Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АГУ́ЛЬНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

тое, што агульнае мовазнаўства.

т. 1, с. 89

АГУ́ЛЬНАЯ МЕ́РА дзвюх або некалькіх аднародных велічыняў, велічыня таго ж роду, якая ўтрымлівае цэлы лік разоў ва ўсіх зададзеных велічынях. Дзве велічыні, што не маюць агульнай меры, наз. несувымернымі (гл. Сувымерныя і несувымерныя велічыні).

т. 1, с. 89

АГУ́ЛЬНАЯ ТЭО́РЫЯ АДНО́СНАСЦІ,

гл. ў арт. Адноснасці тэорыя.

т. 1, с. 89

АГУ́ЛЬНАЯ ТЭО́РЫЯ СІСТЭ́М,

навуковая канцэпцыя даследавання аб’ектаў, якія ўяўляюць сабой сістэмы. Цесна звязана з сістэмным падыходам, з’яўляецца канкрэтызацыяй і логіка-метадалагічным выражэннем яго прынцыпаў і метадаў. Агульную тэорыю сістэм, адну з першых версій якой распрацаваў Л.Берталанфі, абагульняе прынцыпы цэласнасці, арг-цыі, эквіфінальнасці (дасягнення сістэмай аднолькавага канчатковага стану пры розных зыходных умовах) і ўзаемаадназначнай адпаведнасці — ізамарфізму (гл. Ізамарфізм і гомамарфізм). У межах гэтай канцэпцыі было арганізавана даследаванне адкрытых сістэм, якія пастаянна абменьваюцца рэчывам і энергіяй са знешнім асяроддзем. У 1950—70-я г. існавалі і інш. падыходы да пабудовы агульнай тэорыі сістэм (М.Месаровіч, Л.Задэ, Р.Акоф, Дж.Клір, У.Н.Садоўскі, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў, Р.Калман, Э.Ласла і інш); асн. ўвага звярталася на распрацоўку логіка-канцэптуальнага і матэм. апарата сістэмных даследаванняў.

Літ.:

Садовский В.Н. Основания общей теории систем: Логико-методол. анализ. М., 1974;

Уёмов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;

Bertalanffy Z. v. General system theory: Foundations, development, applications. New York, 1969.

т. 1, с. 89

АГУ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

маёмасць, якая адначасова належыць двум і болей уласнікам, незалежна ад формы ўласнасці. У Рэспубліцы Беларусь можа належаць двум або некалькім арг-цыям, дзяржаве і адной або некалькім арг-цыям, двум і болей грамадзянам. Агульная ўласнасць, у якой вызначана доля, што належыць кожнаму ўласніку, з’яўляецца іх долевай уласнасцю. Агульная ўласнасць, дзе такая доля не вызначана, — іх сумесная ўласнасць. Валоданне, карыстанне і распараджэнне агульнай уласнасцю ажыццяўляецца са згоды ўсіх яе ўдзельнікаў; у выпадку рознагалосся вызначаецца праз суд па іску любога з яе ўдзельнікаў.

Кожны ўдзельнік агульнай долевай уласнасці абавязаны суразмерна са сваёй доляй удзельнічаць у выдатках на зборы, падаткі і інш. плацяжы па агульнай маёмасці; мае права на адчужэнне сваёй долі інш. асобе ці вылучэнне яе з агульнай маёмасці. Пры продажы долі пабочнай асобе астатнія ўдзельнікі агульнай долевай уласнасці маюць пераважнае права куплі.

Г.А.Маслыка.

т. 1, с. 89

«АГУ́ЛЬНЫ ДАГАВО́Р» 1952,

Бонскі дагавор. Падпісаны паміж урадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі з аднаго боку і ФРГ з другога 26 мая ў Боне. Адмяняў акупац. статут на тэр. Зах. Германіі і ствараў дагаворную аснову для адносін паміж гэтымі дзяржавамі.

Паводле «Агульнага дагавора» ўрад ФРГ абавязваўся выконваць усе заключаныя раней ад імя Зах. Германіі дагаворы і пагадненні. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя пакідалі за сабой права размяшчаць на тэр. ФРГ свае войскі. «Агульны дагавор» падлягаў ратыфікацыі ўсімі краінамі-ўдзельніцамі і павінен быў уступіць у дзеянне разам з Парыжскім дагаворам 1952. Паколькі Нац. сход Францыі 30.8.1954 Парыжскі дагавор адхіліў, «Агульны дагавор» страціў сваю сілу. З некаторымі папраўкамі ён быў уключаны ў Парыжскія пагадненні 1954.

т. 1, с. 89

АГУ́ЛЬНЫ ПРАЦО́ЎНЫ СТАЖ,

гл. ў арт. Працоўны стаж.

т. 1, с. 89

«АГУ́ЛЬНЫ РЫ́НАК»,

назва Еўрапейскага эканамічнага супольніцтва.

т. 1, с. 89

АГУ́ЛЬНЫ СЫРТ,

платопадобнае ўзвышша на ПдУ Еўрап. часткі Расіі, водападзел рэк басейнаў Волгі і Урала. Працягваецца з З на У на 500 км, на У прымыкае да Паўд. Урала. Выш. да 405 м. Складзены з пясчанікаў, глін і вапнякоў. Месцамі трапляюцца купалападобныя астанцы—шыханы. Развіты карст. Дзірваніста-злакавыя, пераважна ўзараныя, стэпы. Пасевы збожжавых культур.

т. 1, с. 89

АГУ́ЛЬЯС,

Агульяш (Agulhas; ад партуг. agulha іголка), паўд. мыс Афрыкі; гл. Ігольны мыс.

т. 1, с. 89