Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАНЧА́К,

хан полаўцаў у 2-й пал. 12 ст. Аб’яднаў полаўцаў і стварыў моцную ваен. арг-цыю, вёў упартую барацьбу супраць Кіева. Здзейсніў шэраг паходаў у Пераяслаўскую зямлю (1174, 1178, 1183), у 1185 нанёс паражэнне Ігару Святаславічу і паланіў яго. Паходы Ігара і інш. рус. князёў супраць К. апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым».

т. 8, с. 15

КАНЧАЛО́ЎСКІ (Пётр Пятровіч) (21.2.1876, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 2.2.1956),

расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1946), правадз. чл. АМ СССР (1947). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет». Вучыўся ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1897—98), скончыў Пецярбургскую АМ (1907). Выкладаў у Вольных маст. майстэрнях (1918—21) і ў Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—29) у Маскве. У ранніх творах зазнаў уплывы фавізму, імкнуўся спалучыць канструктыўнасць колеру П.​Сезана са стыхійнай святочнасцю фарбаў, уласцівай рус. нар. мастацтву, фармальныя пошукі — з аптымістычным успрыняццем свету (партрэт Г.​Б.​Якулава, 1910; «Сухія фарбы», 1912; «Агава», 1916, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш рэаліст. манеры: нацюрморты («Лісце тытуню», 1929; «Бэз», 1933; «Хлеб, вэнджаніна і віно», 1948), партрэты (У.​Э.​Меерхольда і С.​С.​Пракоф’ева, абодва 1938; аўтапартрэт, 1943), пейзажы («Наўгародская серыя», 1920-я г.), жанравыя карціны («Вяртанне з кірмашу», 1926; «Палацёр», 1946). Працаваў у графіцы, рабіў тэатр. дэкарацыі. Дзярж. прэмія СССР 1943.

П.Канчалоўскі. Аўтапартрэт. 1943.
П.Канчалоўскі. Партрэт У.​Э.​Меерхольда. 1938.

т. 8, с. 15

КАНЧА́Р (цюрк.),

старажытнаруская і ўсходняя колючая халодная зброя (меч) з прамым доўгім (да 1,5 м) вузкім трох- ці чатырохгранным клінком. У 14—16 ст. быў на ўзбраенні коннікаў, служыў для паражэння праціўніка праз кольчатыя даспехі.

т. 8, с. 16

КА́НЧАР (Яўсей Сцяпанавіч) (2.10.1882, в. Сяўкі Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.5.1979),

бел. паліт. дзеяч, гісторык, вучоны ў галіне эканам. геаграфіі. Скончыў Петраградскую с.-г. акадэмію (1922). За ўдзел у рэв. руху ў 1906 арыштаваны, у 1908 апраўданы судом. З 1910 у Пецярбургу, супрацоўнік к-та сельскіх т-ваў. З сак. 1917 чл. Бел. нац. к-такрас. выйшаў з яго). З ліст. 1917 старшыня Беларускага абласнога камітэта пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў, адзін з арганізатараў Усебел. з’езда 1917. З лют. 1918 заг. навук.- статыстычнага аддзела Белнацкома, яго Петраградскага аддзялення, заг. статыстычнага аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, старшыня Бел. вольнаэканам. т-ва. У 1918 адстойваў ідэю склікання 2-га Усебел. з’езда. З 1922 на выкладчыцкай працы. З 1929 узначальваў Бел. навук. т-ва ў Ленінградзе. У 1938 арыштаваны. У Вял. Айч. вайну ў блакадным Ленінградзе. Аўтар дапаможнікаў па кааперацыі, эканам. геаграфіі БССР, прац па гісторыі грамадз. вайны, гісторыі грамадскіх, нац. і рэв. рухаў у Беларусі і інш.

В.​У.​Скалабан.

Я.С.Канчар.

т. 8, с. 16

КАНЧА́ТАК,

гл. Флексія.

