Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КА́ПСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

У Афрыцы на Пд ад 20° паўд. ш., уваходзіць у царства Палеагею (гл. Царствы біягеаграфічныя). Лічыцца таксама, што К.б.в. — падвобласць Эфіопскай біягеагр. вобл.

Займае пустынныя і паўпустынныя раёны з разнастайнымі ландшафтамі. Вызначаецца вял. фларыстычнай своеасаблівасцю. Сустракаецца каля 7000 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш палавіны эндэмікі (прадстаўнікі 7 сям.: амарылісавыя, касачовыя, пратэйныя і інш.). Найб. характэрныя сям. раслін — бабовыя, верасовыя, касачовыя, пратэйныя, складанакветныя і інш. Флора мае генет. сувязі з трапічнай Афрыкай, Міжземнамор’ем і шэрагам абласцей Паўд. паўшар’я, асабліва з Аўстралійскай біягеаграфічнай вобласцю. Фауна адносна бедная. Некат. групы беспазваночных (напр., перыпаты) з’яўляюцца рэліктамі. З насякомых эндэмічныя жук-алень, некат. саранчовыя. Сярод птушак эндэмічныя 15 родаў з 297. Сярод 83 родаў млекакормячых 8 эндэмічных (віверы, некат. грызуны, даўгапяты, златакраты, трубказубы). Характэрныя жывёлы — антылопа скакун, бурая гіена, віверы, даўганогі, квага.

Да арт. Капская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — даўгапят; 2 — сурыката; 3 — даўганог; 4 — скакунчык; 5 — даман; 6 — трубказуб.

т. 8, с. 29

КА́ПСКІЯ ГО́РЫ,

горы на Пд Афрыкі, у Паўд.-Афр. Рэспубліцы, паміж г. Порт-Элізабет на У і вусцем р. Оліфантс на З. Даўж. каля 800 км. Некалькі паралельных хрыбтоў (Свартберг, Лангеберг і інш.). Сярэдняя выш. каля 1500 м, найб. 2326 м. Складзены з пясчанікаў і кварцытаў. На З клімат міжземнаморскага тыпу, з зімовымі ападкамі больш за 600 м, на У ападкі больш раўнамерныя — каля 800 мм за год. Зімой на вяршынях снег. На наветраных схілах, звернутых да Індыйскага ак., зараснікі вечназялёных хмызнякоў і мяшаныя лясы, падветраныя схілы і ўнутр. даліны паўпустынныя.

т. 8, с. 30

КА́ПСТАД (Kaapstad),

горад у Паўд.-Афр. Рэспубліцы, гл. Кейптаўн.

т. 8, с. 30

КА́ПСУЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

група бактэрый з роду клебсіела, якія маюць здольнасць утвараць слізістую капсулу вакол мікробнай клеткі ў арганізме гаспадара і на пажыўным асяроддзі.

Кароткія, з закругленымі канцамі палачкі, нерухомыя, спор не ўтвараюць, растуць на звычайным пажыўным асяроддзі, факультатыўныя аэробныя арганізмы. Капсулы выяўляюцца пры спец. афарбоўцы тушшу. Адчувальныя да ўздзеяння высокіх т-р і антысептыкаў. К.б. палачка Фрыдлендэра выклікае ў жывёл клебсіялёз. Капсулы ўтвараюць таксама дрожджы і плесневыя грыбы.

