ВІДЖАЯВА́ДА,
Безвада, горад на Пн Індыі ў ніжнім цячэнні р. Крышна, у штаце Андхра-Прадэш. 701,8 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Тэкст., харч., цэм., маш.-буд. прадпрыемствы. Вакол Віджаявады вял. ірыгацыйная сістэма, якая ўключае дэльту р. Крышна. Цэнтр будыйскага культу.
т. 4, с. 141
ВІДЖАЯНА́ГАР,
феадальная дзяржава ў Паўд. Індыі ў 14—17 ст. Знаходзілася на Пд ад р. Крышна. Утварылася ў 1336 у выніку барацьбы мясц. феадалаў з Дэлійскім султанатам. Пры Дэвараі II [1422—46] Віджаянагар падначаліў усю Паўд. Індыю, яго войскі рабілі паходы на Цэйлон і ў Бірму, нанеслі паражэнне Бахманідскаму султанату. Найб. росквіту дасягнуў пры Крышнадэвараі [1509—29]. Віджаянагар пастаянна ваяваў з дзяржавай Бахмані, потым з утворанымі на яе тэр. султанатамі. Пацярпеў паражэнне ў 1565, прыйшоў у заняпад і да сярэдзіны 17 ст. распаўся на княствы.
т. 4, с. 141
ВІ́ДЗАЎСКАЯ ЦАРКВА,
помнік архітэктуры мадэрна. Пабудавана ў 1910 з цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Вільчык 2-схільнага даху над гал. фасадам завершаны 3-яруснай званіцай з цыбулепадобным купалам, алтарная частка — драўляным 8-гранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. Гал. фасад завершаны 2-гранным шчытом, вылучаны высокім уваходным парталам, дэкарыраваны бакавымі лучковымі нішамі з выявамі крыжоў. Арх. дэкор выкананы сродкамі фігурнай цаглянай муроўкі — ліштвы вокнаў з лучковымі броўкамі, падаконныя філёнгі, крыжовыя нішы на лапатках, прафіляваныя карнізы.
т. 4, с. 141
ВІ́ДЗАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1914 з чырвонай цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Мураваны 3-нефавы храм з трансептам і гранёнай апсідай, абапал якой 2 сакрысціі. Сцены звонку ўмацаваны контрфорсамі, вокны спічастыя. Двухвежавы гал. фасад з трохвугольным франтонам завершаны высокімі зубцамі. Такія ж франтоны ўпрыгожваюць тарцы трансептаў. Гал. ўваход вылучае перспектыўны партал з вімпергам і круглым акном-ружай над ім. Вежы на гал. фасадзе (выш. 59 м) завершаны вострымі 8-граннымі шатрамі і значна ўзвышаюцца над астатнімі аб’ёмамі. У інтэр’еры калоны і пілястры складанага профілю перахозяць у высокія падпружныя спічастыя аркі скляпенняў.
т. 4, с. 141
ВІ́ДЗЕМСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
узгоркавае ўзвышша на ПнУ Латвіі. Складаецца з Цэнтральна-відземскага ўзв. (з вышэйшым пунктам Латвіі г. Гайзінькалнс, 311 м) і размешчанага на ПнУ Алуксненскага ўзв. (г. Дэлінькалнс, 271 м), якое пераходзіць ва ўзв. Хаанья (у Эстоніі). Складзена пераважна з марэнных суглінкаў. У нізінах — азёры.
т. 4, с. 142
ВІ́ДЗЕНІЧЫ,
Відунічы, Відзінічы, вёска ў Алёнавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл. За 38 км на ПнУ ад Талачына. 24 двары, 44 ж. (1996). Упершыню ўпамінаецца як «село Видиничи» ў Друцкім евангеллі (І-я пал. 14 ст.). У розны час належала Друцкім, Любецкім, Лянеўскаму, Сяняўскай, Голчыцу (ці Галоўчыцу) і інш. У 1785 В. — цэнтр маёнтка, які ахопліваў 5 вёсак (Коззі Горкі, Лаўрынава, Станаўка, Бордзіна, Раманаўка) і налічваў 69 двароў, 536 душ. З 1861 — у Алёнавіцкай вол. Аршанскага пав. З 1924 В. ў Талачынскім р-не.
т. 4, с. 142
ВІ́ДЗЕЎШЧЫНА,
вёска ў Красненскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 22 км ад Маладзечна, 70 км ад Мінска, 5 км ад чыг. ст. Уша. 433 ж., 137 двароў (1996). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Мемарыяльны комплекс нар. славы.
т. 4, с. 142
ВІДЗІБО́Р,
вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета. За 13 км на ПнЗ ад г. Столін, 257 км ад Брэста, чыг. ст. на лініі Баранавічы—Роўна (Украіна). 654 ж., 248 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. За 2,5 км на ПнЗ ад вёскі — курганны могільнік драўлян 11 ст.
т. 4, с. 142
ВІ́ДЗІН,
горад на ПнЗ Балгарыі, на правым беразе р. Дунай. Засн. стараж. рымлянамі ў пач. н. э. 80 тыс. ж. (1993). Рачны порт, чыг. паромная пераправа, якая звязвае балгарскія і румынскія (г. Калафат) чыгункі. Цэнтр с.-г. раёна, асабліва развіта вінаградарства. З-ды сінт. валокнаў, шын; харч. (тытунёвая, мукамольная, алейная, плодакансервавая, вінаробства) і швейная прам-сць. Вытв-сць фарфоравых вырабаў, цыгарэт. Турызм. Музеі. Арх. помнікі: цэрквы св. Панцеляймона (1633), св. Петкі (17 ст.).
т. 4, с. 142
ВІ́ДЗСКАЕ ВО́ЗЕРА ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрысвята, за 34 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,97 км², даўж. 4,07 км, найб. шыр. 540 км, найб. глыб. 20,5 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Пл. вадазбору 4,5 км². Схілы катлавіны выш. больш за 20 м, у паўд. ч. стромкі абразійны схіл. Катлавіна складаецца з 3 плёсаў: мелкаводнага ўсходняга, карытападобнай формы з шырокай літараллю (да 30 м) заходняга і найбольш складанай будовы цэнтральнага з востравам (пл. 0,4 га) і меллю. Большасць берагоў зліваецца са схіламі, у асобных месцах пойма шыр. да 10 м. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — глеі. Злучана пратокай з воз. Сэклы.
т. 4, с. 142