Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АГУ́ЛЬЯС

(Agulhas),

Ігольнага мыса катлавіна, падводная катлавіна на граніцы Індыйскага і Атлантычнага акіянаў, паміж мацерыковымі схіламі Паўд. Афрыкі і Афрыканска-Антаркгычным хрыбтом. Даўж. каля 1100 км, шыр. каля 1000 км, глыб. да 6150 м.

т. 1, с. 89

АГУ́ЛЬЯСАВА ЦЯЧЭ́ННЕ,

гл. Ігольнага мыса цячэнне.

т. 1, с. 89

АГУНО́ВІЧ Эдуард Канстанцінавіч

(н. 16.12.1938, г. Рэчыца),

бел. Мастак. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Удзельнік маст. выставак з 1966. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы, акварэлі, маст. афармленні музеяў, выставак, спектакляў. Аўтар праектаў маст. афармлення экспазіцый Дома-музея І з’езда РСДРП у Мінску, музея сав.-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл., філіяла Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі ў Заслаўі Мінскага р-на, Літ. музея Я.Купалы ў Мінску і яго філіяла ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., Літ. музея М.Багдановіча ў Мінску (Дзярж. прэмія Беларусі 1993) і інш. Аформіў бел. аддзелы на выстаўках СССР у Індыі і ГДР (1976, 1980). Работы ў кніжнай графіцы: афармленне і іл. да паэм «Тарас на Парнасе» (1967), «Сымон-музыка» Я.Коласа (1968) і інш. Аўтар станковых работ: серыі ў тэхніцы афорта «Дзяцінства» (1977), «Маці Божая, Маці Краіна» (1979), «Спрадвечнае» (1980), «Крык кнігаўкі» (1981).

т. 1, с. 89

АГУРО́К

(Cucumis),

род аднагадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Вядома каля 30 відаў, гал. ч. у Афрыцы, некалькі відаў у Азіі. Найб. Пашыраны агурок пасяўны (C. sativus). Радзіма — Індыя, дзе агурок вядомы за 3 тыс. г. да н.э. Вырошчваецца ў многіх краінах свету, пераважна ў зоне ўмеранага клімату. Адна з пашыраных харч. культур.

Сцябло паўзучае, даўж. да 1,5 м, з простымі вусікамі, шорсткаапушанае. Лісце чаргаванае, 5-лопасцевае, радзей суцэльнае. Кветкі ў пазухах, аднаполыя, мужчынскія, адзіночныя або ў шчытках, жан. адзіночныя. Плод — гарбузіна, розная па форме і велічыні (даўж. 5—70 см); ёсць партэнакарпічныя (безнасенныя) формы. Святло- і вільгацелюбівая расліна кароткага дня, скараспелая, патрабавальная да цяпла і ўрадлівасці глебы. Вырошчваецца ў адкрытым грунце і ў цяпліцах з насення або расады. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 90—105 сут. Добра расце на супясчаных і лёгкіх сугліністых глебах, багатых перагноем. Ураджайнасць у адкрытым грунце 12—46 т/га, у цяпліцах 15—25 кг з 1 м². Плады маюць у сабе ваду (95—96%), цукры, бялковыя рэчывы, клятчатку, мінер. элементы, вітаміны, арган. к-ты і інш. рэчывы. Найб. папулярныя сарты на Беларусі Доўжык, Зграбны, Нежынскі мясцовы, Нерасімы 40; перспектыўныя — Беларускі, Вадалей, Дэкан, Канкурэнт, Куставы і інш. Асн. шкоднікі агурка: парасткавая муха, тля, павуцінны клешчык; хваробы: перанаспароз, мучністая раса, аліўкавая плямістасць.

Літ.:

Огурцы. 2 изд. Мн., 1987;

Ерохин И.Е., Стрельцов С.Д. Огурцы и томаты: на грядке, в теплице, в комнате. 2 изд. Донецк, 1991.

т. 1, с. 89

АГУРО́ЧНІК,

бурачнік (Borago), род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бурачнікавых. 3 віды, пашыраныя пераважна ў Міжземнамор’і. Лёгка дзічэе, як пустазелле трапляецца ў Еўропе і Зах. Азіі. На Беларусі — агурочнік лекавы, або агурочная трава (D. officinalis), — адналетнік.

Выш. 30—100 см, сцябло прамастойнае. Лісце суцэльнае з агурочным пахам і смакам (адсюль назва). Цвіце ў чэрв. — ліпені. Кветкі блакітныя, ружовыя, белыя, у суквеццях-завітках. Плод — чатырохарэшак Лекавая (мачагонны, патагонны, змякчальны сродак), меданосная і дэкар. расліна, вырошчваюць як агародніну (маладое лісце прыдатнае на салату).

т. 1, с. 90

АГУ́РСКІ Самуіл Хаімавіч

(29.4.1884, Гродна — 19.8.1947),

бел. гісторык. Чл.-кар. АН БССР (1936). Удзельнік рэв. руху ў 1905—07, чл. Бунда. З 1906 у эміграцыі. Пасля Лют. рэв. 1917 вярнуўся на Беларусь, у 1918 уступіў у КП(б)Б, быў ваен. камісарам у Віцебску. У 1924—33 на кіруючых пасадах у парт.-навук. установах Мінска і Масквы, з 1934 нам. дырэктара Ін-та нац. меншасцяў АН Беларусі. Аўтар прац па гісторыі рэв. руху на Беларусі. Лічыў праявай нацыяналізму святкаванне ў 1926 юбілею бел. газет «Наша доля» і «Наша ніва»; паўстанне 1863—64 характарызаваў як рэакц. памешчыцка-клерыкальнае; абвінавачваў У.Ігнатоўскага і З.Жылуновіча ў нацыяналізме. Бел. нац. рух пасля Лют. рэв. 1917 характарызаваў як шавіністычны. У 1938 арыштаваны, у 1939 сасланы ў Казахстан на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 1, с. 90

АГУ́ЦІ,

гарбатыя зайцы (Dasyprocta), род млекакормячых атр. грызуноў. 20 відаў. Жывуць каля рэк у трапічных лясах і сухіх саваннах Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, в-ва Трынідад і М.Антыльскіх а-воў на выш. да 2 км.

Даўж. цела 41—62 см, хваста 1—3,5 см, маса 1,3—4 кг. Афарбоўка ад ярка-залацістай (D. aguti) да цёмна-шэрай (D. fuliginosa). На доўгіх задніх нагах 3 пальцы. Добра плаваюць. Кормяцца лісцем, пладамі, арэхамі. Шкодзяць плантацыі цукр. трыснягу. Аб’ект палявання.

т. 1, с. 90