КАМА́РГ (Camargue),
рэзерват у Францыі, У дэльце р. Рона. Засн. ў 1928 як бат. і заал. рэзерват з ахоўнымі і навук. мэтамі (без ператварэння ў нац. парк з наведваннем турыстамі). Пл. 13,5 тыс. га. Астравы, пратокі, мелкаводдзі, саланчаковыя лугі, балоты. Унікальны лес з рэліктавымі ўчасткамі з ядлоўцу са старымі дрэвамі выш. да 6 м і дыям. ствала да 20 см, з асаблівай флорай лішайнікаў і імхоў. У фауне больш за 300 відаў птушак, месцы масавых зімовак еўрап. качак, гняздоўі ружовых фламінга, белых чапляў і інш.; сярод 30 відаў млекакормячых табуны паўдзікіх белых коней і чорныя быкі; пашыраны амфібіі і паўзуны, у т. л. шматлікія міжземнаморскія віды: перапончатапальцы трытон, ісп. часночніца, сценная яшчарка і інш. У К. знаходзяцца буйны цэнтр па вывучэнні міграцыі птушак, біястанцыя.
т. 7, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)