Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАНЭ́ (Юлія Міхайлаўна) (н. 21.8.1931, Масква),

бел. крытык, літ.-знавец. Дачка М.Ю.Канэ. Скончыла БДУ (1954). Працавала ў рэдакцыях газет Літвы (1954—55), у газ. «Піянер Беларусі» (1959). Даследаванні па сучасным літ. працэсе (артыкулы пра творчасць А.​Адамовіча, В.​Быкава, Р.​Барадуліна, А.​Васілевіч, Н.​Гілевіча, А.​Жука, А.​Кулакоўскага, І.​Навуменкі, І.​Пташнікава, Б.​Сачанкі, М.​Танка, І.​Чыгрынава і інш.). Аўтар кніг «Дзень сённяшні» (1962), «Янка Брыль» (1964), «Плынь» (1983), «Як паветра і хлеб: Жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля» (1988). На бел. мову пераклала асобныя творы арм. празаікаў. З 1991 жыве ў Ізраілі.

Л.​С.​Савік.

т. 8, с. 17

КАН’ЮГА́ТЫ (ад лац. conjugatio злучэнне),

счаплянкі, група пераважна мікраскапічных зялёных водарасцей. У парадку каля 50 родаў, 4000—6000 відаў. Пашыраны ўсюды (найб. вядомыя — кластэрыум, мужоцыя, нетрыум, спірагіра). На Беларусі каля 200 відаў. Трапляюцца ў прэснаводных вадаёмах (ціна), сярод вільготных імхоў, на вільготных глебах, сценах і інш.

Аднаклетачныя (рэдка каланіяльныя), сіметрычна пабудаваныя арганізмы, клеткі якіх звычайна перашнураваны пасярэдзіне на 2 аднолькавыя паўклеткі (дэсмідыевыя водарасці), з суцэльнай абалонкай без падзелу на паўклеткі (мезатэніевыя), з ніткаватай структурай (зігнемавыя, ганатазігавыя). Характэрная асаблівасць К. — адсутнасць у цыкле развіцця рухомых жгуцікавых стадый і наяўнасць палавога працэсу — кан’югацыі.

т. 8, с. 17

КАН’ЮГА́ЦЫЯ (ад лац. conjugatio злучэнне),

1) у водарасцей і ніжэйшых грыбоў — палавы працэс, пры якім зліваецца змесціва 2 знешне падобных бязжгуцікавых клетак. Адбываецца толькі ў ч. відаў водарасцей — дыятомавых і некат. кан’югатаў.

2) У інфузорый — палавы працэс, пры якім часова злучаюцца 2 асобіны (бакамі, дзе знаходзяцца ротавыя адтуліны) для абмену часткамі іх ядзернага апарата і невял. колькасці цытаплазмы. Пры зліцці вегетатыўнае ядро (макрануклеус) разбураецца, а палавое ядро (мікрануклеус) двойчы дзеліцца шляхам меёзу. Потым 3 ядры разбураюцца, а адно дзеліцца зноў і кожная з яго палавінак абменьваецца на палавінку ядра партнёра. Абмененыя ядры зліваюцца з тымі, якія засталіся ў клетках, і інфузорыі разыходзяцца. З атрыманага ядра зноў утвараецца макрануклеус і мікрануклеус. З’яўляецца прыкладам палавога працэсу без расплоджвання. 3)У бактэрый — адзін са спосабаў абмену генет. інфармацыяй. Трапляецца ў энтэрабактэрый, псеўдаманад і інш. Адбываецца аднанакіраваны перанос генаў донарскай храмасомы («мужчынскай» клеткі) да рэцыпіента («жаночай» клеткі) з рэкамбінацыяй генаў. Спадчынныя ўласцівасці рэцыпіента змяняюцца ў адпаведнасці з колькасцю генет. інфармацыі, якая знаходзіцца ў перададзеным кавалку ДНК. У пракарыётаў К. забяспечвае павышэнне спадчыннай зменлівасці.

4) У храмасом К. — часовае збліжэнне парамі гамалагічных храмасом, у час якога магчымы абмен іх гамалагічнымі ўчасткамі. Пасля К. храмасомы разыходзяцца.

т. 8, с. 17

КАНЮКІ́, сарычы (Buteo),

род драпежных птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 25 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыкі. На Беларусі 2 віды: К. звычайны (Buteo buteo) і К. касматаногі, або зімняк (B. lagopus).

