Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАРМЕНІ́Д (Parmenidēs) з Элеі

(каля 540 да н.э., Элея, Італія — каля 470 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Аўтар філас.-дыдактычнай паэмы «Аб прыродзе», якая складаецца з 2 частак: «Шлях ісціны» і «Шлях поглядаў» (захавалася каля 160 вершаў). Абгрунтаваў адрозненне паміж мысленнем і пачуццёвасцю, сфармуляваў ідэю тоеснасці быцця і мыслення. У сваім разуменні свету трымаўся думкі пра існаванне апошняй мяжы, усебаковай замкнёнасці быцця, якое прымае форму аднароднага шара з правільным цэнтрам унутры. Праўдзівае быццё лічыў адзіным, вечным, непадзельным, нязменным і нерухомым; непраўдзівае — рухомымі, дзялімымі рэчамі з пустотай паміж імі. Яго вучэнне пра размежаванне быцця і небыцця, ісціны і меркавання было накіравана супраць дыялект. падыходаў да тлумачэння свету, якія назіраліся ў стараж. філасофіі; гэта дае падставу лічыць П. пачынальнікам метафізікі ў якасці пазнавальнай альтэрнатывы дыялектыкі. Паводле П., крыніцай праўдзівых ведаў аб свеце можа быць толькі розум; пачуцці прыводзяць да непраўдзівых і супярэчлівых меркаванняў (гэта ўносіла ў яго вучэнне элементы рацыяналізму). Сцвярджаў, што ў аснове светабудовы ляжыць супрацьстаянне 2 пачаткаў: актыўнага — святла-агню і інертнага — цемры. У 20 ст. працы П. даследаваліся экзістэнцыяльнай фенаменалогіяй (М.​Хайдэгер) і англа-амер. аналітычнай філасофіяй.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Маковельский А. Досократики. Казань, 1915. Ч. 2;

У кн.: Античные философы: (Тексты). М., 1935.

В.​І.​Боўш.

т. 12, с. 99

ПАРМІДЖАНІ́НА (Parmigianino; сапр. Мацола; Mazzola) Франчэска

(11.1.1503, г. Парма, Італія — 24.8.1540),

італьянскі жывапісец, рысавальшчык і афартыст; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў маньерызму. Зазнаў уплывы Карэджа, Мікеланджэла і Рафаэля. Працаваў у Парме, Рыме (1523—27), Балонні (1527—31). У творах праз падоўжанасць прапорцый, вастрыню ракурсаў і аптычных эфектаў, вытанчана-грацыёзны малюнак і блеклы серабрысты каларыт увасабляў ідэал загадкавай, халодна-пачуццёвай прыгажосці («Мадонна са святым Захарыем», каля 1530; «Ператварэнне Паўла», 1530; «Мадонна з доўгай шыяй», 1534—40; «Мадонна з ружай» і інш.). Аўтар партрэтаў Дж.​Г.​Санвітале (1524), т.зв. Антэі, Малатэсты Бальёне, «Аўтапартрэта ў выпуклым люстэрку» і інш., прасякнутых духам арыстакратычнасці і глыбокай унутр. трывогі. Працаваў у манументальным жывапісе (фрэскі замка ў Фантанелата, 1534—40), адзін з першых у Італіі звярнуўся да тэхнікі афорта. Іл. гл. таксама да арт. Маньерызм.

Ф.Парміджаніна. Ператварэнне Паўла. 1530.

т. 12, с. 99

ПАРМО́Н (Валянцін Мікалаевіч) (н. 18.4.1948, г. Брандэнбург, Германія),

расійскі фізікахімік. Акад. Рас. АН (1997, чл.-кар. 1991). Беларус. Скончыў Маскоўскі фіз.-тэхн. ін-т (1972). З 1977 у Ін-це каталізу Сібірскага аддз. Рас. АН (з 1985 нам. дырэктара, з 1995 дырэктар), адначасова з 1978 у Новасібірскім ун-це (з 1989 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, фота- і радыяцыйнай хіміі. Распрацаваў тэорыю спектраў электроннага парамагн. рэзанансу стабільных бірадыкалаў, навук. асновы фотакаталітычных метадаў пераўтварэння сонечнай энергіі ў хім., радыяцыйна-тэрмічнага каталізу (новы кірунак у радыяцыйным каталізе). Пад яго кіраўніцтвам створаны першыя ў Расіі сонечныя каталітычныя рэактары, каталізатары на аснове аксідаў урану, якія спалучаюць функцыі ядз. паліва і каталізатараў для акумуляцый хім. энергіі.

Тв.:

Стабильные бирадикалы. М., 1980 (разам з А.​І.​Какорыным, Г.​М.​Жыдаміравым);

Фотокаталитическое преобразование солнечной энергии. Ч. 2. Молекулярные системы для разложения воды. Новосибирск, 1985 (у сааўт.).

Н.​А.​Куперштох.

т. 12, с. 99

ПАРНАГРА́ФІЯ (ад грэч. pornē распуснік + ...графія),

натуралістычнае адлюстраванне ці апісанне палавога акта (палавых органаў), якое, у адрозненне ад эротыкі, не валодае эстэт. якасцямі маст. твора. Ставіць за мэту сексуальнае ўзбуджэнне спажыўца прадукцыі праз свядомую канцэнтрацыю ўвагі на фізіял. працэсе і палавых органах. Найб. пашырана ў кіно і спец. часопісах. У медыцыне атрыманне палавога задавальнення ад порнапрадукцыі адносіцца да палавой ненармальнасці (парнаграфаманія). Асабліва шкодны ўплыў П. робіць на падлеткаў з анамаліямі характару (напр., з псіхапатыямі). Вострая цікавасць да сексу, лёгкая палавая ўзбуджальнасць, імпульсіўнасць падлеткаў могуць прывесці да крымінальных паводзін. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за выраб або збыт П. і інш. прадметаў парнаграфічнага характару, а таксама гандаль імі або захаванне з мэтай іх продажу або распаўсюджвання.

