Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУ́ТНІКІ,

катэгорыя збяднелых маламаёмных ці беззямельных сялян у ВКЛ у 16—18 ст., якія не мелі ўласнай хаты і таму наймалі для жылля кут (адсюль назва). Займаліся пераважна рамяством, промысламі, выконвалі работы па найму. Асн. іх павіннасцю быў чынш, памеры якога ў розных уладаннях былі неаднолькавыя. Працэс фарміравання К. на Беларусі пачаўся ў канцы 16 ст. ў сувязі з пашырэннем феад.-прыгонніцкай гаспадаркі, узмацненнем феад. прыгнёту. Найб. іх было на У Беларусі. У зах. і цэнтр. раёнах іх часцей называлі каморнікамі. Гіст. крыніцы часта атаясамліваюць К. з бабылямі і лёзнымі людзьмі. У сувязі з рэалізацыяй абавязковай інвентарнай рэформы 1840—50-х г. К. зліліся з асн. масай цяглых сялян.

В.І.Мялешка.

т. 9, с. 59

КУТО́Н (Couthon) Жорж Агюст

(22.12.1755, Арсэ, каля г. Клермон-Феран, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99, адзін з лідэраў якабінцаў. Адвакат. У 1789 старшыня трыбунала ў г. Клермон-Феран. З 1791 член Заканад. сходу, з 1792 — Канвента, у 1793 і К-та грамадскага выратавання Канвента. Разам з М.Рабесп’ерам і Л.А.Сен-Жустам узначальваў урад якабінскай дыктатуры. У жн.кастр. 1793 удзельнічаў у задушэнні антыякабінскага паўстання ў г. Ліён. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 гільяцінаваны.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв., 1793—1791. М., 1994.

т. 9, с. 60

КУТО́РЫ

(Neomys),

род млекакормячых сям. землярыйкавых. 2 віды: К. звычайная, або вадзяная (N. fodiens), і К. малая (N. anomalus). Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць каля вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. На Беларусі — абодва віды, К. малая больш рэдкая, трапляецца пераважна на Пд.

Даўж. цела да 10 см, хваста да 8 см, маса да 20 г. Поўсць чорная або бурая, на брушку белая або шараватая, кароткая, аксаміцістая. Пыска падоўжаная з вібрысамі. На задніх лапах плавальная аблямоўка з цвёрдых валаскоў. Кормяцца насякомымі, чарвямі, жабамі, ікрой, маляўкамі рыб. Гнёзды ў норах або на купінах у траве. Нараджаюць да 14 дзіцянят.

Э.Р.Самусенка.

Кутора звычайная.

т. 9, с. 60

КУТРУ́ХІН Канстанцін Пракопавіч

(1.2.1916, в. Удзельны Шумец Чэбаксарскага р-на, Чувашская Рэспубліка, Расія — 27.6.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1943. Камандзір аддзялення сяржант К. вызначыўся пры фарсіраванні Зах. Дзвіны ў Віцебскай вобл.: у баі за в. Хадакова Ушацкага р-на закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. На месцы подзвігу мемар. знак.

К.П.Кутрухін.

т. 9, с. 60

КУТУ́ЗАЎ Мікалай Васілевіч

(н. 17.4.1926, Масква),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Нар. арт. Расіі (1975). Нар. арг. СССР (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас У.Сакалова). З 1950 хормайстар, з 1954 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Акад. хору рус. песні Дзярж. тэлебачання і радыё Расіі. З 1975 выкладае ў Рас. акадэміі музыкі (з 1985 праф.). Аўтар песень і харавых твораў. Апрацаваў для хору больш за 300 рус. нар. песень. Дзярж. прэмія Расіі 1982.

т. 9, с. 60

КУТУ́ЗАЎ, Галянішчаў-Кутузаў Міхаіл Іларыёнавіч (16.9 1745, С.-Пецярбург — 28.4.1813), расійскі палкаводзец, дыпламат. Ген.-фельдмаршал (1812), святлейшы́ князь Смаленскі (1812). Вучань А.В.Суворава. Скончыў артыл.-інж. школу ў Пецярбургу (1759). Удзельнік экспедыцый рас. войск у Рэч Паспалітую 1764—65, 1769 і 1792, рус.-тур. войнаў 1768—74 (у выніку ранення страціў правае вока) і 1787—91. У 1776—79 памочнік Суворава ў Крыме. У 1792—94 пасол у Канстанцінопалі (Стамбуле). З 1795 камандуючы рас. сухап. войскамі, флотам і крэпасцямі ў Фінляндыі. У 1799—1801 і 1809—11 літоўскі, у 1801—02 пецярбургскі ваен. губернатар, потым да жн. 1805 у адстаўцы. Галоўнакамандуючы рас. войскамі ў руска-аўстра-французскую вайну 1805 (гл. таксама Аўстэрліцкая бітва), рус.-тур. вайну 1806—12 (з сак. 1811 дамогся заключэння Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812) і вайну 1812 (са жн., у т.л. правёў Барадзінскую бітву 1812). У час Бярэзінскай аперацыі 1812 быў у Копысі, потым у мяст. Круглае, Жукавец, Радашковічы і інш. месцах. У звароце да жыхароў ВКЛ (8 снеж. 1812), а таксама ў лістах П.В.Чычагаву (9 снеж.) і А.Л.Гарчакову (28 снеж.) патрабаваў, каб рас. войскі не пакідалі жыхароў бел. губерняў без харчавання, не чынілі ім крыўды. З лют. 1813 галоўнакаманд. саюзнымі рас. і прускімі войскамі (гл. Замежныя паходы рускай арміі 1813—14); памёр у г. Бунцлаў (цяпер Баляславец, Польшча). Пахаваны ў Казанскім саборы ў Пецярбургу, каля якога яму пастаўлены помнік. З 1942 вышэйшыя камандзіры Сав. Арміі ўзнагароджваліся ордэнамі К. трох ступеней (захаваўся ў арміі Рас. Федэрацыі).

