Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАМА́НДА (франц. commande),

1) вусны загад камандзіра (начальніка) ў кароткай форме, вызначанай воінскімі статутамі.

2) Часовая ці пастаянная вайсковая арганізацыя ад 3 чал. і больш для выканання пэўных абавязкаў па службе ці якіх-н. работ.

3) Падраздзяленне баявой часці (службы) у ВМФ.

4) Спартыўны калектыў.

т. 7, с. 502

КАМА́НДА ў ЭВМ,

спецыяльны двайковы код (прадпісанне, указанне, інструкцыя), які запісаны на машыннай мове дадзенай ЭВМ і вызначае яе дзеянні пры пэўнай аперацыі ў выліч. працэсе. Выконваецца цэнтр. працэсарам) вызначаецца наборам (сістэмай) К., прадугледжаным канструкцыяй машыны. К. адрозніваюцца сваёй структурай (фарматам), складаюцца з некалькіх функцыянальна розных частак (адраснай, аперацыйнай, службовай і інш.), захоўваюцца ў памяці машыны ці ўводзяцца звонку; з імі можна аперыраваць як з лікавымі ці тэкставымі базамі даных.

М.П.Савік.

т. 7, с. 502

КАМА́НДАС (англ. commandos),

1) фарміраванні марской пяхоты і паветр.дэсантных войск асобага (спец.) прызначэння ва ўзбр. сілах Вялікабрытаніі для вядзення дыверсійна-разведвальных дзеянняў у тыле праціўніка. У ЗША такія фарміраванні наз. рэйнджэрамі. Узніклі ў гады 2-й сусв. вайны.

2) Атрады апалчэнцаў у арміі бураў у час англабурскай вайны 1899—1902.

т. 7, с. 502

КАМАНДО́Р (франц. commandeur),

1) адно з вышэйшых званняў у сярэдневяковых духоўна-рыцарскіх ордэнах.

2) Воінскае званне афіцэраў у ваен. флотах некаторых дзяржаў. Часта ўжываецца ў спалучэнні з інш. званнем, напр., капітан-К.; у ВМФ Польшчы існуюць званні К.-падпаручнік, К.-паручнік і К.

3) У Расіі (пач. 18 — пач. 19 ст.) флоцкі чын паміж капітанам 1-га рангу і контр-адміралам.

4) Кіраўнік спарт. прабегу (аўтамаб., матацыклетнага і інш.).

т. 7, с. 502

КАМАНДО́РСКІЯ АСТРАВЫ́,

група з 4 астравоў на мяжы Ціхага ак. і Берынгава м., за 200 км на У ад п-ва Камчатка, у Камчацкай вобл. Расіі. Уключаюць астравы: Берынга (даўж. 85 км, шыр. каля 40 км), Медны (даўж. 56 км, шыр. 5—7 км), 2 маленькія астравы — Тапаркоў і скалу Арый Камень. Агульная пл. 1,8 тыс. км². Выш. да 751 м. Складзены з базальтаў і андэзітаў. Характэрны гарысты рэльеф, частыя землетрасенні. Берагі скалістыя, слаба парэзаныя. Клімат акіянічны. Лета халаднаватае. Сярэдняя т-ра паветра ў жн. 10 °C, у лют. каля -4 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Пераважаюць акіянічныя лугі і горная тундра; у асобных далінах — зараснікі ракітніку, рабіны, бярозы. Лежбішчы марскога коціка, сівуча. На берагах птушыныя базары. Марскі промысел, ахова і нарміраваная здабыча коціка, зверагадоўля (блакітны пясец) Населены пункт Нікольскае (в. Берынга). Адкрыты ў 1741 экспедыцыяй капітан-камандора В.Берынга.

Камандорскія астравы.