Пералётныя птушкі. Селяцца ў месцах, дзе лес чаргуецца з адкрытай прасторай (лугі, балоты, высечкі).

Даўж. да 66 см, маса да 1,3 кг. Крылы шырокія, дазваляюць лунаць у палёце. Хвост кароткі, закруглены. Афарбоўка зменлівая; спіна аднатонная, бурая, рыжая ці шэрая, ніз цела паласаты ці плямісты. Гняздуюцца на дрэвах, абрывах берагоў рэк. Нясуць 2—5 яец. Кормяцца грызунамі, насякомымі, паўзунамі, птушкамі. 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Канюкі: 1 — касматаногі; 2 — звычайны.

т. 8, с. 17

КАН’ЮНКТУ́РА (позналац. conjunctura ад лац. conjungo звязваю, злучаю),

збег акалічнасцей, сітуацыя, стан рэчаў, здольныя паўплываць на зыход якой-н. справы. К. эканамічная — стан эканомікі, узровень эканам. актыўнасці, якія характарызуюцца рухам цэн, працэнтных ставак па дэпазітах і крэдытах, валютнага курсу, зарплаты, дывідэндаў, а таксама дынамікай вытворчасці і спажывання. Адлюстроўвае ўплыў не толькі эканам. фактараў, але і паліт., сац., тэхн., экалаг. і інш. Іх аналіз дазваляе своечасова выявіць адмоўныя ўплывы і тэндэнцыі, вызначыць іх прычыны і прыняць неабходныя меры па паляпшэнні К.

т. 8, с. 18

КАН’ЮНКТЫВІ́Т (ад лац. conjunctivus злучальны + ...іт),

запаленне слізістай (злучальнай) абалонкі вока. Адна з найб. пашыраных хвароб вачэй. Адрозніваюць К. востры і хранічны. Найчасцей бывае востры; выклікаецца інфекцыяй, дзеяннем розных хім. рэчываў, траўмамі і інш. Прыкметы: пачырваненне слізістай абалонкі вока, рэзь, слёзацячэнне, святлабоязь, слізістыя ці слізіста-гнойныя выдзяленні. Пры своечасовым лячэнні ўскладненняў не пакідае, доўжыцца 3—6 дзён, вірусны — да 1 мес. К. ад трахомы, ганарэі, дыфтэрыі пакідаюць язвы рагавой абалонкі, бяльмо. Хранічнаму К. садзейнічаюць пыл, дым, недастатковае асвятленне, некарыгіраваныя акулярамі анамаліі зроку, анеміі, гельмінтозы, адэноіды, парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне: ліквідацыя асн. прычын, тэрапеўтычнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 8, с. 18

КАНЮХІ́,

вёска ў Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Свіслач (бас. р. Нёман). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на Пн ад г.п. Вял. Бераставіца, 37 км ад Гродна, 321 ж., 130 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч вайну.

т. 8, с. 18

КАНЮШКЕ́ВІЧ (Марыя Іосіфаўна) (н. 7.11.1943, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1991). Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1975). З 1979 выкладае ў Гродзенскім ун-це (з 1980 заг. кафедры, у 1992—93 дэкан філал. ф-та). Навук. працы па супастаўляльнай, функцыян., кагнітыўнай лінгвістыцы, сацыя- і прагмалінгвістыцы: «Сінтаксіс блізкароднасных моў: тоеснасць, падабенства, адрозненні» (1989), «Сінтаксіс рускай і беларускай моў: падабенства і адрозненні» (1994, у сааўт.), «Супастаўляльная функцыянальная граматыка рускай і беларускай моў: арыенціры і праекцыя вопыту», «Сацыялінгвістычная парадыгма моўнай сітуацыі ў Беларусі пасля рэферэндуму» (абедзве 1996), «Анімальны вобраз як фрагмент «карціны свету» (1997) і інш.

т. 8, с. 18

КАНЮ́ШНЯ,

гл. Стайня.

т. 8, с. 18

КАНЮ́ШЫ,

службовая пасада ў ВКЛ і Польшчы. У Польшчы вядомы з 11 ст., у ВКЛ — з 15 ст. Павінен быў наглядаць за велікакняжацкімі табунамі і стайнямі, хоць фактычна гэтыя абавязкі выконваў падканюшы. У 16 ст. пры вял. князю называўся К. дворны, у паветах — К. земскі. З 17 ст. пасада вялікага К. (К. ВКЛ) — дыгнітарская, г. зн. прыдворная.

т. 8, с. 18