Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЛЕНСКАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,

адна з найстарэйшых астранамічных абсерваторый у Еўропе. Засн. ў 1753 у Вільні.

Адным з арганізатараў і першым дырэктарам (1765—1807) быў М.Пачобут-Адляніцкі. У абсерваторыі ў розны час працавалі астраном Я.Снядэцкі, П.Славінскі, М.​Глушневіч, М.​М.​Гусеў, Я.​Я.​Саблер, П.​М.​Смыслоў і інш., навук. і асветніцкая дзейнасць якіх адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні на Беларусі і ў Літве прыродазнаўчых ведаў. У 1753—65 Віленская астранамічная абсерваторыя існавала як астр. кабінет, абсталяваны найпрасцейшымі прыладамі. Пасля набыцця больш дасканалых астр. інструментаў з 1773 вяліся сістэм. назіранні планет, астэроідаў, камет, зацьменняў Сонца і Месяца, пакрыццяў зорак Месяцам. Першая ў Расіі пачала астрафіз. даследаванні: з 1864 асн. яе кірункам стала вывучэнне фатаграфічнымі метадамі паверхні Месяца і фіз. з’яў, што адбываюцца на Сонцы. Вяла таксама метэаралагічныя назіранні; віленскія астраномы прымалі ўдзел у вызначэнні геагр. каардынат населеных пунктаў і ў геад. экспедыцыях на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Курляндскай губерняў. Абсерваторыя мела вял. б-ку, у 1838—46 выдавала свае навук. працы. Спыніла дзейнасць пасля пажару 1876. У 1940 утворана астр. абсерваторыя пры Вільнюскім ун-це.

Літ.:

Славенас П.В. Астрономия в высшей школе Литвы XVI—XIX вв. // Историко-астрономические исследования. М., 1955. Вып. 1.

А.​І.​Болсун.

т. 4, с. 163

ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

адна з першых бел. сярэдніх навуч. устаноў у Зах. Беларусі. Існавала ў 1919—44 у Вільні. Засн. па ініцыятыве І.Луцкевіча. У розны час дырэктарамі гімназіі былі М.​Анцукевіч, Р.​Астроўскі, Ф.​Грышкевіч, В.​Кавалевіч, Кахановіч (1-ы дырэктар), А.​Міхалевіч, А.​Нэканда-Трэпка, С.​Паўловіч, Станкевіч, Б.​Тарашкевіч. Мела на мэце захаванне бел. нац. самабытнасці, выхаванне патрыят. пачуццяў, развіццё роднай мовы, пашырэнне дэмакр. і гуманіст. поглядаў. Акрамя беларусаў вучыліся рускія і яўрэі. Гімназія імкнулася захаваць нац. характар, усе прадметы ва ўсіх класах выкладаліся на бел. мове. Але з 2-га года навучання ўведзена вывучэнне і польскай мовы, на ёй выкладаліся геаграфія і гісторыя Польшчы. У 1932/33 навуч. г. стала дзяржаўнай, што, з аднаго боку, забяспечвала трывалую матэрыяльную базу, з другога — пазбавіла незалежнасці (стала філіялам польскай гімназіі імя Ю.​Славацкага). У ліст. 1939 Вільня перададзена сав. урадам Літве, гімназія была рэарганізавана ў прагімназію, а ў 1940/41 навуч. г., калі Літва ўвайшла ў склад СССР, стала няпоўнай сярэдняй школай. Дзейнічала і ў перыяд ням.-фаш. акупацыі. У крас. 1944 спыніла існаванне.

Л.​А.​Луцкевіч.

Першы выпуск Віленскай беларускай гімназіі: 1-ы рад (злева направа) — Г.​Бонч-Асмалоўская, Л.​Макоўская, М.​Васільева; 2-і рад — Ф.​Аляхновіч, А.​Станкевіч, М.​Кахановіч, Ф.​Мікуліна, А.​Луцкевіч, М.​Гарэцкі; 3-і рад — Г.​Бонч-Асмалоўскі, А.​Лабуць, В.​Акушка, Нядзвецкая, А.​Уладзімірская, Н.​Арсеннева: 4-ы рад — М.​Пяткевіч, А.​Клімовіч, В.​Аляксюк, Л.​Пусько, А.​Сасноўскі. 15.6.1921.

