КАПТА́Ж (франц. captage ад лац. capto лаўлю, хапаю),
інжынерна-тэхнічныя збудаванні і мерапрыемствы, што забяспечваюць забор паверхневых вод, ускрыццё падземных вод, нафты, газу і вывад іх на паверхню, ізаляцыю эксплуатацыйных гарызонтаў і магчымасць іх эксплуатацыі. Пры гэтым захоўваюцца зададзеныя паказчыкі хім. саставу, дэбіту, т-ры і інш. К. крыніц — паверхневае збудаванне з адвядзеннем вады для карыстання або проста замацаванне крыніцы. К. паверхневых вод можа быць у выглядзе вадазборнай перфараванай трубы або галерэі, заглыбленай у прыбярэжнай ч. або ў рэчышчы ніжэй узроўню вады ў рацэ; у горных раёнах — плаціны, з замацаваным у ёй трубаправодам. Найб. пашыраны К. падземных вод у выглядзе калодзежа і буравой свідравіны. На радовішчах мінер. падземных вод над свідравінамі будуюць бюветы, павільёны, галерэі. К. нафты і газу вядзецца таксама буравымі свідравінамі. У залежнасці ад спосабу эксплуатацыі адрозніваюць К. фантанных, кампрэсарных, газліфтных і помпавых свідравін.
В.І.Бучурын.
т. 8, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)