ВІ́КТАРАЎ Георгій Аляксандравіч
(6.8.1925, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл., Расія — 29.8.1974),
савецкі энтамолаг. Чл.-кар. АН СССР (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1951). З 1952 у Заалагічным ін-це АН СССР, з 1955 у Ін-це эвалюцыйнай марфалогіі і экалогіі жывёл АН СССР. Навук. працы па дынаміцы колькасці папуляцый насякомых і сістэматыцы насякомых-энтамафагаў, праблемах біял. барацьбы з насякомымі-шкоднікамі, экалогіі перапончатакрылых. Прапанаваў канцэпцыю змены фактараў у рэгуляцыі колькасці шкодных насякомых.
т. 4, с. 154
ВІ́КТАРАЎ Рычард Мікалаевіч
(7.11.1929, г. Туапсэ, Расія — 8.9.1983),
рускі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Львоўскі ун-т (1952) і Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1959). Працаваў на кінастудыях «Беларусьфільм» (1959—64) і імя М.Горкага (з 1965). Яго фільмы адметныя жыццёвай верагоднасцю, вострапсіхал. распрацоўкай сюжэтаў: «Наперадзе круты паварот» (1960). «Трэцяя ракета» (1963) і «Абеліск» (1977; абодва паводле В.Быкава), «Каханая» (1965), «Масква—Касіяпея» і «Падлеткі ў сусвеце» (1974—75, Дзярж. прэмія Расіі 1977), «Праз церні да зорак» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982) і інш.
т. 4, с. 154
ВІКТАРЫЯНІ́ЗМ
[ад імя англ. каралевы Вікторыі (1837—1901), у час праўлення якой укараняліся негатыўныя адносіны да любых праяўленняў сексуальнага жыцця чалавека],
кірунак маралі, які заключаецца ў пурытанска-аскетычных адносінах да палавога жыцця, адмаўленні значэння пачуццёвасці ва ўзаемаадносінах мужчыны і жанчыны. Паводле яго ўсе плоцевыя пачуцці аб’яўляліся ганебнымі і нават думкі пра секс лічыліся амаральнымі і грэшнымі. Жанчыне прадпісвалася браць шлюб з адзінай мэтай — нараджаць і расціць дзяцей, а любыя праяўленні яе сексуальнай зацікаўленасці лічыліся недапушчальнымі. Да праяўленняў мужчынскай сексуальнасці прыхільнікі віктарыянізму ставіліся больш памяркоўна. Віктарыянізм садзейнічаў пашырэнню фрыгіднасці ў жанчын і псіхагеннай імпатэнцыі ў мужчын.
т. 4, с. 154
ВІКТАРЭ́НКА Аляксей Сцяпанавіч
(н. 29.3.1947, с. Ольгінка Паўночна-Казахстанскай вобл., Казахстан),
савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1987), лётчык-касманаўт СССР (1987). Скончыў Арэнбургскае вышэйшае авіяц. вучылішча лётчыкаў (1969). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. 22—30.7.1987 здзейсніў касм. палёт на караблі «Саюз ТМ-3» (як камандзір; разам з А.П.Аляксандравым і М.Фарысам, Сірыя), арбітальным комплексе «Мір» (разам з Ю.В.Раманенкам, А.І.Лавейкіным, Аляксандравым, Фарысам) і прызямліўся на спускальным апараце карабля «Саюз ТМ-2» (разам з Аляксандравым і Фарысам). 6.9.1989—19.2.1990 здзейсніў касм. палёт на караблі «Саюз ТМ-8» (як камандзір; разам з А.А.Серабровым) і арбітальным комплексе «Мір». У космасе правёў 167 сут.
т. 4, с. 154
ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л II
(Vittorio Emanuele; 14.3.1820 — 9.1.1878),
кароль Сардзінскага каралеўства [1849—61], першы кароль аб’яднанай Італіі [1861—78]. Удзельнік аўстра-італьянскай вайны 1848—49. У перыяд барацьбы за нац. вызваленне італьян. народа і аб’яднанне Італіі (гл. Рысарджымента) падтрымліваў планы лібералаў (К.Б Кавура і інш.), вёў барацьбу з рэсп.-дэмакр. лагерам нац.-вызв. руху, адначасова імкнучыся ў сваіх мэтах выкарыстаць папулярнасць і ваен. перамогі Дж.Гарыбальдзі. У 1861 абвешчаны каралём Італьян. каралеўства. У час аўстра-італьян. вайны 1866 узначальваў італьян. армію. Пасля 1870 праводзіў курс на збліжэнне з Аўстрыяй і Германіяй.
т. 4, с. 154
ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л III
(Vittorio Emanuele; 11.11.1869—28.12.1947),
апошні кароль Італіі [1900—46]. У 1922 пасля «Маршу на Рым» Б.Мусаліні прызначыў яго кіраўніком урада. Падтрымліваў фаш. дыктатуру ў Італіі. У 1943 пад пагрозай масавых хваляванняў у краіне адхіліў Мусаліні ад улады (т.зв. дварцовы пераварот 25.7.1943). Каб захаваць манархію, 5.6.1944 перадаў уладу свайму сыну Умберта, 9.5.1946 адрокся ад прастола. У выніку рэферэндуму 18.6.1946 Італія абвешчана рэспублікай.
т. 4, с. 154
ВІКТО́РЫІ ЗЯМЛЯ́
(Victoria Land),
частка тэр. Усх. Антарктыды. На З абмываецца м. Роса, на Пн — м. Сомава. У межах зах. часткі В.З. — Трансантарктычныя горы, выш. да 4025 м (г. Лістэр). На У да гор прымыкае ледавіковае плато. Магутнасць ледавіковага покрыва месцамі перавышае 2500 м. Адкрыта ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.Роса, названа ў гонар англ. каралевы.
т. 4, с. 154
ВІКТО́РЫЯ
(Victoria),
англійская назва г. Сянган.
т. 4, с. 154
ВІКТО́РЫЯ,
у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.
т. 4, с. 154
ВІКТО́РЫЯ
(Victoria),
род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. 2 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы: вікторыя амазонская, або каралеўская (Victoria amazonica, або Victoria regia), расце ў затоках р. Амазонка і яе прытокаў, вікторыя Круса (Victoria cruziana) — у басейне р. Парана.
Шматгадовыя водныя травяністыя расліны з круглавата-шчытападобным з падагнутымі ўверх у выглядзе борціка краямі, плаваючымі на паверхні вады вял. лісцем дыям. да 2 м, падводным сцяблом і магутным карэнішчам, якое прымацоўвае расліну да грунту. Лісце ўнізе ўкрыта сеткай тоўстых жылак, з моцна развітай паветраноснай тканкай, вытрымлівае груз да 50 кг. Чаранкі (ніжняя паверхня лісця), кветаносы і чашалісцікі ўкрыты вострымі шыпамі. Кветкі вялікія (дыям. 25—35 см), адзіночныя, пахучыя, са зменлівай ад белай да малінавай на працягу сутак афарбоўкай. Плод — шматгнездавая каробачка з ядомым насеннем памерам з гарошыну. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны (культывуюць у бат. садах, аранжарэях пры т-рах вады 25—30 °C).
т. 4, с. 154