т. 8, с. 30

КАПТА́Ж (франц. captage ад лац. capto лаўлю, хапаю),

інжынерна-тэхнічныя збудаванні і мерапрыемствы, што забяспечваюць забор паверхневых вод, ускрыццё падземных вод, нафты, газу і вывад іх на паверхню, ізаляцыю эксплуатацыйных гарызонтаў і магчымасць іх эксплуатацыі. Пры гэтым захоўваюцца зададзеныя паказчыкі хім. саставу, дэбіту, т-ры і інш. К. крыніц — паверхневае збудаванне з адвядзеннем вады для карыстання або проста замацаванне крыніцы. К. паверхневых вод можа быць у выглядзе вадазборнай перфараванай трубы або галерэі, заглыбленай у прыбярэжнай ч. або ў рэчышчы ніжэй узроўню вады ў рацэ; у горных раёнах — плаціны, з замацаваным у ёй трубаправодам. Найб. пашыраны К. падземных вод у выглядзе калодзежа і буравой свідравіны. На радовішчах мінер. падземных вод над свідравінамі будуюць бюветы, павільёны, галерэі. К. нафты і газу вядзецца таксама буравымі свідравінамі. У залежнасці ад спосабу эксплуатацыі адрозніваюць К. фантанных, кампрэсарных, газліфтных і помпавых свідравін.

В.​І.​Бучурын.

т. 8, с. 30

КАПТУ́Р,

традыцыйны бел. галаўны ўбор замужніх жанчын; паўшарападобная ці плоская прызбораная на патыліцы шапачка з вушкамі, да якіх прышывалі стужкі для завязвання пад барадой. Бытаваў у Цэнтр. і Зах. Беларусі да пач. 20 ст. Шылі з фабр. тканін пераважна чырвонай гамы; вушкі і перад аздаблялі вышыўкай, тасьмой, рознакаляровымі стужкамі, бісерам. Надзявалі на тканку (круглы валік, на які накручвалі валасы), зверху часта завівалі намітку, завязвалі хустку.

т. 8, с. 30

КА́ПТУР (Анатоль Аляксандравіч) (н. 18.2.1947, в. Слабада Мінскага р-на),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1966). Засл. трэнер СССР (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1970). Чэмпіён Еўропы (1969, Масква), СССР (1970) на байдарцы-адзіночцы ў эстафеце 4 × 500 м. З 1976 трэнер зборнай каманды СССР па веславанні на байдарках і каноэ па Беларусі. З 1997 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту.

В.​Л.​Працкайла.

т. 8, с. 30

КАПТУРО́ВЫ СУД,

часовы надзвычайны суд у Рэчы Паспалітай па разгляду тэрміновых спраў у часы бескаралеўя. Са смерцю манарха звычайныя суды, якія ажыццяўлялі правасуддзе імем караля, спынялі сваю дзейнасць (акрамя гродскіх). Упершыню К.с. створаны канфедэрацыяй шляхты пасля смерці Жыгімонта II у 1572. Стафан Баторый прызнаў К.с. і зацвердзіў іх пастановы (выракі). Пасля яго смерці ў 1586 малапольская шляхта выбрала каптуровых суддзяў у асобе ваявод. Іх зацвердзіў Варшаўскі канвакацыйны сейм 1587, які дазволіў выбраць К.с. ва ўсіх ваяводствах, у т. л. ў ВКЛ. Практыку ўтварэння К.с. скасаваў сейм 1768.

т. 8, с. 30

КАПТЭНА́РМУС (франц. capitaine d’armes),

службовая асоба малодшага каманднага саставу ў роце, батарэі, эскадроне і інш., якая адказвала за захаванне, улік, выдачу маёмасці, харчавання, зброі і інш. Існавала ў Расіі з пач. 18 ст. да 1917, у Сав. Арміі ў 1918—50-я г.

т. 8, с. 30

КА́ПУАС (Kapuas),

рака ў Інданезіі, на З в-ва Калімантан. Даўж. 1040 км, пл. басейна 97 тыс. км². Вытокі ў хр. Бовен-Капуас, цячэ пераважна па забалочанай раўніне, упадае ў Паўд.-Кітайскае м., утварае дэльту. Мнагаводная, сярэдні гадавы расход вады больш за 5000 м³/с. Суднаходная на 900 км ад вусця (асн. трансп. шлях ва ўнутр. раёны вострава), сплаўная. Рыбалоўства. У дэльце — порт Пантыянак.

т. 8, с. 30