т. 4, с. 163

ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),

каардынацыйны цэнтр бел. паліт. і грамадскіх арг-цый у студз. 1918 — чэрв. 1919. Выбрана на Беларускай канферэнцыі 1918 і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А.І.Луцкевіч. З абвяшчэннем незалежнасці Літ. Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19.2.1918 прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9.3.1918 БНР. 6 членаў ВБР (В.​Ю.​Ластоўскі, А. і І.​Луцкевічы, Я.​Станкевіч і інш.) былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні 3-й Устаўнай граматы БНР. У снеж. 1918 9 членаў ВБР (Ластоўскі, І.​Луцкевіч і інш.) увайшлі ў склад Літ. Тарыбы. З прыходам у Вільню Чырв. Арміі дзейнасць ВБР практычна спынена. Пасля акупацыі горада польск. войскамі ў крас. 1918 ВБР звярнулася да Ю.​Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 4, с. 164

ВІ́ЛЕНСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ, Віленская Святадухаўская друкарня. Існавала ў 16—18 ст. у Вільні пры манастыры Святога Духа. З’яўлялася выдавецкім прадпрыемствам правасл. царквы ВКЛ. Выдавецкая дзейнасць дазволена прывілеямі Жыгімонта III Вазы ад 1589 і 1592 на друкаванне розных кніг «па грэцку, славянску, руску і польску». Першае вядомае выданне выйшла ў 1595. У 1610 друкарня закрыта. Брацтва ажыццяўляла сваю выдавецкую дзейнасць у Еўінскай друкарні. Дзейнасць Віленскай брацкай друкарні аднавілася ў 1615 і працягвалася да 1749, калі пажар знішчыў манастыр Святога Духа. Выдавала тэксты Святога пісання, школьныя падручнікі, богаслужэбныя кнігі, палемічную л-ру. У 1589—1610 выдадзены творы М.​Сматрыцкага, С. і Л.​Зізаніяў. Для аздобы кніг выкарыстоўваліся арнаментальныя гравюры і застаўкі, рамкі з расліннымі і геам. матывамі, геральдычныя гравюры (гербы Астрожскіх, Валовічаў, Агінскіх і інш.). У польскамоўных выданнях пераважаюць гатычныя ініцыялы.

М.​В.​Нікалаеў, М.​І.​Ткачэнка.

т. 4, с. 164

ВІ́ЛЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка ў 1795—91 і 1801—1920 на тэр. Літвы і Беларусі (да 1840 Літоўска-Віленская губерня). Цэнтр — г. Вільня. Утворана пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). 6.2.1797 зліта са Слонімскай губ. у адну Літоўскую губерню. Адноўлена паводле ўказа Аляксандра I (9.9.1801) пры падзеле апошняй на Гродзенскую і Віленскую губ. Уключала 11 паветаў: Ашмянскі, Браслаўскі (Новааляксандраўскі), Віленскі, Вількамірскі, Завілейскі, Ковенскі, Расіенскі, Трокскі, Упіцкі (Панявежскі), Цяльшэўскі і Шавельскі. У 1843 частка паветаў перададзена новаўтворанай Ковенскай губ. У складзе Віленскай губерні засталіся: Ашмянскі, Віленскі, Свянцянскі (Завілейскі) і Трокскі пав.; да іх далучаны з Гродзенскай губ. Лідскі, з Мінскай губ. — Дзісенскі і Вілейскі пав. Уваходзіла ў Віленскае генерал-губернатарства. Паводле перапісу 1897, нас. 1591,2 тыс. чал., з іх 56% беларусаў, 17,6 літоўцаў, 12,7 яўрэяў, 8,2% палякаў; паводле веравызнання: 58,8% католікаў, 27,7 праваслаўных, 12,9% іудзеяў. У 1915 пл. губерні 36 825 кв. вёрст, нас. 2083 тыс. чал. У 1920 большая частка Віленскай губерні склала Віленскае ваяводства; астатняя тэр. адышла да Літвы, невял. частка Вілейскага пав. — да БССР.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 164

ВІ́ЛЕНСКАЯ ДЫЯЦЭ́ЗІЯ,

гл. Віленская рымска-каталіцкая епархія.

т. 4, с. 164

ВІ́ЛЕНСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ АКАДЭ́МІЯ,

назва Віленскага універсітэта ў 1579—1773.