т. 7, с. 502

КАМА́НІН (Мікалай Пятровіч) (18.10.1908, г. Меленкі Уладзімірскай вобл., Расія — 13.3.1982),

савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934). Ген.-палк. авіяцыі (1967). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэтычную лётную школу (1928), Ваен.-паветр. акадэмію (1938). Удзельнік выратавання экспедыцыі парахода «Чэлюскін» (1934). У Вял. Айч. вайну камандзір авіяц. корпуса. У 1966—72 у Гал. штабе ВПС, кіраваў падрыхтоўкай касманаўтаў.

т. 7, с. 502

КАМАНІ́ШНІК (Succisa),

род кветкавых раслін сям. варсянкавых. 1 від — К. лугавы (S. pratensis). Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі на нізінных лугах, ускрайках балот, лясных палянах, нар. назвы каманіца, каноплі лясныя, папы.

Шматгадовая травяністая расліна выш. 40—100 см. Сцябло прамастойнае з доўгімі міжвузеллямі. Лісце цэласнае, ланцэтнае, на сцябле супраціўнае, пры корані ў разетцы. Кветкі сіне-фіялетавыя, блакітна-бэзавыя, радзей белыя, у галоўчатых суквеццях. Плод — 4-гранны касматы арэх. Лек., дубільная, фарбавальная і меданосная расліна.

Каманішнік лугавы.

т. 7, с. 502

КАМА́РГ (Camargue),

рэзерват у Францыі, У дэльце р. Рона. Засн. ў 1928 як бат. і заал. рэзерват з ахоўнымі і навук. мэтамі (без ператварэння ў нац. парк з наведваннем турыстамі). Пл. 13,5 тыс. га. Астравы, пратокі, мелкаводдзі, саланчаковыя лугі, балоты. Унікальны лес з рэліктавымі ўчасткамі з ядлоўцу са старымі дрэвамі выш. да 6 м і дыям. ствала да 20 см, з асаблівай флорай лішайнікаў і імхоў. У фауне больш за 300 відаў птушак, месцы масавых зімовак еўрап. качак, гняздоўі ружовых фламінга, белых чапляў і інш.; сярод 30 відаў млекакормячых табуны паўдзікіх белых коней і чорныя быкі; пашыраны амфібіі і паўзуны, у т. л. шматлікія міжземнаморскія віды: перапончатапальцы трытон, ісп. часночніца, сценная яшчарка і інш. У К. знаходзяцца буйны цэнтр па вывучэнні міграцыі птушак, біястанцыя.

т. 7, с. 503

КАМАРГО́ ((Camargo) Мары Ан) (сапр. дэ Кюпіс дэ Камарго, de Cupis de Camargo; 15.4.1710, Брусель — 28.4.1770),

французская танцоўшчыца; рэфарматар сцэн. танца і тэатр. касцюма. У 1726—51 (з перапынкам) вядучая танцоўшчыца Каралеўскай акадэміі музыкі ў Парыжы. Валодала бліскучай віртуознай тэхнікай. Выконвала танц. партыі ў операх, операх-балетах, балетныя антрэ ў пастаноўках лірычных трагедый і гераічных пастаралей. Увяла ў жаночы танец складаныя па, якія раней выконвалі толькі мужчыны, што патрабавала змен у касцюме (падкараціла цяжкія доўгія сукенкі, увяла абутак без абцасаў). Жыццё К. паслужыла сюжэтам для опер, аперэт, балетаў і карцін.

Літ.:

Новерр Ж.Ж. Письма о танце и балетах: (Пер. с фр.]. Л.;

М., 1965.

т. 7, с. 503

КАМАРО́ВА,

вёска ў Свірскім пасялковым Савеце Мядзельскага р-на Мінскай вобл., каля аўтадарогі Полацк—Вільнюс. Цэнтр саўгаса. За 36 км на З ад Мядзеля, 200 км ад Мінска, 16 км ад чыг. ст. Лынтупы. 746 ж., 235 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (пач. 20 ст.).

т. 7, с. 503