КАНЧАЛО́ЎСКІ (Пётр Пятровіч) (21.2.1876, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 2.2.1956),

расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1946), правадз. чл. АМ СССР (1947). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет». Вучыўся ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1897—98), скончыў Пецярбургскую АМ (1907). Выкладаў у Вольных маст. майстэрнях (1918—21) і ў Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—29) у Маскве. У ранніх творах зазнаў уплывы фавізму, імкнуўся спалучыць канструктыўнасць колеру П.​Сезана са стыхійнай святочнасцю фарбаў, уласцівай рус. нар. мастацтву, фармальныя пошукі — з аптымістычным успрыняццем свету (партрэт Г.​Б.​Якулава, 1910; «Сухія фарбы», 1912; «Агава», 1916, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш рэаліст. манеры: нацюрморты («Лісце тытуню», 1929; «Бэз», 1933; «Хлеб, вэнджаніна і віно», 1948), партрэты (У.​Э.​Меерхольда і С.​С.​Пракоф’ева, абодва 1938; аўтапартрэт, 1943), пейзажы («Наўгародская серыя», 1920-я г.), жанравыя карціны («Вяртанне з кірмашу», 1926; «Палацёр», 1946). Працаваў у графіцы, рабіў тэатр. дэкарацыі. Дзярж. прэмія СССР 1943.

П.Канчалоўскі. Аўтапартрэт. 1943.
П.Канчалоўскі. Партрэт У.​Э.​Меерхольда. 1938.

т. 8, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)