Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ СІ́ЛА,

сіла, работа якой залежыць толькі ад пачатковага і канчатковага становішчаў пункта яе прыкладання і не залежыць ад віду (формы) траекторыі і ад закону руху гэтага пункта. Да П.с. адносяцца сіла гравітацыйнага ўзаемадзеяння, сіла электрастатычнага ўзаемадзеяння і сіла пругкасці. Сувязь П.с. F (r) з патэнцыяльнай энергіяй U(r) вызначаецца формулай: F(r) = −gradU(r) . Мех. сістэмы, у якіх дзейнічаюць толькі П.с., адносяцца да кансерватыўных сістэм.

т. 12, с. 186

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ ЭНЕ́РГІЯ,

частка энергіі мех. сістэмы, залежная ад узаемнага размяшчэння матэрыяльных пунктаў (часціц) сістэмы і іх становішча ў знешнім сілавым полі (гл. Поле фізічнае).

П.э. сістэмы ў вызначаным стане роўная рабоце, якую выконваюць сілы, што дзейнічаюць на яе, пры перамяшчэнні сістэмы з гэтага стану ў той, дзе П.э. ўмоўна прынята роўнай нулю. З гэтага вызначэння вынікае, што тэрмін «П.э.» выкарыстоўваецца толькі для кансерватыўных сістэм, а сама П.э. вызначаецца з дакладнасцю да адвольнай пастаяннай (дакладнае значэнне мае змена П.э.). Напр., для часціц з масамі m1 i m2, якія знаходзяцца на адлегласці r і ўзаемадзейнічаюць паводле сусветнага прыцягнення закону, П.э. U(r) = G m1 m2 r , дзе G — гравітацыйная пастаянная (U(r) = 0 пры r→∞). Для цела з масай m, паднятага на вышыню h (h < R, R — радыус Зямлі), U(h) = mgh, дзе g — паскарэнне свабоднага падзення (U(h) = 0 пры h = 0). Пры адсутнасці дысіпацыі энергіі сума кінетычнай энергіі і П.э. (поўная мех. энергія сістэмы) застаецца пастаяннай (гл. Энергіі захавання закон). Адзінка П.э. ў СІджоуль.

А.​Л.​Болсун.

т. 12, с. 187

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ Я́МА ў фізіцы,

абмежаваная частка прасторы, у якой патэнцыяльная энергія часціцы меншая, чым па-за яе межамі. Тэрмін «П.я.» звязаны з выглядам графіка залежнасці патэнцыяльнай энергіі часціцы ад каардынат. Характарызуецца шырынёй (адлегласцю, на якой праяўляюцца сілы прыцяжэння) і глыбінёй (рознасцю патэнцыяльных энергій часціцы на «беразе» ямы і на яе «дне», якое адпавядае найменшай патэнцыяльнай энергіі). Асн. ўласцівасць — здольнасць утрымліваць часціцу, поўная энергія якой меншая за глыбіню П.я. Такая часціца ўнутры П.я. знаходзіцца ў звязаным стане, у квантавай тэорыі энергія такой часціцы можа прымаць толькі дыскрэтныя значэнні.

Патэнцыяльная яма: ε — поўная энергія часціцы, V0 — глыбіня патэнцыяльнай ямы.

т. 12, с. 187

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ БАР’Е́Р у фізіцы,

абмежаваная частка прасторы, у якой патэнцыяльная энергія часціцы большая, чым па-за яе межамі. Дзеліць прастору на 2 часткі, дзе патэнцыяльная энергія часціцы меншая, чым унутры П.б. Характарызуецца вышынёй (найб. значэннем) патэнцыяльнай энергіі. Адпавядае сілам адштурхоўвання. У класічнай механіцы праходжанне часціцы праз П.б. магчыма толькі, калі яе поўная энергія перавышае вышыню П.б. У квантавай механіцы магчыма праходжанне часціц з энергіяй, меншай за вышыню П.б. (гл. Тунэльны эфект).

Патэнцыяльны бар’ер: ε — поўная энергія часціцы, V0 — вышыня патэнцыяльнага бар’ера.

т. 12, с. 187

ПАТЭНЦЫ́ЯЛ ІАНІЗА́ЦЫІ гл. Іанізацыі патэнцыял.

т. 12, с. 186

ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТР (ад лац. potentia сіла + ...метр),

1) электратэхнічная прылада з рухомым кантактам, якая выкарыстоўваецца для рэгулявання эл. напружання, а таксама як датчык перамяшчэнняў.

2) Тое, што электравымяральны аўтам. ці ручны кампенсатар. П. магнітны, патэнцыяламетр — прылада (індукцыйная шпуля) для вымярэння рознасці магн. патэнцыялаў (ці магнітарухальнай сілы) паміж двума пунктамі магн. поля.

т. 12, с. 187

ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. potentia сіла, моц + ...метрыя),

адзін з электрахім. метадаў даследавання і колькаснага аналізу рэчываў. Засн. на залежнасці значэння (ЭП) раўнаважнага электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці (канцэнтрацыі) кампанентаў электрахім. рэакцыі (апісваецца ўраўн. Нернста).

Для патэнцыяметрычных вымярэнняў выкарыстоўваюць гальванічны элемент з індыкатарным электродам (яго патэнцыял залежыць ад канцэнтрацыі рэчыва ў растворы) і электродам параўнання. Эрс элемента вымяраюць з дапамогай патэнцыяметра. Адрозніваюць прамую П. і патэнцыяметрычнае цітраванне. Прамая П. дазваляе вызначаць канцэнтрацыю іонаў непасрэдна па значэнні эрс індыкатарнага электрода пры ўмове, што электродны працэс абарачальны (напр., pH-метрыя — метады вызначэння вадароднага паказчыка). Найб. пашырана патэнцыяметрычнае цітраванне, якое ажыццяўляюць у водным і няводным асяроддзях. Пры цітраванні рэгіструюць змяненне ЭП індыкатарнага электрода (напр., шклянога пры кіслотна-асноўным цітраванні); каля пункту эквівалентнасці назіраецца рэзкае змяненне (скачок) ЭП. Выкарыстоўваюць у аналіт. і фіз. хіміі, прам-сці для кантролю тэхнал. працэсаў у хім., нафтахім., харч. і інш. галінах, а таксама для кантролю забруджанасці навакольнага асяроддзя.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 12, с. 187

ПАТЭ́НЦЫЯ СЕКСУА́ЛЬНАЯ,

здольнасць арганізма да сексуальных рэакцый. У сексалогіі ўжываецца выключна ў адносінах мужчынскай сексуальнасці. Уключае ступень напружанасці палавога члена, хуткасць з’яўлення эрэкцыі, магчымасць весці інтэнсіўнае палавое жыццё. Расстройствы П.с. вядуць да імпатэнцыі.

т. 12, с. 186

ПА́ТЭР (лац. pater бацька),

святар у каталіцкай царкве.

т. 12, с. 187

ПАТЭРНАЛІ́ЗМ (ад лац. paternus бацькоўскі),

заступніцтва, апека старэйшага ў адносінах да малодшых, падапечных. У развітых дзяржавах П. у адносінах да працоўных называюць сістэму дадатковых ільгот і выплат на прадпрыемствах за кошт прадпрымальнікаў. Накіраваны на замацаванне кадраў, на змякчэнне прац. канфліктаў. У міжнар. адносінах тэрмін «П.» выкарыстоўваўся для абазначэння апекі буйных дзяржаў над больш слабымі дзяржавамі, калоніямі, падапечнымі тэрыторыямі.

т. 12, с. 187