ПАЎДНЁВА-ЦІХААКІЯ́НСКАЕ ПАДНЯ́ЦЦЕ (ХРЫБЕ́Т),
падводны сярэдзіннаакіянічны хрыбет у паўд. частцы Ціхага ак., усх. працяг Аўстрала-Антарктычнага падводнага падняцця. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку на 4100 км, у раёне 135° зах. д. аддзяляецца разломам Элтанін ад Усх.-Ціхаакіянскага падводнага падняцця. Шыр. да 750 км, глыб. падэшвы 4500 м. Пераважная глыб. над хрыбтом 2500—3000 м, найменшая — 878 м. Ад інш. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў адрозніваецца больш вял. шырынёй, меншай выражанасцю рыфтавай зоны.
т. 12, с. 194
ПАЎДНЁВА-ЦІ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Цішкаўка. Адкрыта ў 1985. Распрацоўваецца з 1986. Паклады нафты пл. каля 9 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносныя блокі залягаюць на глыб. 3450—4050 м. Пароды-калектары — трэшчынаватыя порава-кавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафіністая. Разведаныя запасы каля 7 млн. т, перспектыўныя больш за 1,1 млн. т.
А.П.Шчураў.
т. 12, с. 194
ПАЎДНЁВА-ШАТЛА́НДСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
У Вялікабрытаніі, на Пд Шатландыі, паміж Сярэднешатландскай нізінай і Пенінскімі гарамі. Даўж. з ПдЗ на ПнУ каля 180 км. Асобныя масівы (выш. 300—600 м, найб. г. Мерык — 842 м), са слабаўзгорыстымі паверхнямі, складзены пераважна з гранітаў і крышт. сланцаў. Рэшткі стараж. зледзянення (кары, марэны, валунныя палі і інш.). Верасоўнікі, тарфянікі, хваёвыя і бярозавыя лясы. Авечкагадоўля, малочная жывёлагадоўля.
т. 12, с. 194
ПАЎДНЁВА-ЯКУ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
на Пд Рэспублікі Саха (Якуція), Расіі, у паўд. ч. Алданскага нагор’я, уздоўж Станавога хр. Вуглі выяўлены ў 1849, прамысл. асваенне з 1966. Пл. 25 тыс. км². Балансавыя запасы да глыб. 600 м — 5,7 млрд. т. Вугляносная тоўшча юрскага ўзросту мае больш за 20 пластоў (да 3 рабочых). Вуглі каменныя, маркі Ж, КЖ, К, ОС, СС. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23—24.8 МДж/кг. Распрацоўваецца Нерунгрынскае радовішча адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы г. Нерунгры.
т. 12, с. 194
ПАЎДНЁВЫЯ АРКНЕ́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Orkney Islands),
група астравоў на ПдЗ Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 4 буйных (Каранейшэн, Лоры, Поўэл, Сігні) і каля 40 дробных а-воў. Пл. 621 км². Выш. да 1266 м. Складзены ў асн. з моцна метамарфізаваных асадкавых парод. Б.ч. ўкрыта снегам і лёдам. Расліннасць — пераважна імхі і лішайнікі. Лежбішчы цюленяў, калоніі марскіх птушак. Адкрыты ў 1821 англ. і амер. прамыслоўцамі Дж.Поўэлам і Н.Палмерам і названы арх. Поўэла. На астравах англ. і аргенцінская навук. станцыі.
т. 12, с. 199
ПАЎДНЁВЫЯ І ПАЎНО́ЧНЫЯ ДЫНА́СТЫІ ў Кітаі, Нань Бэй Чао,
перыяд кіт. гісторыі (4—6 ст.), калі Кітай быў падзелены на 2 асобныя дзяржавы. Паўд. Кітаем у гэты час кіравалі дынастыі кіт. паходжання: Сун [420—478], Цы [479—501], Лян [502—556], Чэнь [557—588], На Пн Кітая панавалі дынастыі выхадцаў з плямён сяньбі, якія захапілі гэту ч. краіны ў канцы 4 ст.: Тоба Вэй (Паўн. Вэй) [386—535], Усх. Вэй [534—550], Зах. Вэй [535—557], Паўн. Цы [550—557], Паўн. Чжоў [557—581]. Гэты час характарызаваўся паліт. няўстойлівасцю, частай зменай дынастый, войнамі паміж Паўн. і Паўд. Кітаем. У 581 палкаводзец Ян Цзянь скінуў апошняга імператара Паўн. Чжоў, аб’яднаў да 588 увесь Кітай пад сваёй уладай і заснаваў адзіную дынастыю Суй.
