Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЛАГЕ́НАВЫЯ ХВАРО́БЫ, калагенозы,

хваробы, пры якіх бывае аднароднае сістэмнае пашкоджанне злучальнай тканкі (асабліва прамежкавага яе рэчыва і валокнаў, што маюць калаген) і сасудаў. Тэрмін прапанаваны амер. патолагаанатамам П.​Клемперэрам (1942). К.х. ўключаюць сістэмную ваўчанку чырвоную, дэрматаміязіт, сістэмную склерадэрмію, рэўматоідны артрыт і інш. Агульная асаблівасць патагенезу К.х.: аўтаімунныя парушэнні, у выніку якіх у розных органах і тканках арганізма падтрымліваецца хранічны імунны запаленчы працэс. Мяркуюць, што хваробы выклікаюцца вірусамі, генет. схільнасцю. Прыкметы К.х.: ліхаманка, артрыты, страта масы цела і інш. трафічныя парушэнні, пашкоджанне ўнутр. органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​Ф.​Сарока.

т. 7, с. 447

КАЛАГЕНА́ЗА,

пратэалітычны фермент з вузкаспецыфічнай накіраванасцю да расшчаплення калагену з выдзяленнем амінакіслаты — аксіпраліну. Паводле саставу блізкая да калагену. У медыцыне К. — ферментны прэпарат, які стымулюе рассысанне тканак, што маюць калаген (напр., рубцовы), адарванне змярцвелых тканак пасля апёкаў, абмаражэння і інш. Атрымліваюць К. з падстраўнікавай залозы забойнай жывёлы.

т. 7, с. 447

КАЛАГЕНО́ЗЫ,

гл. Калагенавыя хваробы.

т. 7, с. 447

КА́ЛАГЭН ((Callaghan) Леанард Джэймс) (н. 27.3.1912, г. Портсмут, Вялікабрытанія),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1945 чл. парламента. У 1951—64, 1970—74 адзін з кіраўнікоў парламенцкай фракцыі лейбарыстаў, чл. «ценявога кабінета» (1961—64, 1970—74). У 1964—67 міністр фінансаў, у 1967—70 — унутр. спраў, у 1974—76 — замежных спраў і па справах брыт. Садружнасці, адначасова ў 1975—76 міністр па пытаннях развіцця заморскіх тэрыторый. У 1976—80 лідэр Лейбарысцкай партыі, у 1976—79 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. У 1979—80 лідэр апазіцыі.

т. 7, с. 447

КАЛА́ДЗЕ (Карло Раждзенавіч) (29.3.1904, г. Кутаісі, Грузія — 11.12.1988),

грузінскі паэт, драматург. У зб-ках вершаў «Хертвіскія досвіткі» (1937), «У родным краі» (1949), «На беразе Чорнага мора» (1962), «Думы» (1970) тэмы станаўлення сацыяліст. рэчаіснасці, нараджэння новай псіхалогіі, маляўнічыя карціны груз. прыроды. Аўтар п’ес «Як гэта было» (1929), «Дом на беразе Куры» (паст. 1931), «Хатыджэ» (паст. 1929), «Камедыя адной ночы» (паст. 1945) і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі У Карызна, В.​Лукша, К.​Цвірка, В.​Шымук.

т. 7, с. 447

КАЛАДЗІ́НСКІ (Міхаіл Аляксандравіч) (19.11.1937, в. Дубічы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.4.1997),

бел. акцёр, тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1972). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). У 1956—72 акцёр Дзярж. т-ра лялек Беларусі, з 1972 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1985 у Бел. АМ. Сярод роляў: Поп і Пан («Дзед і жораў» В.​Вольскага), Васіль-царэвіч («Іван царэвіч і шэры воўк» А.​Бычкова), Вярнідуб («Каваль Вярнідуб» паводле А.​Якімовіча), Кароль («Сярэбраная табакерка» паводле З.​Бядулі), Айбаліт («Доклар Айбаліт» паводле К.​Чукоўскага), Люцыус («Чортаў млын» Я.​Дрды), Пігмаліён («Цудоўная галатэя» Б.​Гадара і С.​Дарваша) і інш. Укладальнік кн. «Народны тэатр» (1983), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1, 1983).

Тв.:

Тэатр лялек Савецкай Беларусі. Мн., 1976.

т. 7, с. 447

КАЛАДЗІШЧА́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Каладзішчанскім с/с Мінскага р-на ў Вял. Айч. вайну. У ліп. створана група на чыг. ст.

Калодзішчы (кіраўнікі М.​М.​Афанасьеў, С.​Э.​Эрдман), у кастр. — у пас. Калодзішчы (А.​Я.​Радзюк, А.​С.​Старасціна), у канцы 1941 — група з тэхн. работнікаў ням. лазарэта (Л.​М.​Сакалова), вясной 1942 — маладзёжная група (М.​І.​Казлоўскі, ВЛ.​Панасюк), у в. Старына і Вадапой (Я.​І.​Міранкоў). Да канца 1942 падполле налічвала 5 груп (каля 70 чал.), якія аб’яднала і ўзначаліла чл. Мінскага патрыят. падполля М.Ф.Млаковіч. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, падп. газ. «Звязда», лістоўкі, зрывалі мерапрыемствы гітлераўцаў, мелі сувязь з партыз. брыгадамі «Разгром», «Дзядзькі Колі», імя Шчорса і інш., перадалі ім шмат зброі, 1000 камплектаў амуніцыі з пакінутых пры адступленні сав. войскамі армейскіх складоў, медыкаменты, бланкі ням. дакументаў, разведданыя. Арганізавалі ўцёкі з лагераў смерці і пераправілі да партызан больш за 400 сав. ваеннапалонных і мясц. жыхароў, ням. афіцэра сувязі ВВС з каштоўнымі дакументамі, разам з партызанамі правялі некалькі дыверсій на чыгунцы.

