АГНЯВА́Я ПАДРЫХТО́ЎКА,
1) састаўная частка палявой вывучкі войскаў; асн. прадмет баявой падрыхтоўкі мотастралк. і танк. падраздзяленняў. Мае на мэце навучыць ваеннаслужачага дасканала валодаць зброяй (узбраеннем), весці разведку цэляў, вызначаць адлегласць да іх, хутка і трапна паражаць іх першымі выстраламі (чэргамі), выкарыстоўваць усе спосабы вядзення агню з улікам метэаралагічных і балістычных умоў і інш. Праводзіцца на занятках па вывучэнні зброі, боепрыпасаў і правілаў стральбы, на трэніроўках, вучэбных і кантрольных стрэльбах і інш. 2) Перыяд агнявога паражэння праціўніка перад атакай. Праводзіцца сіламі артылерыі, ракетных войск і авіяцыі для прарыву рубяжа абароны, пры ўводзе ў бой другіх эшалонаў (рэзерваў), а таксама ў абароне пры нанясенні контрудараў. Спыняецца з пераходам наступаючых у атаку або змяняецца агнявой падтрымкай атакі.
т. 1, с. 78
АГНЯМЁТ,
зброя, прызначаная для паражэння жывой сілы праціўніка струменем агню запаленай сумесі, падпалу тэхн. сродкаў і матэрыяльных запасаў, стварэння ачагоў пажару. Складаецца з рэзервуара, брандспойта і запальніцы. Адрозніваюць агнямёты ранцавыя (пераносныя), цяжкія пяхотныя (на двухколавым лафеце), механізаваныя (на самаходным шасі), танкавыя (асн. або дадатковае ўзбраенне), фугасныя (стацыянарныя з выкідам агнясумесі парахавым зарадам) і рэактыўныя (пераносныя — ружжо з рэактыўным снарадам з агнясумессю). Адлегласць вогнемятання ранцавых да 70 м, рэактыўных — да 800 м, астатніх — да 200 м. Упершыню агнямёты выкарыстаны герм. войскамі ў 1915.
т. 1, с. 78
АГНЯ́НАЎ
(Огнянов) Сава Петраў (24.5.1876, г. Канстанца, Румынія — 22.3.1933),
балгарскі акцёр. На сцэне з 1902. З 1904 у Нар. т-ры (Сафія). У 1911—12 вывучаў мастацтва Маскоўскага маст. т-ра. Сярод роляў: Дынка («Вампір» А.Страшымірава), Рад Лупу, цар Іван Асен («Над безданню», «Барыслаў» І.Вазава), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), доктар Ранк («Нора» Г.Ібсена), Цэзар («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу) і інш. Здымаўся ў кіно.
т. 1, с. 78
АГНЯСТРЭ́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,
агульная назва сродкаў, у якіх для выкідвання з канала ствала снарада (кулі, міны) выкарыстоўваецца сіла ціску ад згарання парахавых зарадаў ці спец. гаручых сумесяў. Бывае гладкаствольная і наразная, аднаразовая і аўтаматычная, баявая, спартыўная і паляўнічая; паводле абслугоўвання і выкарыстання — індывідуальная і калектыўная. Баявая агнястрэльная зброя падзяляецца на артылерыйскую (гарматы, мінамёты, гаўбіцы і інш.), стралковую (рэвальверы, пісталеты, аўтаматы, вінтоўкі, карабіны, кулямёты і інш.); да агнястрэльнай зброі адносяцца таксама гранатамёты.
Агнястрэльныя зброі з’явіліся пасля вынаходства пораху і ўпершыню выкарыстана ў Кітаі ў 11 ст. У Еўропе, у т. л. на Беларусі, вядома з 14 ст. Выраблялася на Беларусі з канца 14 ст. У 16—18 ст. людвісарні (ліцейныя майстэрні), дзе адлівалі гарматы, існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Урэччы, Быхаве, Магілёве і інш гарадах. Буйнейшыя вытворцы сучаснай агнястрэльнай зброі і інш. ўзбраення — ЗША, Расія, Францыя і інш. прамыслова-развітыя краіны.
т. 1, с. 78
АГНЯЦВЕ́Т Эдзі
(сапр. Каган Эдзі Сямёнаўна; н. 11.10.1913, Мінск),
бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед. ін-т (1936). Друкуецца з 1929. Выдала зб-кі лірыкі «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Беларуская рабіна» (1959), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і інш. Шмат піша для дзяцей: «Васількі» (1947), «Твае таварышы» (1959), «Доктар Смех» (1977), «На двары алімпіяда» (1984, Міжнар. ганаровы дыплом 1986), «Рэчка-рэчанька мая» (1991) і інш. На бел. мову пераклала творы франц. паэзіі («Краіна Паэмія», для дзяцей, 1962; «Выбраныя песні» П.Ж.Беранжэ, 1960; «Зямны акіян» Г.Апалінэра, 1973; «З табой» П.Элюара, 1980); у 1993 выдадзены зб. перакладаў «З французскай і бельгійскай паэзіі»). Па яе лібрэта пастаўлены оперы для дзяцей «Джанат» (1942, муз. Л.Шварца) і «Марынка» (1955, муз. Р.Пукста).
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1976.
Літ.:
Барсток М.М. Эдзі Агняцвет // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд. Мн., 1980.
т. 1, с. 78