т. 12, с. 199
ПАЎДНЁВЫЯ ПАСА́ТНЫЯ ЦЯЧЭ́ННІ,
цёплыя, паверхневыя, накіраваныя на З цячэнні Сусветнага акіяна. Выклікаюцца ўстойлівымі паўд.-ўсх. пасатамі. У Атлантычным і Ціхім акіянах размешчаны паміж 25° паўд. ш. і 5° паўн. ш., у Індыйскім ак. — паміж 25 і 5° паўд. ш. Вылучаюцца значнай шырынёй (да 2500 км) і адносна малымі скарасцямі (0,36—1,8 км/гадз). Т-ра вады 22—28 °C. П.п.ц. складаюць паўн. сектар субтрапічных кругаваротаў Паўд. паўшар’я і з’яўляюцца працягам у Атлантычным ак. Бенгельскага цячэння, у Ціхім — Перуанскага цячэння, у Індыйскім — Заходне-Аўстралійскага цячэння.
т. 12, с. 199
ПАЎДНЁВЫЯ СА́НДВІЧАВЫ АСТРАВЫ́ (South Sandwich Islands),
група вулканічных астравоў на Пд Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 8 буйных і вял. колькасці дробных астравоў і скал. Пл. каля 300 км². Выш. да 1372 м (г. Белінда на в-ве Монтаг’ю). Складзены ў асн. з маладых вулканічных парод: базальтаў, туфаў, попелу. Укрыты снегам і лёдам. Дзеючыя вулканы. Лежбішча цюленяў. Адкрыты ў 1775 экспедыцыяй. Дж. Кука, памылкова былі прыняты за выступ вялізнай сушы і названы Зямлёй Сандвіча, у гонар першага лорда Адміралцейства.
т. 12, с. 199
ПАЎДНЁВЫЯ ШЭТЛА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Shetland Islands),
група вулканічных астравоў у праліве Дрэйка. каля паўн.-зах. берагоў Антарктычнага п-ва. Складаецца з 11 буйных і вял. колькасці дробных астравоў і скал. Пл. каля 4,3 тыс. км². Выш. да 2300 м (на в-ве Кларэнс). Складзены з вывергнутых метамарфічных і часткова асадкавых парод. Б.ч. укрыты снегам і лёдам. Лежбішчы цюленяў і марскіх ільвоў, калоніі пінгвінаў і інш. марскіх птушак. Адкрыты ў 1819 У.Смітам, апісаны і нанесены на карту Ф.Ф.Белінсгаўзенам у 1821. На астравах навук. станцыі Аргенціны, Вялікабрытаніі, Чылі, Польшчы.
т. 12, с. 199
ПАЎДНЁВЫ АКІЯ́Н,
умоўная назва паўд. частак Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў, якія прылягаюць да Антарктыды. Вылучаны ў 1650 нідэрландскім географам Б.Варэніусам. Да 1925 мяжой П.а. была прынята шырата Паўд. палярнага круга. Пасля мяжу праводзілі ад 35° паўд. ш. (паводле прыкметы цыркуляцыі вады і атмасферы) да 60° паўд. ш. (паводле характару рэльефу дна). У сав. Атласе Антарктыкі (т. 2, 1969) мяжа П.а. адзначана каля 55° паўд. ш. (паўн. мяжа зоны антарктычнай канвергенцыі). На сучасных картах і атласах П.а. не вылучаецца.
т. 12, с. 198