КУ́КША, ронжа (Perisoreus infaustus, або Cractes infaustus),
птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў хваёвых лясах. На Беларусі трапляецца на Пн восенню і зімой, рэдкі залётны від.
Даўж. да 31 см, маса да 150 г. Апярэнне густое, пушыстае. Верх галавы цёмна-карычневы. Шыя, спіна светла-шэрыя, брушка рыжаватае, хвост з цёмнай палоскай. Корміцца насякомымі, павукамі. дробнымі грызунамі, ягадамі, насеннем хваёвых дрэў. Гнёзды на дрэвах. Нясе 3—5 яец. У Канадзе трапляецца блізкі від К. канадская (P. canadensis), адрозніваецца ад ронжы колерам апярэння.