ПАЎНО́ЧНАЯ МЕ́СА,
пласкагор’е ў Мексіцы і ЗША, паўн. ч. Мексіканскага нагор’я. Характэрны вялізныя катлавіны (бальсоны), якія ляжаць на выш. 900—1200 м, раздзеленыя адасобленымі горнымі хрыбтамі (адносныя выш. 600—1000 м). У катлавінах пустынная расліннасць, гал. ч. з кактусаў, на схілах гор — рэдкастойныя хваёвыя і дубовыя лясы. Здабыча поліметалаў, золата.
т. 12, с. 225
ПАЎНО́ЧНАЯ ТЭРЫТО́РЫЯ (Northern Territory),
адм. адзінка на Пн Аўстраліі. Пл. 1,4 млн. км². Нас. 187,1 тыс. чал. (1997), у т. л. больш за 30 тыс. аўстралійцаў-абарыгенаў. Адм. ц., гал. порт — г. Дарвін. Займае пясчанікава-вапняковае плато выш. 200—300 м, на Пд невял. горныя хрыбты выш. да 1510 м. Радовішчы уранавых, медных, алюмініевых, марганцавых і інш. руд, золата. Клімат на Пн трапічны, мусонны, на Пд пустынны. Сярэдняя т-ра студз. 29 °C, ліп. ад 24 °C на Пн да 12 °C на Пд. На Пн выпадае штогод да 1500 мм ападкаў, на Пд каля 200—300 мм. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, на Пн — трапічныя рэдкалессі і хмызнякі. Аснова гаспадаркі — здабыча карысных выкапняў і мясная жывёлагадоўля. Здабыча уранавых і марганцавых руд, золата, нафты. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў (разам каля 1,5 млн. галоў). Невялікія пасевы кукурузы, сорга, арахісу, фасолі, рысу, соі. Агародніцтва (дыні, кавуны, памідоры). Садоўніцтва (апельсіны і бананы). Марское рыбалоўства. У прам-сці пераважае харч. галіна (мясная, рыбакансервавая). Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці адзення, буд. матэрыялаў, метал. вырабаў, сувеніраў. Турызм. Транспарт пераважна аўтамабільны.
т. 12, с. 225
ПАЎНО́ЧНА-АЛІЧУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т, Базардарынскі хрыбет. На Усх. Паміры, у Таджыкістане, паміж р. Алічур і воз. Яшылькуль на Пд і р. Мургаб і воз. Сарэзскім на ПнУ, працяг Рушанскага хрыбта. Даўж. каля 130 км. Выш. 5929 м (г. Кулін). Складзены з гранітоідаў, метамарфічных і гліністых сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў. Ледавікі (агульная пл. 158 км²). Пераважае ландшафт камяністага высакагор’я са скаламі і восыпамі, на ніжніх схілах разрэджаная расліннасць.
т. 12, с. 211
ПАЎНО́ЧНА-АМЕРЫКА́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
падводная катлавіна ў Атлантычным ак., паміж падводным Паўн.-Атлантычным хр., мацерыковым схілам Паўн. Амерыкі і падводным узвышэннем дугі Вест-Індскіх а-воў. Даўж. з Пн на Пд больш за 2200 км. Пераважаюць глыбіні больш за 5000 м, найб. — 7110 м. На ПдЗ глыбакаводны жолаб Пуэрта-Рыка з найб. глыб. Атлантычнага ак. 8742 м. У цэнтр. ч. Бермудскае ўзв., на якім размешчаны Бермудскія астравы.
т. 12, с. 211
ПАЎНО́ЧНА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Канадская платформа,
старажытная платформа (кратон) у Паўн. Амерыцы. Першапачаткова (да кайназою) уключала і в-аў Грэнландыя. Платформу акаймоўваюць складкавыя збудаванні каледанід Усх. і Паўн. Грэнландыі, Ньюфаўндленда і Паўн. Апалачаў, герцынід Канадскага Арктычнага архіпелага і Паўд. Апалачаў, мезазойска-кайназойскага пояса Кардыльер. Б.ч. плошчы П.-А.П. займае Канадскі шчыт. Фундамент шчыта (за выключэннем Грэнвілскага пояса) утвораны пародамі дакембрыю. кансалідаваны ў гудзонскую тэктона-магматычную эпоху (1700 млн. г. назад). Фарміраванне фундамента ўсёй платформы завяршылася ў познім кембрыі. На ПнУ і ў межах Канадскага шчыта фундамент выходзіць на паверхню, на астатняй ч. ўкрыты асадкавым чахлом пліт, які пераважна складзены з палеазойскіх адкладаў (пліта Мідкантынента і інш.).
