ВІНАГРА́ДАЎ Канстанцін Пятровіч
(3.6.1899, Масква — 1980),
рускі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1960). Скончыў Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1956). У 1923—З6 канцэртмайстар, гал. хормайстар і гал. дырыжор Опернага т-ра імя Станіслаўскага, у 1936—41 дырыжор Дзярж. хору СССР, у 1946—65 гал. хормайстар Ансамбля песні і танца Сав. Арміі. Выкладаў у Муз. вучылішчы імя Гнесіных (1924—53) і Ін-це культуры (з 1965) у Маскве. Аўтар кн. «Праца над дыкцыяй у хоры» (1967). Дзярж. прэмія СССР 1950.
т. 4, с. 181
ВІНАГРА́ДАЎ Мікалай Уладзіміравіч
(19.12.1897, г. Луга Ленінградскай вобл., Расія — 5.5.1972),
бел. псіхіятр. Д-р мед. н., праф. (1943). Засл. дз. нав. Беларусі (1966). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1925). З 1937 у НДІ эвалюцыйнай фізіял. паталогіі вышэйшай нерв. дзейнасці імя Паўлава. У 1941 — 45 нач. эвакуацыйнага шпіталя. З 1948 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы па фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці, укараненні ў псіхіятрыю фізіял. кірунку і ахоўнага тармажэння.
Тв.:
Лекции по психнатрии. Мн., 1963.
т. 4, с. 181
ВІНАГРА́ДАЎ Павел Гаўрылавіч
(30.11.1854, г. Кастрама, Расія — 19.12.1925),
рускі гісторык. Акад. Пецярб. АН (1914) і шэрагу замежных акадэмій. Скончыў Маскоўскі ун-т (1875), працягваў гіст. адукацыю ў Германіі. З 1877 выкладчык Маскоўскага ун-та (з 1884 праф.). У 1901 выехаў у Вялікабрытанію, з 1903 заг. кафедры ў Оксфардскім ун-це. У 1908 вярнуўся ў Маскоўскі ун-т, захоўваючы пасаду ў Оксфардзе. У 1911 падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць звальнення шэрагу прафесараў. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, у 1918 канчаткова пакінуў Расію. Выкладаў ва ун-тах Германіі, Бельгіі, ЗША, Індыі. Буйнейшы англазнавец, кіраўнік школы рус. і замежных гісторыкаў, якія вывучалі сац.-эканам. праблемы англ. сярэднявечча. У працах «Паходжанне феадальных адносін у лангабардскай Італіі» (1880), «Даследаванні па сацыяльнай гісторыі Англіі ў сярэднія вякі» (1887), «Віланства ў Англіі» (1892, на англ. мове) і інш. даследаваў генезіс феадалізму ў раманскіх і герм. краінах, эвалюцыю сял. абшчын у Англіі і інш. Публікаваў дакументы па агр. гісторыі Англіі з англ. архіваў. Аўтар падручнікаў па ўсеагульнай гісторыі для сярэдняй школы.
Тв.:
Средневековое поместье в Англии. СПб., 1911.
т. 4, с. 181
ВІНАГРА́ДАЎ Уладзімір Віктаравіч
(н. 28.3.1941, пас. Ошта Валагодскай вобл., Расія),
бел. біяхімік. Д-р біял. н. (1983), праф. (1985). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1964). З 1965 працаваў у гэтым ін-це, з 1970 у Аддзеле рэгуляцыі абмену рэчываў АН Беларусі. З 1981 у Ін-це біяхіміі АН Беларусі. Навук. працы па стварэнні нетрадыцыйнай вітаміналогіі. Аўтар канцэпцыі вітамінна-гарманальных узаемаадносін.
Тв.:
Гормональные механизмы метаболического действия тиамина. Мн., 1984;
Некоферментные функции витамина PP. Мн., 1987;
Витаминзависимые ферменты надпочечников. Мн., 1988 (разам з С.А.Струмілам);
Гормоны, адаптация и системные реакции организма. Мн., 1989.
т. 4, с. 181
ВІНАГРА́ДНАЯ КІСЛАТА́,
гл. ў арт. Вінныя кіслоты.
т. 4, с. 181
ВІНАГРА́ДСКІ Сяргей Мікалаевіч
(13.9.1856, Кіеў — 24.2.1953),
рускі мікрабіёлаг, адзін з заснавальнікаў мікрабіялогіі ў Расіі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1894), ганаровы чл. Рас. (1923), чл. Франц. (1924) АН і Лонданскага каралеўскага т-ва. Вучань А.С Фамінцына і А. дэ Бары. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1881). У 1891—1912 у Ін-це эксперым. медыцыны ў Пецярбургу, з 1922 у Пастэраўскім ін-це пад Парыжам. Навук. працы па глебавай мікрабіялогіі і развіцці экалагічнага кірунку ў мікрабіялогіі. Выявіў хемааўтатрофныя мікраарганізмы і працэс хемасінтэзу (1887). Упершыню вылучыў з глебы азотфіксавальныя бактэрыі (1893).
Тв.:
Микробиология почвы: Проблемы и метады. М., 1952.
Літ.:
Русские микробиологи С.Н.Виноградский и В.Л.Омелянский. М., 1960.
т. 4, с. 181
ВІНАКУ́РАВА Святлана Пятроўна
(н. 3.1.1953, в. Дзмітравічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
бел. філосаф. Д-р філас. н. (1994), праф. (1996). Скончыла БДУ (1974). З 1978 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1988 у Бел. пед. ун-це, Аграрнай АН. З 1995 саветнік-кансультант Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Даследуе метадалаг. і сац.-гіст. праблемы маральнага развіцця грамадства і асобы.
Тв.:
Личность в системе нравственных отношений. Мн., 1988;
Методологические проблемы исследования морали. Мн., 1992.
т. 4, с. 182
ВІНАКУ́РАЎ Фёдар Пятровіч
(17.2.1900, в. Расказань Саратаўскай вобл., Расія — 15.6.1990),
бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі. Акад. АН Беларусі (1960; чл.-кар. 1950), акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1957), праф. (1943). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1925). З 1948 у БПІ. З 1954 міністр меліярацыі і воднай гаспадаркі Беларусі. З 1956 гал. вучоны сакратар прэзідыума, у 1969—70 акад.-сакратар Аддз. фіз.-тэхн. навук АН Беларусі. Распрацоўваў пытанні праектавання і буд-ва комплексаў гідратэхн. збудаванняў, механікі тарфяных грунтоў. Кіраўнік распрацовак праектаў амаль 20 буд. комплексаў.
т. 4, с. 182