КАЛА́Ж (франц. collage літар. наклейванне),
1)у выяўленчым мастацтве — тэхніка выканання маст. твора спосабам наклейвання на якую-н. аснову розных па сваёй прыродзе, фактуры і колеры матэрыялаў; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Выкарыстоўваецца ў графіцы, фотамастацтве, жывапісе для дасягнення большай эмацыянальнай выразнасці і незвычайнасці суадносін фактуры твора.
Тэхніка К. вядома з сярэдневякоўя для надання творам сакральнага характару праз дэкар. ўрачыстасць і святочнасць (візант. і стараж.-рус. абразы з элементамі німбаў і фонаў, выкананых пры дапамозе залатых наклеек). Выкарыстоўваўся ў творах некат. мастакоў Адраджэння (С.Батычалі і інш.), зах.-еўрап. і рус. мастакоў 18—19 ст., асабліва пашырылася ў творчасці прадстаўнікоў мадэрну, якія надавалі работам выразнае дэкар. гучанне праз выкарыстанне ў жывапісных кампазіцыях разнастайных матэрыялаў (тканіны, сярэбранай ніткі, фольгі, каменьчыкаў і інш.). Як самаст. від маст. дзейнасці і творчага метаду, што адлюстроўваў прынцыпы своеасаблівага ўспрыняцця свету, уведзены ў 20 ст. кубістамі (кампазіцыі П.Пікасо, Ж.Брака і інш.). У якасці вобразных сродкаў яны выкарыстоўвалі газеты, шпалеры, этыкеткі, часткі аб’яў і інш. К. стаў адным з гал. прынцыпаў мастацтва авангарду, пашырыўся ў творчасці прадстаўнікоў футурызму (Дж.Северыні, А.Кручоных), дадаізму (К.Швітэрс, Ж.Грос, М.Рэй), супрэматызму (К.Малевіч, У.Татлін), сюррэалізму (Ж.Міро, М.Эрнст), поп-арту (Р.Гамільтан, Дж.Дайн) і інш.
У бел. мастацтве тэхніка К. выкарыстоўвалася ў некат. абразах 18—19 ст., у творах мастакоў У.Стржамінскага, У.Мудрогіна, М.Данцыга, М.Паўлоўскага, М.Селешчука, Г.Хацкевіча-Мінскага, В.Смаляк, Л.Кальмаевай і інш., асобных кампазіцыях мастакоў тэатра і кіно.
2) У музыцы — выкарыстанне ў муз. творах стылістычна іншародных цытат (з твораў інш. кампазітараў ці ўласных) дзеля дасягнення асаблівых сэнсавых вынікаў. Адзін з прыёмаў тэхнікі полістылістыкі, пашыраны ў 20 ст. Сустракаецца ў творах Ч.Айвза (квартэт № 2), А.Берга (Канцэрт для скрыпкі), Л.Берыо (сімфонія), Дз.Шастаковіча (сімфонія № 15), Р.Шчадрына (балет «Ганна Карэніна»); у бел. музыцы — у Дз.Смольскага («Элегія і Таката памяці Дз.Шастаковіча»). Эфект К. не ўзнікае пры стылявой асіміляцыі цытаты (паэма «1812 год» П.Чайкоўскага), у творах з запазычаным тэматызмам («Варыяцыі па тэму Паганіні» І.Брамса, «Пацалунак феі» І.Стравінскага).
Літ.:
Музыкальные культуры народов: Традиции и современность. М., 1973.
М.Л.Цыбульскі (выяўл. мастацтва), Ю.Дз.Златкоўскі (музыка).
т. 7, с. 447