КАПРАЛАКТА́М, ε-капралактам, лактам ε-амінакапронавай кіслаты,
гетэрацыклічнае злучэнне, унутраны цыклічны амід ε-амінакапронавай кіслаты (гл. Лактамы).
Бясколерныя гіграскапічныя крышталі, tпл 68,8 °C, tкіп262.5 °C, шчыльн. 1020 кг/м³ (70 °C, вадкага). Добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках Полімерызуецца з утварэннем полікапрааміду. У прам-сці найб. пашыраны метад сінтэзу з бензолу. На Беларусі вырабляюць на Гродзенскім вытворчым аб’яднанні «Азот». Выкарыстоўваюць для атрымання полікапрааміду. Таксічны: раздражняе скуру, ГДК 10 мг/м³.
т. 8, с. 29
КАПРАЛІ́ТЫ [ад грэч. kopros памёт, кал + літ(ы)],
выкапнёвыя экскрэменты марскіх жывёл (чарвей, малюскаў, іхтыязаўраў і інш.), што захоўваюць першасную форму, а часам і неператраўленыя рэшткі ежы. Месцамі складаюць марскія мулы. У выкапнёвым стане (з ардовіку) трапляюцца капрагенныя вапнякі, даламіты і фасфарыты, якія ўяўляюць сабой псеўдамарфозы на К. Фасфарытызаваныя К. рыфейскага ўзросту — самыя стараж. сляды жывёл на Зямлі. К. маюць да 55—60% трыкальцыю фасфату і выкарыстоўваюцца як угнаенні. Трапляюцца пераважна ў Вялікабрытаніі і Францыі.
У.Я.Бардон.
т. 8, с. 29
КАПРАФА́ГІ [ад грэч. kopros памёт, кал + фаг(і), арганізмы, якія жывяцца экскрэментамі. Да іх належаць многія малашчацінкавыя чэрві (алігахеты), насякомыя, лічынкі двухкрылых, грызуны, зайцападобныя і інш. Многія беспазваночныя жывёлы (напр., тэрміты, ва ўсіх фазах свайго развіцця) — факультатыўныя К., якія набываюць карысную мікрафлору, калі паядаюць экскрэменты дарослых асобін. У фауне Беларусі сярод К. пераважаюць жукі-гнаевікі і лічынкі мух, з інш. К. пашыраны дажджавыя чэрві, кляшчы-арыбатыды і інш. сапрафагі. К. паскараюць распад арган. рэшткаў, спрыяюць працэсам гуміфікацыі глеб, павышаюць іх урадлівасць.
т. 8, с. 29
КАПРАФА́ГІЯ,
жыўленне арганізмаў-сапратрофаў (гл. Сапратрофы) экскрэментамі інш. арганізмаў, гал. чынам млекакормячых. У беспазваночных К. пашырана сярод многіх малашчацінкавых чарвей і насякомых (жукі-гнаевікі, лічынкі двухкрылых, дажджавыя чэрві і інш.). Для некаторых жывёл (бабры, зайцы, трусы, сенастаўкі) К. — абавязковая ўмова нармальнай жыццядзейнасці; пры адсутнасці яе жывёлы знясільваюцца, парушаюцца многія функцыі іх арганізма. К. павялічвае эфектыўнасць стрававання, спрыяе рэутылізацыі і распаду арган. рэшткаў, найперш азоцістых рэчываў і цэлюлозы, а таксама амінакіслот і вітамінаў, якія выпрацоўваюцца кішэчнай мікрафлорай.
І.Е.Кернажыцкая, Э.Р.Самусенка.
т. 8, с. 29
КА́ПРЫ (Capri),
востраў у Тырэнскім м., на Пд Неапалітанскага заліва. Тэр. Італіі. Пл. 10,4 км². Выш. да 589 м. Складзены пераважна з вапнякоў. Абрывістыя берагі з прыроднымі аркамі і пячорамі (Блакітны грот і інш.). Міжземнаморскія хмызнякі. Субтрапічнае земляробства і садаводства. Рыбалоўства. Турызм. Курорты: Капры, Анакапры і інш.
т. 8, с. 29
КА́ПРЫ (Capri),
прыморскі кліматычны курорт у Італіі на аднайм. востраве ў Неапалітанскім зал. Міжземнага м. Субтрапічны клімат, маляўнічыя ландшафты, пячоры, гроты ператварылі К. ў буйны цэнтр лячэння многіх хвароб, адпачынку і турызму міжнар. значэння.
т. 8, с. 29
КАПРЫФО́ЛЬ,
кветкавая расліна, гл. ў арт. Бружмель.
т. 8, с. 29
КАПРЫ́ЧЫО (італьян. capriccio літар. капрыз),
капрыс, інструментальная п’еса свабоднай будовы ў віртуозным стылі. Сярод гіст. разнавіднасцей К. — п’еса імітацыйнага складу, блізкая да рычэркара ці фантазіі; праграмная жанравая сцэнка; характарная рамант. мініяцюра для фп. або аркестравы твор з ярка выяўленай нац. афарбоўкай, падобны да рапсодыі. Узоры К. створаны І.С.Бахам, Н.Паганіні, П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым. У бел. музыцы К. прадстаўлены ў творчасці А.Багатырова, Р.Бутвілоўскага, Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, А.Мдывані, С.Картэса («Капрычас» для фп. з арк. паводле графічнай серыі Ф.Гоі) і інш.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 29
КАПСІ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту і мезаліту (9—5-е тыс. да н. э.), пашыраная ў Паўн. Афрыцы і краінах Міжземнамор’я. Назва ад стаянкі ў г. Гафса (Капса) у Тунісе. Насельніцтва займалася паляваннем і збіральніцтвам. Адметная рыса паселішчаў — вял. скопішчы ракавін уперамешку з касцямі жывёл. З крамянёвых прылад найб. характэрны мікраліты, якія служылі ўкладышамі для складаных прылад і наканечнікамі стрэл. Знойдзены таксама абломкі пасудзін са шкарлупін страусавых яец. Магчыма, менавіта капсійцы стварылі стараж. наскальныя выявы ў Паўн. Афрыцы і Усх. Іспаніі.
т. 8, с. 29