т. 12, с. 99

ПАРНАКАПЫ́ТНЫЯ (Artiodactyla),

атрад млекакормячых; 2 падатр.: няжвачныя (сям. свіных, пекарыевых, бегемотавых) і жвачныя. Больш за 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. На Беларусі — алень высакародны, дзік, еўрапейскія зубр і казуля, лось, а таксама с.-г. жывёлы — свінні, авечкі, козы, буйн. раг. жывёла. Дзікія П. — аб’екты палявання і промыслу. У Чырв. кнізе Беларусі — 1 від (зубр). У Чырв. кнізе МСАП 21 від.

У большасці П. добра развіта валасяное покрыва, ногі прыстасаваны для хуткага бегу, маюць 2—4 пальцы з рагавымі чахламі — капытамі (найб. развіты 3-і і 4-ы пальцы), ключыца адсутнічае. Расліннаедныя, дзік — усёедны. Характэрны палавы дымарфізм. Палігамы. Нараджаюць 1—2 (да 8) дзіцяняці.

П.​Р.​Козла.

т. 12, с. 99

ПАРНА́С (Parnasos),

горны масіў у Грэцыі, на Пн ад Карынфскага зал. Выш. 2457 м. Складзены з вапнякоў, вяршыня скалістая. Да выш. 1000 м укрыты міжземнаморскімі хмызнякамі і хваёвымі лясамі. Каля падножжа П. — стараж.-грэч. г. Дэльфы, археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; рэшткі помнікаў архітэктуры 7 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. Паводле стараж.-грэч. міфалогіі П. — месцазнаходжанне Апалона і муз; у пераносным значэнні — садружнасць паэтаў, парнаскія кветкі — вершы, парнаскія сёстры — музы. Адсюль выраз «Узысці на П.»: дасягнуць сапр. поспеху і прызнання ў л-ры і мастацтве. Арх. музей. Нац. парк.

т. 12, с. 99

ПА́РНАЯ РЫ́ФМА, сумежная рыфма,

рыфма, якая звязвае два суседнія вершаваныя радкі ці рытмарады па схеме аабб. Пашырана ў нар. вершаскладанні і сілабічных вершах:

Вясна красна па зарэччу йшла,
А малым дзеткам па яечку нясла,
А старым дзядкам па кіёчку,
Маладым жанкам па сыночку.
(«Вясна красна па зарэччу йшла»)

У бел. паэзіі П.р. выкарыстоўваецца і ў сілаба-танічным вершы (часцей у двухрадкоўях і ў астрафічным вершы):

Прачнулася сэрца, не спіцца, выходжу на ганак.
Дзень добры, жыццё маладое і сонечны ранак!
Над полем шырокім, над борам высокім світае.
Дзень добры, прастор салаўіны, Айчына святая!
(Я.​Пушча. «Дзень добры!»)

М.​М.​Грынчык.

т. 12, с. 99

ПА́РНЕЛ ((Parnell) Чарлз Сцюарт) (27.6.1846, Эйвандэйл, Ірландыя — 6.10.1891),

ірландскі паліт. дзеяч, кіраўнік руху за самакіраванне Ірландыі (гл. Гомруль). Землеўладальнік. З 1875 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, з 1877 лідэр ірл. фракцыі ў палаце абшчын і старшыня Лігі гомруля. Адзін з заснавальнікаў (1879) і прэзідэнт Зямельнай лігі. На мітынгах у розных месцах краіны заклікаў да аб’яднання ірл. католікаў і пратэстантаў, да процідзеяння ірл. сялян высяленнем і росту арэнднай платы, да байкоту лендлордаў і іх агентаў. Быў звязаны з вярхамі ірл. эміграцыі ў ЗША, што забяспечвала абедзвюм лігам пастаянную фін. падтрымку. У 1881—82 зняволены брыт. ўладамі. Памёр ад нервовага перанапружання ў выніку цкавання яго ў друку англічанамі і адхілення ад лідэрства большасцю ірл. парламенцкай фракцыі пад націскам У.Ю.Гладстана.

т. 12, с. 100

ПАРНІ́К,

адзін з відаў ахаванага грунту для вырошчвання агародніны, кветкавых культур і іх расады. Тыпы П.: аднасхільны, двухсхільны; паглыблены, наземны (стацыянарны і пераносны). Найб. пашыраны паглыблены П., які размяшчаюць з У на З для лепшага выкарыстоўвання сонечнага святла. Укрываюць зашклёнымі рамамі, шырока выкарыстоўваюць празрыстую плёнку. Крыніцы абагрэву П.: сонца, біяпаліва (часцей конскі гной), падагрэтая вада, электраэнергія і інш. П. дае магчымасць атрымліваць ураджай на 7—25 сут раней і некалькі разоў за сезон.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 100

«ПАРНІКО́ВЫЯ ГА́ЗЫ»,

газы, якія выдзяляюцца ў парніках пры гніенні арганічных угнаенняў. Іх выдзяленне залежыць ад т-ры, вільготнасці і мікраарганізмаў. Пры аэробным (кіслародным) гніенні ўтвараецца вуглякіслы газ, пры анаэробным (бескіслародным) — метан, вадарод, часткова вуглякіслы газ, злучэнні серы і інш. Для прадухілення атручэння раслін «П.г.» сяўбу насення і пасадку расады ў парніках праводзяць праз 2—4 дні пасля ўнясення гною ў глебу, перыядычна праветрываюць.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 100