Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУКУЦЕ́НІ (Cucuteni),

энеалітычнае пасяленне ў Румыніі. Выяўлена за 12 км ад г. Ясы. Ранняя фаза датуецца 3380, позняя — 3000 да н.э. Выяўлены рэшткі глінабітных дамоў. Для ранняй фазы К. характэрна кераміка з трохколернай спіральнай размалёўкай і з паглыбленым спіральным арнаментам, грубы кухонны посуд, прылады працы з крэменю, косці, рогу і медзі, гліняныя схематызаваныя жаночыя статуэткі. Позняя фаза адметная керамікай з аднаколернай (чорнай) размалёўкай па аранжава-жоўтай паверхні, грубым кухонным посудам і керамікай са шнуравым арнаментам, глінянымі жаночымі статуэткамі з чорнай размалёўкай, фігуркамі жывёл, меднымі кінжаламі, сякерамі, нажамі, шыламі, бранзалетамі. Тэрмінам «К.» наз. культуру размаляванай керамікі, аналагічную трыпольскай культуры.

т. 8, с. 570

КУКУШЫ́ЛІ,

паўднёвы хрыбет горнай сістэмы Куньлунь на паўн.-ўсх. ускраіне Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Даўж. каля 800 км, выш. да 6000 м. Утварае паласу хаатычна размешчаных плоскавяршынных масіваў, сопак і град з друзаватай паверхняй. Складзены пераважна з сланцаў і вапнякоў. У зах. і цэнтр. ч. — невял. снежнікі і ледавікі. Расліннасць халодных пустынь.

т. 8, с. 570

КУ́КША, ронжа (Perisoreus infaustus, або Cractes infaustus),

птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў хваёвых лясах. На Беларусі трапляецца на Пн восенню і зімой, рэдкі залётны від.

Даўж. да 31 см, маса да 150 г. Апярэнне густое, пушыстае. Верх галавы цёмна-карычневы. Шыя, спіна светла-шэрыя, брушка рыжаватае, хвост з цёмнай палоскай. Корміцца насякомымі, павукамі. дробнымі грызунамі, ягадамі, насеннем хваёвых дрэў. Гнёзды на дрэвах. Нясе 3—5 яец. У Канадзе трапляецца блізкі від К. канадская (P. canadensis), адрозніваецца ад ронжы колерам апярэння.

Э.​Р.​Самусенка.

Кукша.

т. 8, с. 570

КУЛА́ГА,

у беларусаў каша з жытняй або пшанічнай мукі і соладу. Варылі таксама з ягад, дадавалі муку, мёд, цукар. Пашырана пераважна на Палессі.

т. 8, с. 570

КУЛА́ГА (Георгій Вікенцьевіч) (20.7.1919, в. Блячына Клецкага р-на Мінскай вобл. — 25.1.1990),

бел. вучоны-рэўматолаг. Д-р мед. н. (1977), праф. (1978). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1952). У 1961—86 заг. кафедры Гродзенскага мед. ін-та. Навук. працы па лячэнні рэўматызму, сасудзістай паталогіі.

Тв.:

Гипертоническая болезнь как нарушение саморегуляции кровообращения. Мн., 1969 (разам з М.​І.​Арынчыным).

т. 8, с. 570

КУЛА́ГІН (Анатоль Мікалаевіч) (н. 23.1.1947, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, гісторык архітэктуры. Канд. мастацтвазнаўства (1986). Скончыў БПІ (1960). З 1970 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Працы па гісторыі і тэорыі архітэктуры і мастацтва Беларусі: «Архітэктура і мастацтва ракако на Беларусі» (1989), «Адраджэнне готыкі» (1993). Адзін з аўтараў «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 2—3, 1988—89), кн. «Страчаная спадчына» (1998).

Тв.:

Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;

Помнікі Слоніма. Мн., 1983 (разам з В.​Б.​Караткевіч);

Дзержинщина: Прошлое и настоящее. Мн., 1986 (разам з А.​І.​Валахановічам);

Шэдэўры архітэктуры ракако. Мн., 1991. Элітная архітэктура барока Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998;

Ambony rokokowe w kościołach na Białorusi // Biuletyn historii sztuki. 1988. № 1—2.

т. 8, с. 570

КУЛА́ГІН (Андрэй Міхайлавіч) (4.9.1921, в. Старое Закружжа Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 9.8.1980),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Магілёўскі аэраклуб (1939), Армавірскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Ваен. паветр. акадэмію (1954). З 1936 працаваў на аўтарамонтным з-дзе ў Магілёве. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 на Паўд., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, 2-м Бел. франтах. Лётчык-знішчальнік капітан К. зрабіў 762 баявыя вылеты, правёў 142 паветр. баі, збіў 32 варожыя самалёты, 7 у групавых баях. Да 1956 у Сав. Арміі, палкоўнік. З 1959 на парт. рабоце, з 1961 інструктар, заг. сектара ЦК КПБ. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51.

А.М.Кулагін.

т. 8, с. 570

КУЛА́ГІН (Мікалай Міхайлавіч) (19.1.1860, с. Шылавічы Духаўшчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1.3.1940),

бел. і расійскі заолаг і энтамолаг. Акад. АН Беларусі (1934), УАСГНІЛ (1936). Чл.-кар. Рас. АН (1913), АН СССР (1925). Скончыў Маскоўскі ун-т (1884), працаваў у ім (з 1919 праф.), адначасова ў 1934—36 дырэктар Ін-та біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па пчалярстве, барацьбе са шкоднікамі с.-г. культур, размнажэнні, спадчыннасці і эвалюцыі жывёл, старэнні і смерці арганізма.

Тв.:

Вредные насекомые и меры борьбы с ними. Т. 1—2. 4 изд. М.; Л., 1927—30;

Зоология. 2 изд. М., 1938.

М.М.Кулагін.

т. 8, с. 571

КУЛА́ГІН (Міхаіл Васілевіч) (1900, с. Марчугі Васкрасенскага р-на Маскоўскай вобл. — 31.7.1956),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. У 1918—20 у Чырв. Арміі. З 1937 старшыня Слуцкага акр. выканкома, старшыня Аргкамітэта ЦВК БССР па Мінскай вобл., нам. старшыні СНК БССР, адначасова са студз. 1939 2-і сакратар ЦК КП(б)Б. У 1941—49 1-ы сакратар Новасібірскага абкома ВКП(б). Потым у Савеце па справах калгасаў пры СМ СССР і Мін-ве сельскай гаспадаркі СССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1938—41, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1939—41. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47, Вярх. Савета СССР у 1937—46.

т. 8, с. 571

КУЛА́ЖАНКА (Валянцін Пятровіч) (н. 18.7.1937, Кіеў),

бел. вучоны ў галіне паталагічнай анатоміі. Д-р мед. н. (1977), праф. (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1996 заг. аддзела Мінскага паталагаанат. бюро. Навук. працы па пытаннях перынатальнай паталогіі, паталаг. эмбрыялогіі і мед. генетыкі, патамарфалогіі шчытападобнай залозы ў дарослых.

Тв.:

Тератология человека. 2 изд. М., 1991 (у сааўт.);

Морфологическая характеристика тиреоидной патологии взрослого населения Минска за 1980—1993 гг. (у сааўт.) // Здравоохранение Беларуси. 1994. № 10.

т. 8, с. 571