КАН’ЮГА́ЦЫЯ (ад лац. conjugatio злучэнне),

1) у водарасцей і ніжэйшых грыбоў — палавы працэс, пры якім зліваецца змесціва 2 знешне падобных бязжгуцікавых клетак. Адбываецца толькі ў ч. відаў водарасцей — дыятомавых і некат. кан’югатаў.

2) У інфузорый — палавы працэс, пры якім часова злучаюцца 2 асобіны (бакамі, дзе знаходзяцца ротавыя адтуліны) для абмену часткамі іх ядзернага апарата і невял. колькасці цытаплазмы. Пры зліцці вегетатыўнае ядро (макрануклеус) разбураецца, а палавое ядро (мікрануклеус) двойчы дзеліцца шляхам меёзу. Потым 3 ядры разбураюцца, а адно дзеліцца зноў і кожная з яго палавінак абменьваецца на палавінку ядра партнёра. Абмененыя ядры зліваюцца з тымі, якія засталіся ў клетках, і інфузорыі разыходзяцца. З атрыманага ядра зноў утвараецца макрануклеус і мікрануклеус. З’яўляецца прыкладам палавога працэсу без расплоджвання. 3)У бактэрый — адзін са спосабаў абмену генет. інфармацыяй. Трапляецца ў энтэрабактэрый, псеўдаманад і інш. Адбываецца аднанакіраваны перанос генаў донарскай храмасомы («мужчынскай» клеткі) да рэцыпіента («жаночай» клеткі) з рэкамбінацыяй генаў. Спадчынныя ўласцівасці рэцыпіента змяняюцца ў адпаведнасці з колькасцю генет. інфармацыі, якая знаходзіцца ў перададзеным кавалку ДНК. У пракарыётаў К. забяспечвае павышэнне спадчыннай зменлівасці.

4) У храмасом К. — часовае збліжэнне парамі гамалагічных храмасом, у час якога магчымы абмен іх гамалагічнымі ўчасткамі. Пасля К. храмасомы разыходзяцца.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)