Тв.:

Письма, записки. М., 1989.

Літ.:

Жилин П.А Фельдмаршал М.И.Кутузов: Жизнь и полководческая деятельность. 3 изд. М., 1987.

У.Я.Калаткоў.

М.І.Кутузаў.

т. 9, с. 60

КУТШЭ́БА (Kutrzeba) Станіслаў

(15.11.1876, г. Кракаў, Польшча — 7.1.1946),

польскі гісторык. Чл. Польскай АН у Кракаве (1918). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1898), з 1908 праф. гісторыі права ў ім. У 1926—39 ген. сакратар, у 1939 прэзідэнт Польскай АН у Кракаве. У 2-ю сусв. вайну вязень канцлагера Заксенгаўзен (1939—40), арганізатар падп. ун-та ў Кракаве (1942). Чл. Краёвай Рады Нарадовай (1945), удзельнік міжнар. канферэнцыі ў Маскве, у выніку якой створаны Часовы ўрад нац. адзінства. Даследаваў гісторыю дзяржавы і права Польшчы і Рэчы Паспалітай. Аўтар прац: «Суды земскія і гродскія ў сярэднія вякі» (1901—02), «Нарыс гісторыі дзяржаўнага і грамадскага ладу Польшчы» (т. 1—4, 1905—17), «Старажытнае польскае судовае права» (т. 1—2, 1921), «Гісторыя крыніц старажытнага польскага права» (т. 1—2, 1925—26). Выдаў зб. дакументаў: «Акты уніі Польшчы з Літвой 1385—1791» (1932, з У.Сямковічам), «Польскія вайсковыя палажэнні і артыкулы з XV да XVIII ст.» (1937) і інш.

т. 9, с. 60

КУТЫ́КУЛА

(ад лац. cuticula скурка),

1) у жывёл — шчыльнае няклетачнае ўтварэнне на паверхні клетак эпітэліяльнай тканкі. У беспазваночных К. — вытворнае клетак аднаслойнага покрыўнага эпітэлію; выконвае пераважна ахоўную і апорную функцыі. Можа цвярдзець (напр., у членістаногіх), таму на працягу росту арганізма час ад часу скідаецца (гл. Лінька). Складаецца з хіціну, які разам з мінер. рэчывамі і бялкамі надае мех. трываласць, і ліпідаў, што спрыяюць яе воданепранікальнасці. У пазваночных К. — сукупнасць мікраварсінак на паверхні эпітэліяльных клетак, што высцілаюць унутр. органы (напр., кішэчнік, ч. мачавых канальцаў нырак і інш.). Удзельнічае ў функцыянаванні органа. 2)У раслін — слой тлушчавага рэчыва (кутыну), што пакрывае суцэльнай плеўкай паверхню надземных (пераважна лісця, сцёблаў, некат. пладоў) органаў многіх раслін. Малапранікальная для водных раствораў, газаў, патагенных арганізмаў. Будова К. вызначае ахоўныя ўласцівасці эпідэрмы і залежыць ад умоў асяроддзя і ўзросту расліны Напр., гладкая і бліскучая К. лісця трапічных раслін ахоўвае іх ад празмернага выпарэння вады і перагрэву. Моцная К — характэрная прыкмета ксерафітаў.

т. 9, с. 60

КУТЫ́Н,

воскападобнае рэчыва, што выдзяляецца клеткамі эпідэрмісу раслін і адкладваецца (разам з воскам) у выглядзе плеўкі-кутыкулы на вонкавай паверхні клетачнай абалонкі. Па хім. будове — сумесь вышэйшых карбонавых оксікіслот і іх эфіраў. Устойлівы да знешніх уздзеянняў ахоўвае расліны ад страты вады і пашкоджання мікраарганізмамі.

т. 9, с. 60