У мезазоі апускалася толькі пліта Вялікіх раўнін, дзе намнажаліся прыбярэжна-марскія і кантынентальныя асадкі. У пач. кайназою на платформе ўсталяваўся кантынентальны рэжым. Будова пліт ускладнена сінеклізамі і антэклізамі. З сінеклізамі звязаны багатыя радовішчы солей, вугалю, нафты і газу. Дакембрый Канадскага шчыта ўключае буйныя радовішчы жалезных, сульфідных, медных, нікелевых, уранавых руд, золата і каляровых металаў.
т. 12, с. 211
ПАЎНО́ЧНА-АТЛАНТЫ́ЧНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
цёплае паверхневае цячэнне ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна, працяг Гальфстрыма. Пачынаецца каля Вял. Ньюфаўндлендскай банкі і накіравана на ПнУ — у Нарвежскае мора. Каля 60° паўн. ш. разгаліноўваецца на Ірмінгера цячэнне і Нарвежскае цячэнне. Т-ра вады ад 7 да 15 °C. Скорасць на Пд 0,9—1,8 км/гадз на ПнУ да 0,4—0,7 км/гадз. Расход вады мяняецца ў залежнасці ад інтэнсіўнасці Гальфстрыма. Ваганні расходу вады і цеплавога стану П.-А.ц. ўплываюць на надвор’е і клімат Зах. і Паўн. Еўропы.
т. 12, с. 212
ПАЎНО́ЧНА-АФРЫКА́НСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1940—43,
баявыя дзеянні паміж англа-амер. і італа-ням. войскамі ў паўн. Афрыцы ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Фаш. Італія і Германія імкнуліся захапіць паўн. часткі Алжыра, Егіпта і інш. тэр., а таксама Суэцкі канал і англ. ваен.-марскую базу Адэн. Вялікабрытанія вяла барацьбу за захаванне сваіх уладанняў і ўмацаванне стратэг. становішча на Б. Усходзе. У той час тут знаходзіліся войскі У.Андэрса, у складзе якіх у баявых дзеяннях на баку саюзнікаў удзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Аперацыя пачалася 13.9.1940 і да восені 1942 вялася абмежаванымі сіламі з пераменным поспехам. 23.10.1942 8-я брыт. армія Б.Мантгомеры перайшла ў наступленне (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942), а 8 ліст. саюзныя войскі пад камандаваннем Д.Эйзенхаўэра пачалі высадку дэсанта на тэр. Франц. Марока і Алжыра. Аднак наступленне было спынена італа-ням. войскамі на тэр. Туніса (ням. экспедыцыйнымі сіламі камандаваў ген.-фельдмаршал Э.Ромель). У сак. і крас. 1943 англа-амер. войскі пачалі новае наступленне адначасова з У і З і 13.5.1943 вымусілі капітуляваць італа-ням. войскі (250 тыс. чал.) на мысе Бон (на падставе гэтага і інш. фактараў некат. гісторыкі Захаду лічаць гэтую аперацыю другім фронтам 2-й сусв. вайны). Перамога саюзнікаў рэзка пагоршыла стратэг. становішча краін фаш. блока ў Міжземнамор’і і стварыла спрыяльныя ўмовы для Вялікабрытаніі і ЗША, каб пачаць вызваленне Еўропы.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 3—6. М., 1974—76;
Роскилл С. Флот и война: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1967—70;
Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.
т. 12, с. 212
ПАЎНО́ЧНА-БАЙКА́ЛЬСКАЕ НАГО́Р’Е У Прыбайкаллі, на ПнУ ад воз. Байкал, у Іркуцкай вобл. і часткова ў Бураціі. З Пд абмежавана Верхнеангарскім хрыбтом, на ПнЗ уступам выш. 1000—1200 м абрываецца да Сярэднесібірскага пласкагор’я, далінай р. Віцім аддзелена ад Патамскага нагор’я. Выш. да 2578 м (г. Іняптук). Сістэма сярэднягорных масіваў і высакагорных хрыбтоў (Верхнеангарскі, Сыныр), падзеленых вузкімі далінамі. Шматгадовая мерзлата. Днішчы далін і ніжнія схілы ўкрыты хваёвымі і лістоўнічнымі лясамі, вышэй — рэдкалессі і горная тундра. Радовішчы слюды.
т. 12, с. 212
ПАЎНО́ЧНА-ГВІНЕ́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША У Зах. Афрыцы. Цягнецца паралельна ўзбярэжжу Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал. ад вытокаў рэк Нігер, Сенегал, Гамбія на З да ніжняга цячэння Нігера на У. Складаецца з гор і пласкагор’яў, якія з’яўляюцца выступамі Афрыканскай платформы. Выш. ад 300—500 м на У да 500—1000 м на З (г. Бінтымані, 1948 м). Паўд. паветраныя схілы больш стромкія, моцна расчлянёныя шматлікімі рэкамі, укрытыя гал. ч. вільготнымі вечназялёнымі лясамі; на больш засушлівых паўн. схілах пераважаюць лістападныя саванныя лясы і высакатраўныя саванны.
т. 12, с. 212