Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎЗУ́ЧАСЦЬ матэрыялаў, уласцівасць матэрыялу павольна і бесперапынна пластычна дэфармавацца пад уздзеяннем пастаяннай мех. нагрузкі — напружання механічнага. Назіраецца пры расцяжэнні, сцісканні, кручэнні і інш. відах дэфармацый. Залежыць ад т-ры, мех. нагрузкі, саставу і структуры матэрыялу. Вывучаецца тэорыямі цячэння, умацавання, спадчыннасці (гл. Паўзучасці тэорыя). Фіз. механізм П. такі ж, як і пластычнасці.

П. характарызуецца скорасцю і тэхн. мяжой П. — напружаннем, пры якім гэтая скорасць або сумарная дэфармацыя не перавышае пэўнага дапушчальнага значэння Апісваецца крывой паўзучасці, якая паказвае залежнасць дэфармацыі ад часу пры пастаянных т-ры і прыкладзенай нагрузцы. Эксперыментальна даследуецца на спец. устаноўках, у якіх узор матэрыялу награваюць у спец. камеры і выпрабоўваюць на розныя віды дэфармацый. У пэўнай ступені П. уласцівая ўсім цвёрдым матэрыялам (асабліва пры т-рах, больш за 0,4—0,5 т-ры плаўлення), у шэрагу матэрыялаў (алюміній, свінец, бетон і інш.) яна значная нават пры пакаёвых т-рах. Высокае супраціўленне П. — адзін з фактараў, што вызначаюць гарачатрываласць (гл. Гарачатрывалыя матэрыялы). Супраціўленне П. павышаюць арміраваннем, легіраваннем, умацаваннем і інш.

Літ.:

Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975;

Колтунов М.А. Ползучесть и релаксация. М., 1976;

Работнов Ю.Н. Элементы наследственной механики твердых тел. М., 1977.

І.​І.​Леановіч.

Крывая паўзучасці: AB — участак паўзучасці, якая яшчэ не ўстанавілася; BC — участак дэфармацыі, што ідзе з пастаяннай скорасцю; CD — участак паскоранай паўзучасці; E0 — пачатковая дэфармацыя; пункт D — момант разбурэння.

т. 12, с. 200

ПАЎЗУ́ЧЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, сцёблы якіх сцелюцца па паверхні глебы і ўкараняюцца з дапамогай прыдаткавых каранёў. Паўзучыя сцёблы з кароткімі міжвузеллямі наз. плецямі, з доўгімі — вусамі. Са сцябловых вузлоў П.р. акрамя прыдаткавых каранёў вырастаюць надземныя парасткі, а з іх вузлоў — новыя плеці і вусы, якія забяспечваюць вегетатыўнае размнажэнне. Сярод П.р. ёсць кармавыя (канюшына), харч., тэхн., лек. (агурок, батат, журавіны, суніцы), дэкар. (кураслеп) расліны.

т. 12, с. 200

ПАЎКУБІ́ЧНАЯ ПАРА́БАЛА, парабала Нейля,

плоская алг. крывая 3-га парадку. Ураўненне ў прамавугольных каардынатах: y = ax3/2; параметрычныя ўраўненні: х =t​2, у = at​3. Пункт звароту 1-га роду ў пачатку каардынат. Наз. імем англ. матэматыка У.​Нейля, які вылічыў даўжыню яе дугі (1657). Матэрыяльны пункт пад уздзеяннем сілы цяжару рухаецца ўздоўж дугі П.п. з пастаяннай скорасцю.

Паўкубічная парабала y = ax3/2.

т. 12, с. 200

ПАЎКУ́СТ,

шматгадовая расліна, у якой ніжняя ч. надземных парасткаў дзеравянее і захоўваецца некалькі гадоў, а верхняя (травяністая) — штогод адмірае. Выш. да 80, зрэдку да 150—200 см. Пашыраны пераважна ў арыдных зонах (некат. віды куравая, палыну, салянак), таму пупышкі ўзнаўлення размешчаны на адраўнелай ч. над зямлёй, што засцерагае іх ад перагрэву ў моцна нагрэтай глебе.

т. 12, с. 201

ПАЎКУ́СЦІК,

нізкарослая шматгадовая расліна, у якой штогод адмірае большая ч. надземных парасткаў (як у траў), але застаюцца іх адраўнелыя асновы з пупышкамі на некат. выш. над глебай (напр., чабор).