т. 4, с. 164

ВІ́ЛЕНСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

саюз шляхты ў ВКЛ супраць палітыкі абсалютызму, што намагаўся ўвесці ў Рэчы Паспалітай кароль Аўгуст II Моцны. Створана 23.3.1716 на шляхецкім з’ездзе ў Вільні. Яе маршалкам выбраны ашмянскі харунжы К.​Сулістроўскі. Віленская канфедэрацыя далучылася да Тарнагродскай канфедэрацыі, якая патрабавала вываду саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай. Падтрымалі Віленскую канфедэрацыю войска ВКЛ, магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэр. ўсёй Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пры пасрэдніцтве рас. дыпламатаў паміж каралём і абедзвюма канфедэрацыямі падпісана пагадненне, паводле якога саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада караля абмежавана (не меў права пачынаць вайну без згоды сейма, арыштоўваць шляхціца без суда, раздаваць пасады чужаземцам і некатолікам), а правы шляхты пашыраліся (пацверджана права ліберум вета, абмежавана вайсковая ўлада гетманаў). Пагадненне зацверджана Нямым сеймам 1717.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 164

ВІ́ЛЕНСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ ШКО́ЛА,

у мастацтвазнаўстве ўмоўная назва маст. кафедраў (малюнка і жывапісу з 1797, скульптуры ў 1803—26, гравюры з 1805), якія дзейнічалі пры Віленскім ун-це ў 1797—1832. З 1803 кафедры наз. факультэтам жывапісу, скульптуры і гравюры, давалі маст. падрыхтоўку для паступлення ў акадэмію мастацтваў. Школа была цэнтрам маст. ведаў, адыграла вял. ролю ў развіцці літоўскай, бел. і польск. культур канца 18 — 1-й пал. 19 ст.

У Віленскай мастацкай школе выкладалі: малюнак і жывапіс Ф.Смуглевіч (1797—1807) і Я.Рустэм (1798—1831), скульптуру К.Ельскі (1811—26), гравюру Дж.​Сандэрс (1810—19). Першая праграма школы, складзеная Смуглевічам, уключала 3 этапы навучання: капіраванне ўзораў класічнага мастацтва, заснаванага на «ідэальнай» прапорцыі мадэлі; маляванне з гіпсавых фігур; маляванне з жывой мадэлі (уведзена Рустэмам у 1815). У праграме ўвасобіліся прагрэсіўныя на той час прынцыпы, якія грунтаваліся на рэаліст. адлюстраванні рэчаіснасці. У 1820/22 навуч. г. ў Віленскай мастацкай школе вучыліся 45 жывапісцаў і 16 скульптараў, сярод якіх шмат выхадцаў з Беларусі. У 1820 у Вільні на выстаўцы твораў навучэнцаў школы было паказана 136 работ. У Віленскай мастацкай школе вучыліся мастакі І.​Аляшкевіч, К.​Бахматовіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, В.​Дмахоўскі, Г.​Жукоўскі, К.​Карсалін, Ю.​Карчэўскі, К.​Кукевіч, М.​Кулеша, Н.​Орда, К.​Русецкі, К.​Рыпінскі, В.​Сляндзінскі, І.​Хруцкі, А.​Шэмеш, П.​Ютэйка і інш. Светапогляд мастакоў — выхаванцаў Віленскай мастацкай школы фарміраваўся пад уплывам перадавых дэмакр. ідэй 1830-х г., іх творы былі сугучныя прагрэс. тэндэнцыям эпохі, адлюстроўвалі нац. асаблівасці, культ. традыцыі, побыт бел., літ., польск. народаў. Традыцыі школы развівалі і паглыблялі мастакі 2-й пал. 19 ст.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974. С. 14—26;

Яго ж. Роля Віленскай школы жывапісу ў развіцці выяўленчага мастацтва Беларусі першай палавіны 19 ст. // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1961. № 3.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 4, с. 164

ВІ́ЛЕНСКАЯ МЕ́ДЫКА-ХІРУРГІ́ЧНАЯ АКАДЭ́МІЯ,

вышэйшая навуч. ўстанова ў Вільні ў 1832—42. Створана на базе мед. ф-та Віленскага універсітэта, які быў закрыты ў 1831. Выкладанне вялося на лац., рус. і польск. мовах. Прафесары акадэміі: А.​Абіхт, А.​Адамовіч, С.​Горскі, Ф.​Джавінскі, Ю.​Каранеўскі, І.​Лабойка, К.​Парцянка, І.​Якавіцкі і інш. Студэнты акадэміі працягвалі традыцыі філаматаў і філарэтаў. У 1836—38 тут існавала тайная арг-цыя «Дэмакратычнае таварыства», разгром якой вызначыў лёс акадэміі (у 1842 яна закрыта распараджэннем Мікалая I). Б-ка акадэміі (больш за 20 тыс. тамоў), кабінеты, гербарыі перавезены ў Кіеўскі ун-т, дзе на іх базе створаны мед. ф-т. Дзейнасць акадэміі на 10 гадоў падоўжыла навук. і пед. традыцыі, закладзеныя Віленскім ун-там.

В.Ф.Шалькевіч

т. 4, с. 165