т. 8, с. 16

КАНЧАТКО́ВЫ ГРАМА́ДСКІ ПРАДУ́КТ,

эканамічны паказчык вымярэння аб’ёму нац. вытв-сці. Уяўляе сабой суму нац. даходу і амартызацыйных выдаткаў. Вылічаецца як кошт створанай канчатковай прадукцыі і паслуг у рыначных цэнах за пэўны перыяд (звычайна за год), за выключэннем кошту выкарыстанай сыравіны, матэрыялаў, паўфабрыкатаў і энергарэсурсаў.

т. 8, с. 16

КАНЧЭ́ЛІ (Георгій) (Гія) Аляксандравіч (н. 10.8.1935, Тбілісі),

грузінскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Грузіі (1972). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1963), з 1970 выкладае ў ёй. Працуе пераважна ў сімф. і опернай музыцы. Сярод твораў: опера «Музыка для жывых» (паст. 1984); муз. камедыя «Хітрыкі Ханумы» (паст. 1973); кантата «Светлы смутак» (1985); 7 сімфоній (1967—86); літургія «Аплаканыя ветрам» для вял. сімф. аркестра і альта сола (1988); музыка для эстр. аркестра, да драм. спектакляў і кінафільмаў, у т. л. «Не бядуй», «Міміно». Дзярж. прэмія СССР 1976. Дзярж. прэмія Грузіі 1981.

Літ.:

Зейфас Н. Симфонии Гии Канчели // Композиторы союзных республик. М., 1980. Вып. 3.

т. 8, с. 16

КАНЧЭНДЖА́НГА,

горны масіў і вяршыня ў Вял. Гімалаях, на мяжы Непала і Індыі (штат Сікім). Выш. 8585 м. Вострыя вяршыні, стромкія схілы. Складзена з гнейсаў, гранітаў, крышт. сланцаў. Буйныя далінныя ледавікі Зему (даўж. каля 30 км), Канчэнджанга і інш.

т. 8, с. 16

КАНЧЭ́РТА ГРО́СА (італьян. concerto grosso літар. вялікі канцэрт),

жанравая разнавіднасць інстр. канцэрта, заснаваная на проціпастаўленні ўсяго складу выканаўцаў і групы салістаў (канцэрціна). Склаўся ў 17 ст. ў Паўн. Італіі (А.​Страдэла, Дж. Тарэлі). Цыкл К.г. заснаваны на чаргаванні павольных гамафонных і хуткіх поліфанічных частак. Класічныя ўзоры К.г. ў творчасці А.​Карэлі, А.​Вівальдзі, Г.​Ф.​Гендэля. Прынцыпы інстр. выкладання, уласцівыя К.г., захоўваліся да 19 ст. ў прыкладной і праграмнай музыцы (І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт). У 20 ст. адраджаецца ў творчасці Э.​Кшэнека, Б.​Марціну, Э.​Тамберга, А.​Эшпая, А.​Шнітке і інш. Сярод бел. кампазітараў да жанру К.г. звярталіся П.​Альхімовіч, С.​Бельцюкоў, Л.​Шлег.

т. 8, с. 16

КАНЧЭ́ЎСКІ (Арсен Уладзіміравіч) (парт. псеўд. В.Камінскі, Уладак; 5.9.1901, Вільня — 31.8.1931),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Брат І.У.Канчэўскага. У 1919 у Наркамаце асветы Літ.-Бел. ССР, Віленскім губхарчкоме. Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. З 1923 чл. ЦК КПЗБ. У 1924 арыштаваны польскімі ўладамі і засуджаны на 4 гады турмы. На I з’ездзе КПЗБ (1928) завочна выбраны канд. у чл. ЦК, пасля вызвалення з турмы (ліст. 1928) кааптаваны ў чл. ЦК, з кастр. 1929 чл. Бюро ЦК КПЗБ. Накіроўваў дзейнасць арг-цый «Змагання», Гал. управы Таварыства беларускай школы і іх легальных выданняў. Трагічна загінуў у Чорным моры.

А.У.Канчэўскі.

т. 8, с. 16