх народаў найбольшыя кечуа (14,9 млн.), аймара (2,2 млн.), араўканы (0,9 млн.). Паводле расавага складу насельніцтва П.А. мангалоіды (індзейцы), еўрапеоіды, негроіды, метысы (ад змяшання еўрапейцаў з мясц. нас.), мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання), самба (змешаны індзейска-негроідны антрапал. тып). Ёсць нядаўнія эмігранты — іспанцы, партугальцы, італьянцы, немцы, яўрэі, палякі, рускія, украінцы, японцы. У Аргенціне жывуць беларусы (каля 5 тыс.) і іх нашчадкі; ёсць звесткі пра групы беларусаў і іх нашчадкаў у Парагваі, Уругваі, на Пд Бразіліі. У П.А. пашыраны раманскія мовы — ісп. (большасць краін), партуг. (Бразілія), франц. (Гвіяна Французская). Англ. (Гаяна і Фалклендскія а-вы) і галандская (Сурынам) мовы адносяцца да германскай групы. У Парагваі гавораць на мовах ісп. і гуарані. Вернікі — пераважна католікі, ёсць пратэстанты і праваслаўныя; выхадцы з Азіі вызнаюць іслам, будызм, сінтаізм і інш., некат. індзейскія плямёны прытрымліваюцца сваіх традыц. вераванняў. Гл. таксама Народы Амерыкі.

Палітычны падзел. На тэр. мацерыка размешчана 12 дзяржаў: Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Гаяна, Калумбія, Парагвай, Перу, Сурынам, Уругвай, Чылі, Эквадор. Гвіяна Французская — уладанне Францыі, Фалклендскія а-вы належаць Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна). Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.

Да арт. Паўднёвая Амерыка. Ландшафт цэнтральнай часткі Эквадора.
Пласкагор’е Альтыплана ў Балівіі.
На беразе Амазонкі.
Перадгор’і Андаў у Аргенціне.
Узбярэжжа Ціхага акіяна ў Чылі.

т. 12, с. 194

ПАЎДНЁВАЯ АСЕ́ЦІЯ, Цхінвальскі рэгіён,

гісторыка-геаграфічная вобласць на Пн Цэнтр. Грузіі, размешчаная на паўд. схілах і ў перадгор’і Вял. Каўказа ў далінах рэк Вял. і Малая Ліяхві, Ксані, Меджуда і інш. (усе прытокі Куры) і населеная пераважна асецінамі (адсюль назва).

Тэр. П.А. заселена чалавекам з часоў палеаліту. У 2—1-м тыс. да н.э. адбываўся распад першабытнаабшчынных і зараджэнне раннякласавых адносін. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. — 4 ст. н.э. тэр. П.А ў складзе Керыі (Картлі), потым пад уладай дзяржавы Сасанідаў, Візантыі, арабаў. З канца 10 ст. ў складзе адзінага Грузінскага царства, з 2-й пал. 15 ст. Картлійскага, з 1762 — Картлійска-Кахецінскага царстваў. З 13 ст. ў П.А. развіваліся феад. адносіны. У 13 — канцы 14 ст., ратуючыся ад нашэсцяў мангола-татар і Цімура (Тамерлана) ч. асецінаў (аланаў) з Паўн. Прыкаўказзя перасялілася ў цясніны Вял. Каўк. хрыбта, адкуль яны спачатку засялілі высакагорную ч. сучаснай П.А. а ў 17—18 ст. — яе перадгорную зону. У 1801 П.А. ў складзе Усх. Грузіі далучана да Расіі (з 1849 у Тыфліскай губ.). Прыгонніцкі прыгнёт і калан. палітыка царызму выклікалі буйныя сял. паўстанні 1810, 1830, 1840, 1850. Прыгоннае права ў П.А. скасавана ў 1864 Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П.А была базай бальшавікоў у барацьбе супраць меншавіцкіх улад Грузінскай Дэмакр. Рэспублікі, у 1919—20 тут адбыліся шматлікія антыменшавіцкія паўстанні. Сав. ўлада ўстаноўлена ў лют. 1921 пасля заняцця Грузіі Чырв. Арміяй.

20.4.1922 утворана Паўд.-Асецінская аўт. вобласць (3,9 тыс. км², 99 тыс. жыхароў у 1990, цэнтр — г. Цхінвалі) у складзе Грузінскай ССР. У 1990 улады Грузіі скасавалі аўтаномію П.А., пасля чаго тут 19.9.1990 абвешчана афіцыйна не прызнаная Рэспубліка Паўднёвая Асеція. Гэтыя падзеі справакавалі грузіна-асецінскі ўзбр. канфлікт, які прывёў да вял. чалавечых ахвяр і матэрыяльных страт, вымусіў тысячы людзей (грузін, асецінаў і інш.) стаць бежанцамі. Паводле падпісанага ў чэрв. 1992 Пагаднення аб прынцыпах урэгулявання канфлікту сітуацыю ў П.А. ўзялі пад кантроль Змешаныя рас.-груз.-асецінскія сілы па падтрыманні міру, але і дагэтуль яе юрыд. статус у складзе Грузіі не ўрэгуляваны.

т. 12, с. 197

ПАЎДНЁВАЯ АЎСТРА́ЛІЯ (South Australia),

штат Аўстралійскага Саюза каля ўзбярэжжа Вял. Аўстралійскага зал. Індыйскага акіяна. Пл. 984,4 тыс. км². Нас. 1479,8 тыс. чал. (1997). Каля 90% насельніцтва жыве ў гарадах. Адм. ц.г. Адэлаіда. У рэльефе пераважаюць пустынныя раўніны з асобнымі ізаляванымі горнымі масівамі (Масгрэйв, Сцьюарт і інш.) і ўпадзінамі з салёнымі азёрамі (Эйр, Гэрднер, Торэнс і інш.). На ПдУ — раўніна р. Мурэй. Расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі вечназялёныя хмызнякі. Развіты сельская гаспадарка і прам-сць. Здабыча меднай і жал. руд, прыроднага газу, каменнага вугалю. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, у т. л. агульнае, дакладнае, с.-г., эл.-тэхн., судна- і аўтабудаванне; нафтахімія, вінаробства, мукамольная, кансервавая, тэкст., швейная, абутковая. Гал. прамысл. цэнтры Адэлаіда, Уаяла, Порт-Піры. Сеюць пшаніцу, ячмень, авёс. Садоўніцтва і вінаградарства (каля 50% збору вінаграду ў краіне). Гадуюць мерыносавых авечак (пагалоўе каля 20 млн.) і буйн. раг. жывёлу. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Важнейшы порт Адэлаіда.

т. 12, с. 197

ПАЎДНЁВАЯ ГЕО́РГІЯ (South Georgia),

вулканічны востраў на ПдЗ Атлантычнага ак. ў Антарктыцы. Пл. каля 4,2 тыс. км². Выш. да 2934 м (г. Паджэнт). Значная ч. вострава ўкрыта снегам і лёдам. Шмат марскіх птушак, калоніі пінгвінаў, лежбішчы марскіх ільвоў і сланоў. Адкрыты ў 1775 экспедыцыяй Дж. Кука. Названы ў гонар англ. караля Георга III. У 1905—50 на востраве працавала аргенцінская метэаралагічная станцыя. Назіранні працягваюцца на англ. станцыі Грутвікен (порт на мысе Кінг-Эдуард).

т. 12, с. 198