Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАТА́Ш [англ. potash ад pot гаршчок + ash(es) попел],

тэхнічная назва карбанату калію K2CO3. Гл. таксама Калію злучэнні.

т. 12, с. 180

ПА́ТНА,

горад на Пн Індыі, на правым беразе р. Ганг. Адм. ц. штата Біхар. Засн. ў 5 ст. да н.э. У старажытнасці называлася Паталіпутра, з 12 ст. сучасная назва. Больш за 1 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт і рачны порт. Прам-сць: баваўняная, харч., металаапр.; выраб дываноў, парчы, мэблі. Саматужныя промыслы. Ун-т; б-ка з каштоўнай калекцыяй усх. рукапісаў. Каля П. рэшткі стараж. Паталіпутры.

т. 12, с. 180

ПАТНІ́ЦА,

высыпанне на скуры тулава дробных светлых або чырв. пухіркоў, скурнае захворванне. Развіваецца ад затрымкі поту ў вывадных канальцах потавых залоз. Прычыны: пераграванне арганізма, залішняя паўната і інш. Часам суправаджаецца свербам. Пашырана ў дзіцячым узросце. Лячэнне; прысыпкі, мясцова — антысептычныя і процізапаленчыя сродкі.

т. 12, с. 180

ПАТО́КА,

пасёлак ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Ольса, на аўтадарозе Беразіно—Клічаў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 10 км на Пн ад г.п. Клічаў, 101 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст. Стаялава. 132 ж., 50 двароў (2000). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 12, с. 180

ПАТОКАСЧАПЛЕ́ННЕ,

поўны магнітны паток, які пранізвае эл. контур (напр., у шпулі індуктыўнасці — магн. паток, «счэплены» з усімі яе віткамі). Калі з кожным вітком шпулі індуктыўнасці «счэплены» адзін і той жа магн. паток Φ, то П. Ψ = , дзе N — агульная колькасць віткоў. Адзінка П. ў СІвебер.

т. 12, с. 180

ПАТО́К ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ, прамяністы паток,

паток энергіі, якая пераносіцца эл.-магн. хвалямі. Шчыльнасць П.в. вызначаецца Пойнтынга вектарам. Адзінка П.в. ў СІват. Гл. таксама Светлавы паток.

т. 12, с. 180

ПАТО́К МАГНІ́ТНАЙ ІНДУ́КЦЫІ,

паток магнітны, тое, што магнітны паток.

т. 12, с. 180

ПАТО́К ЭНЕ́РГІІ,

сярэдняя магутнасць, якая перадаецца праз дадзеную паверхню ў працэсе цеплаабмену ці распаўсюджвання хваль любой прыроды і інш. Адносіны П.э. праз паверхню, перпендыкулярную да напрамку пераносу энергіі, да значэння плошчы гэтай паверхні наз. шчыльнасцю П.э., якая вызначаецца Умава вектарам. Адзінка П.э. ў СІват.

т. 12, с. 180

ПАТО́ЛІЧАЎ (Мікалай Сямёнавіч) (23.9.1908, с. Золіна Валадарскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 1.12.1989),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1975, 1979). Вучыўся ў 2-м Маскоўскім хіміка-тэхнал. ін-це (1931), скончыў Ваен. акадэмію хім. абароны (1937). У 1928—31 на камсам. рабоце. З 1938 на парт. рабоце: у апараце ЦК ВКП(б), парторг ЦК ВКП(б) на Яраслаўскім гумавым камбінаце, з 1939 1-ы сакратар Яраслаўскага, з 1941 Чэлябінскага абкомаў і гаркомаў партыі, заг. аддзела ЦК ВКП(б). У 1946—47 сакратар ЦК ВКП(б), адначасова нам. старшыні Савета па справах калгасаў пры СМ СССР. З сак. 1947 сакратар ЦК КП(б) Украіны, са жн. 1-ы сакратар Растоўскага абкома і гаркома партыі. У 1950—56 1-ы сакратар ЦК КПБ. У чэрв. 1953 Л.​П.​Берыя зрабіў спробу змясціць П. з пасады 1-га сакратара ЦК КПБ. Аднак на IV (пашыраным) пленуме ЦК КПБ (25—27.6.1953) бел. камуністы не далі аднадушнай згоды на такую кадравую змену. З 1956 нам., з 1957 1-ы нам. міністра замежных спраў СССР. У 1958—85 міністр знешняга гандлю СССР. Чл. ЦК КПБ у 1952—60, чл. Бюро ЦК КПБ у 1950—56. Чл. ЦК КПСС у 1941—86, чл. Аргбюро ЦК у 1946—47, канд. у чл. Прэзідыума ЦК КПСС у 1952—53. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1950—59, чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1950—59, Вярх. Савета СССР у 1937—89.

Я.​С.​Фалей.

М.С.Патолічаў.

т. 12, с. 180

ПАТО́МАК (Potomac),

рака на ПнУ ЗША. Утвараецца ад сутокаў рэк Паўн. і Паўд. П., якія пачынаюцца ў Апалачах; цячэ па Прыатлантычнай нізіне, упадае ў Чэсапікскі зал. Атл. ак. Даўж. 590 км (ад вытоку р. Паўд. П.), з эстуарыем 780 км, пл. басейна 37,5 тыс. км². Сярэдні расход вады 350 м³/с. На П. — сталіца ЗША Вашынгтон (пачатак марскога суднаходства). Ад Вашынгтона да г. Камберленд, паралельна рэчышчу П., у абход парогаў пракладзены суднаходны канал.

т. 12, с. 180