Л.​В.​Аржаева.

т. 7, с. 447

КАЛАДЗІШЧА́НСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1895—1905 у в. Калодзішчы (цяпер пас. Калодзішчы ў Мінскім р-не). Вырабляла розныя лесаматэрыялы. На фабрыцы дзейнічаў паравы рухавік. У 1900 працавала 30 чалавек.

т. 7, с. 447

КАЛА́Ж (франц. collage літар. наклейванне),

1)у выяўленчым мастацтве — тэхніка выканання маст. твора спосабам наклейвання на якую-н. аснову розных па сваёй прыродзе, фактуры і колеры матэрыялаў; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Выкарыстоўваецца ў графіцы, фотамастацтве, жывапісе для дасягнення большай эмацыянальнай выразнасці і незвычайнасці суадносін фактуры твора.

Тэхніка К. вядома з сярэдневякоўя для надання творам сакральнага характару праз дэкар. ўрачыстасць і святочнасць (візант. і стараж.-рус. абразы з элементамі німбаў і фонаў, выкананых пры дапамозе залатых наклеек). Выкарыстоўваўся ў творах некат. мастакоў Адраджэння (С.​Батычалі і інш.), зах.-еўрап. і рус. мастакоў 18—19 ст., асабліва пашырылася ў творчасці прадстаўнікоў мадэрну, якія надавалі работам выразнае дэкар. гучанне праз выкарыстанне ў жывапісных кампазіцыях разнастайных матэрыялаў (тканіны, сярэбранай ніткі, фольгі, каменьчыкаў і інш.). Як самаст. від маст. дзейнасці і творчага метаду, што адлюстроўваў прынцыпы своеасаблівага ўспрыняцця свету, уведзены ў 20 ст. кубістамі (кампазіцыі П.​Пікасо, Ж.​Брака і інш.). У якасці вобразных сродкаў яны выкарыстоўвалі газеты, шпалеры, этыкеткі, часткі аб’яў і інш. К. стаў адным з гал. прынцыпаў мастацтва авангарду, пашырыўся ў творчасці прадстаўнікоў футурызму (Дж.​Северыні, А.​Кручоных), дадаізму (К.​Швітэрс, Ж.​Грос, М.​Рэй), супрэматызму (К.​Малевіч, У.​Татлін), сюррэалізму (Ж.​Міро, М.​Эрнст), поп-арту (Р.​Гамільтан, Дж.​Дайн) і інш.

У бел. мастацтве тэхніка К. выкарыстоўвалася ў некат. абразах 18—19 ст., у творах мастакоў У.​Стржамінскага, У.​Мудрогіна, М.​Данцыга, М.​Паўлоўскага, М.​Селешчука, Г.​Хацкевіча-Мінскага, В.​Смаляк, Л.​Кальмаевай і інш., асобных кампазіцыях мастакоў тэатра і кіно.

2) У музыцы — выкарыстанне ў муз. творах стылістычна іншародных цытат (з твораў інш. кампазітараў ці ўласных) дзеля дасягнення асаблівых сэнсавых вынікаў. Адзін з прыёмаў тэхнікі полістылістыкі, пашыраны ў 20 ст. Сустракаецца ў творах Ч.​Айвза (квартэт № 2), А.​Берга (Канцэрт для скрыпкі), Л.​Берыо (сімфонія), Дз.​Шастаковіча (сімфонія № 15), Р.​Шчадрына (балет «Ганна Карэніна»); у бел. музыцы — у Дз.​Смольскага («Элегія і Таката памяці Дз.​Шастаковіча»). Эфект К. не ўзнікае пры стылявой асіміляцыі цытаты (паэма «1812 год» П.​Чайкоўскага), у творах з запазычаным тэматызмам («Варыяцыі па тэму Паганіні» І.​Брамса, «Пацалунак феі» І.​Стравінскага).

Літ.:

Музыкальные культуры народов: Традиции и современность. М., 1973.

М.​Л.​Цыбульскі (выяўл. мастацтва), Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 7, с. 447

КАЛА́І-МІР,

старажытнае шматпластавое гарадзішча ў нізоўях р. Кафірніган у Таджыкістане. Выяўлены рэшткі бактрыйскіх пабудоў і прадметы матэрыяльнай культуры з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. па першыя ст. н.э. У выніку даследаванняў К.-М. і гарадзішча Кей-Кабад-шах распрацавана першая стратыграфічная табліца помнікаў Паўн. Бактрыі; вылучаны 5 паслядоўных гіст.-культурных этапаў з 6—4 ст. да н.э. па 3—4 ст. н.э.

т. 7, с. 448