т. 12, с. 201

ПАЎКШЦЯ́ЛІС (Paukštelis; сапр. Пташынскае) Юозас

(2.3.1899, с. Цітаняй Шаўляйскага пав., Літва — 20.7.1981),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. мастацтваў Літвы (1969). Нар. пісьменнік Літвы (1974). Скончыў Каўнаскі ун-т (1927). Друкаваўся з 1922. У зб. апавяд. «Паўночная балада» (1928), аўтабіягр. рамане «Дзіця ўдавы» (1932), раманах «Першы год» (1936) і «Суседзі» (1939) жыццё літоўскай правінцыі. Трылогія «Юнацтва» (1959), «Не ўзыходзь, сонейка!» (1963) і «Тут наш дом» (1969, Дзярж. прэмія Літвы 1969) пра падзеі ў краіне ў 1940, фаш. акупацыю, пасляваен. калгаснае жыццё. Аўтар кн. мемуараў «Часта ўспамінаю іх» (1979), зб. апавяд. «Быў хмель у квецені» (1971), п’ес, нарысаў. На бел. мову апавяданне П. «На Радзіме» пераклаў М.​Кусянкоў.

Тв.:

Рус. пер. — Соседи. Вильнюс, 1959;

Юность. Не всходи, солнышко! Здесь наш дом: Трилогия. М., 1978.

т. 12, с. 201

ПА́ЎЛАВА,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета. За 49 км на ПнУ ад г. Пружаны, 134 км ад Брэста, 35 км ад чыг. ст. Івацэвічы. 243 ж., 102 двары (2000). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 12, с. 201

ПА́ЎЛАВА,

вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., па аўтадарозе Слонім—Дзятлава. Да 1964 наз. Пузавічы.

Цэнтр сельсавета. За 22 км на Пн ад горада і 23 км ад чыг. ст. Слонім, 170 км ад Гродна. 190 ж., 94 двары (2000). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 201

ПА́ЎЛАВА (Ада Дзмітрыеўна) (н. 14.11.1929, ст. Даурыя Забайкальскага р-на Чыцінскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Дачка Дз.Р.Паўлава. Д-р эканам. н. (1977), канд. геагр. н. (1960). Скончыла Чэлябінскі пед. ін-т (1952). З 1960 у Ін-це эканомікі Нац. АН Беларусі (у 1965—87 заг. аддзела сац.-эканам. развіцця рэспублікі). Навук. працы па праблемах сац.-эканам. і навук.-тэхн. развіцця, сац. інфраструктуры і эфектыўнасці грамадскай вытв-сці.

Тв.:

Показатели для оптимизации внутрирайонного размещения промышленности. Мн., 1975;

Социальная инфраструктура — результат и фактор эффективности производства. Мн., 1980 (у сааўт.);

География и проблемы регионального развития Белоруссии. Мн., 1985 (у сааўт.).

т. 12, с. 201

ПА́ЎЛАВА (Ганна Паўлаўна) (Мацвееўна; 12.2.1881, С.-Пецярбург — 23.1.1931),

руская артыстка балета. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1899, педагог П.Герт). З 1899 у Марыінскім т-ры, з 1909 удзельнічала ў Рускіх сезонах С.​Дзягілева, з 1910 гастраліравала з уласнай трупай (у 1913—14 у Расіі). Яе творчасць адметная музыкальнасцю і псіхал. змястоўнасцю, эмац. дзейснасцю, шырынёй жанравага дыяпазону. Сцвярджала класічныя традыцыі рус. танц. школы. Адыграла важную ролю ў рэформах М.Фокіна як першая выканальніца цэнтр. партый пастаўленых ім балетаў «Вінаградная лаза» А.​Рубінштэйна, «Павільён Арміды» М.​Чарапніна, «Егіпецкія ночы» А.​Арэнскага, «Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна, харэагр. эцюда «Лебедзь» на муз. К.​Сен-Санса. Сярод інш. партый: Адэта («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Пахіта («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза), Бінт Анта і Аспічы («Дачка фараона» Ц.​Пуні), а таксама характарныя танцы, канцэртныя нумары і мініяцюры («Сірыйскі танец» на муз. Сен-Санса). Знялася ў маст. фільме «Нямая з Портычы». Ёй прысвечаны балет Р.​Пці «Мая Паўлава» на зборную муз., маст. і дакумент. фільмы «Ганна Паўлава» (адпаведна 1983, 1985). Аўтар успамінаў «Некалькі старонак з майго жыцця» (1912).

Літ.:

Красовская В.М. А.​Павлова. 2 изд. Л.;

М., 1965;

Аркина Н.Е. А.​Павлова. М., 1981;

Носова В.​А.​Павлова // Носова В. Балерины. М., 1983.

Г.Паўлава. Сірыйскі танец. Мастак А.​Стывенс.

т. 12, с. 201