Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАГАРЭ́ЛАЕ,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе р.п. Градзянка — в. Лапічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 км на Пн ад г. Асіповічы, 150 км ад Магілёва, 9 км ад чыг. ст. Градзянка. 398 ж., 140 двароў (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 476

ПАГАРЭ́ЛАЎ (Аляксей Васілевіч) (н. 3.3.1919, г. Кароча Белгародскай вобл., Расія),

украінскі матэматык. Акад. Рас. АН (1976; чл. кар. 1960) і АН Украіны (1961; чл.-кар. 1951). Скончыў Харкаўскі ун-т (1941) і Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1945). У 1947—60 у Харкаўскім ун-це, у 1959—60 заг. аддзела Ін-та матэматыкі АН УССР, з 1960 заг. аддзела Фіз.-тэхн. ін-та нізкіх т-р АН УССР (Харкаў). Навук. працы па асновах геаметрыі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, пабудове поўнай тэорыі выпуклых паверхняў, даследаваннях выгінанняў паверхняў, стварэнні і выкарыстанні геам. метадаў пры вывучэнні дэфармацый тонкіх абалонак. Поўнасцю рашыў чацвёртую праблему Гільберта. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1950 і УССР 1973. Міжнар. прэмія імя М.І.Лабачэўскага АН СССР 1959.

Тв.:

Основания геометрии. 3 изд. М., 1968;

Четвертая проблема Гильберта. М., 1974;

Многомерная проблема Минковского. М., 1975;

Многомерное уравнение Монжа-Ампера... М. 1988.

Літ.:

А.В.Погорелов // Успехи мат. наук. 1999. Т. 54, вып. 4.

А.В.Пагарэлаў.

т. 11, с. 476

ПАГАРЭ́ЛАЎ (Леў Мікалаевіч) (н. 27.6.1929, г. Ачакаў Мікалаеўскай вобл., Украіна),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Адэскі інж.-буд. ін-т (1954). У 1954—91 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1964 кіраўнік майстэрні). Асн. работы (у Мінску): жылыя дамы па вуліцах Казлова, Енісейскай, Апанскага, Партызанскім праспекце, у мікрараёне Чыжоўка (1960—70-я г.), па вул. М.Танка (1977—84, у сааўт.), Омскім зав., на Велазаводскай пл.; масты цераз р. Свіслач па вуліцах Кастрычніцкай і Аранскай (1962); будынкі Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арг-цыі і тэхнікі кіравання (1973), ін-та «Мінскпраект» (1975, абодва ў сааўт.), гасцініц «Турыст» (1972); «Кастрычніцкая» (1980) і «Беларусь» (1987), Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983, у сааўт.), будынак Епархіяльнага ўпраўлення па вул. Вызвалення (1984); станцыі метрапалітэна «Маскоўская» (1984) і «Пралетарская» (1990), б. Дом паліт. асветы (цяпер канцэртная зала «Мінск»; 1987, усе ў сааўт.), і інш. Паводле праектаў П. будуюцца комплекс Дома міласэрнасці (з 1997; царква, дом для састарэлых, школа для дзяцей-інвалідаў, мед. цэнтр), храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне па вул. Каліноўскага (з 1998).

т. 11, с. 476

ПАГАРЭ́ЛЬСКІ (Антоній) (сапр. Пяроўскі Аляксей Аляксеевіч; 9.7.1787, Масква — 21.7.1836),

рускі пісьменнік. Акад. Рас. АН (з 1829). Пабочны сын графа А.К.Разумоўскага. Скончыў Маскоўскі ун-т (1807). З 1820 член Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці. Аповесць «Лафертаўская макоўніца» (1825) пра жыццё мяшчан. На ўкр. этнагр. матэрыяле напісаны цыкл рамант. аповесцей і апавяданняў «Двайнік, або Мае вечары ў Маларосіі» (1828), раман «Манастырка» (1830—33). Аўтар рамана «Магнетызёр» (1830, не завершаны), аповесці-казкі для дзяцей «Чорная курыца, ці Падземныя жыхары» (1829, аднайм. фільм 1980). Пісаў вершы.

Тв.:

Избранное: Проза. Стихотворения. М., 1988;

Двойник: Избр. произв. Киев, 1990;

Волшебные повести. М., 1992.

т. 11, с. 476

ПАГАРЭ́ЛЬСКІ (Платон Мікалаевіч) (1800, Віцебская губ. — 1852),

матэматык-педагог. Скончыў Маскоўскі ун-т (1822). Працаваў у Маскоўскім універсітэцкім пансіёне (1822—29), быў старшым настаўнікам матэматыкі ў Маскоўскай губ. гімназіі (1829—36), інспектарам 1-й Маскоўскай гімназіі (1836—39), дырэктарам Маскоўскай рэальнай гімназіі (1839—52). Аўтар падручнікаў па алгебры і геаметрыі, якія неаднаразова перавыдаваліся. Быў першым (хатнім) настаўнікам матэматыкі П.Л.Чабышова — будучага акадэміка Пецярбургскай АН.

А.Л.Гусак.

т. 11, с. 476

ПАГАСЯ́Н (Рыпсіме Місакаўна) (6.5.1899, Тбілісі —26.11.1972),

армянская паэтэса. Засл. дз. культ. Арменіі (1967). Вучылася ў Закаўказскім ун-це ў Тбілісі. Друкавалася з 1919. Першы зб. «Вершы» (1930). У кнігах паэзіі «Разам з сынамі» (1942), «Радасць» (1948), «Вершы» (1950), кн. нарысаў «Рэха. Успаміны» (1973) і інш. маст. асэнсаванне агульначалавечых і нац. праблем, адвечнага і сучаснага. Аўтар зб-каў вершаў і паэм для дзяцей «Шоўк» (1931), «Мацярынскае» (1936), «Мая кветка» (1953) і інш. Адна з першых перакладчыц твораў Я.Купалы на арм. мову. На бел. мову асобныя творы П. пераклаў Х.Жычка.

Тв.:

Рус. пер. — Родные люди. М., 1960.

т. 11, с. 476

ПА́ГА-ПА́ГА (Pago Pago),

горад, адм. цэнтр Усх. Самоа (уладанне ЗША), на в-ве Тутуіла. Каля 4 тыс. ж. (1999). Порт на Ціхім ак. Міжнар. аэрапорт. Рыбакансервавыя прадпрыемствы. Вываз копры і кансерваў тунца. Ваен.-марская база ЗША.

т. 11, с. 476

ПАГІРЭ́ЙЧЫК (Васіль Паўлавіч) (1900, в. Козырава, цяпер у межах Мінска — 7.5.1920),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну 1918—20. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў супраць Калчака, атамана Сямёнава. У час акупацыі Беларусі ў 1919—20 польск. войскамі пам. камандзіра падрыўнога атрада козыраўскіх партызан. 27.4.1920 арыштаваны дэфензівай і з 7 партызанамі расстраляны ў Камароўскім лесе пад Мінскам.

т. 11, с. 477

ПАГЛЫНА́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ цела, паглынання каэфіцыент,

адносіны патоку выпрамянення, што паглынаецца целам, да патоку, які падае на яго паверхню. Залежыць ад частаты выпрамянення, прыроды рэчыва, формы і т-ры цела. Калі П.з. цела ў некаторым дыяпазоне частот і т-р роўная 1, то цела лічыцца абсалютна чорным. П.з. уваходзіць у Кірхгофа закон Выпрамянення і характарызуе адхіленне паглынальных уласцівасцей дадзенага цела ад уласцівасцей абсалютна чорнага цела.

т. 11, с. 477

ПАГЛЫНА́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

уласцівасць глебы затрымліваць (паглынаць) рэчывы і цвёрдыя часцінкі, што перамяшчаюцца ў ёй. Мех. П.з.г. абумоўлена адфільтроўваннем у ёй ускаламучаных у вадзе часцінак, фіз.адсорбцыяй рэчываў глебавага раствору на паверхні часцінак глебы, фізіка-хім. — эквівалентным абменам іонамі (пераважна катыёнамі) паміж цвёрдай ч. глебы і глебавым растворам (абменнае паглынанне) і ўкараненнем катыёнаў у крышт. рашотку глебавых мінералаў (неабменнае паглынанне), хім.хім. узаемадзеяннем іонаў са злучэннямі глебы з утварэннем цяжка- і нерастваральных солей, што далучаюцца да цвёрдай ч. глебы, біял.сорбцыяй рэчываў глебавымі мікраарганізмамі і каранямі раслін. Адыгрывае важную ролю ў выветрыванні горных парод, вышчалочванні глеб і інш. глебавых працэсах, значна ўплывае на ўрадлівасць глебы; улічваецца пры ўнясенні ўгнаенняў і хім. меліярацыі глеб.

т. 11, с. 477