Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАСХА́ЛІІ,

табліцы дат святкавання Вялікадня (Пасхі). Складаюцца хрысціянскай царквой на шмат гадоў наперад згодна з пастановаю Нікейскага сабора (325). Паводле пастановы Вялікдзень належыць адзначаць у 1-ю нядзелю, «наступную за поўняй, якая супадае з веснавым раўнадзенствам ці бывае пасля яго», але не павінен супадаць з яўр. пасхай. Шэраг цэркваў складае П. паводле юліянскага календара (Руская, Балгарская, Сербская, Іерусалімская правасл. цэрквы і інш.), каталіцкія і пратэстанцкія — паводле грыгарыянскага. Гэта выклікае разыходжанні ў часе святкавання Вялікадня рознымі хрысціянскімі цэрквамі (гл. табл.).

Гады Правасл. Вялікдзень Каталіцкі Вялікдзень
1 2 3
2001 2(15) крас. 15 крас.
2002 22 крас. (5 мая) 31 сак.
2003 14(27) крас. 20 крас.
2004 29 сак. (11 крас.) 11 крас.
2005 18 крас. (1 мая) 27 сак.
2006 10(23) крас. 16 крас.
2007 26 сак. (8 крас.) 8 крас.
2008 14(27) крас. 23 сак.
2009 6(19) крас. 12 крас.
2010 22 сак. (4 крас.) 4 крас.
2011 11(24) крас. 24 крас.
2012 2(15) крас. 8 крас.
2013 22 крас. (5 мая) 31 сак.
2014 7(20) крас. 20 крас.
2015 30 сак. (12 крас.) 5 крас.
2016 18 крас. (1 мая) 27 сак.
2017 3(16) крас. 16 крас.
2018 26 сак. (8 крас.) 1 крас.
2019 15(28) крас. 21 крас.
2020 6(19) крас. 12 крас.

т. 12, с. 175

ПАСЦЕ́ЛЬНЫЯ КЛАПЫ́ (Cimicidae),

сямейства насякомых атр. паўцвердакрылых. Каля 40 відаў. Пашыраны ўсюды. Крывасмокі; паразітуюць на пазваночных жывёлах (галубы, куры, лятучыя мышы і інш.), некат. віды — у чалавека. Актыўныя пераважна ўначы. Найб. вядомыя на Беларусі — П.к. звычайны (Cimex lectularius) і клоп ластаўчын (Oeciacus hirundi).

Цела акруглае ці авальнае, моцна сплюшчанае. Надкрылы ўкарочаныя. Даўж. П.к. звычайнага: самцоў — да 6,5 мм, самак — да 8,4 мм. Мае добры нюх. Характэрны ўласны рэзкі, непрыемны пах. Здольны хутка перамяшчацца (да 1 м за 1 мін). Ротавы апарат колюча-сысучы. Працінае хабатком скуру і ўпускае ў ранку сліну, якая перашкаджае згушчэнню крыві. Укусы выклікаюць сверб, раздражненне скуры. Вытрымлівае галаданне да некалькіх месяцаў. Развіццё з няпоўным ператварэннем; лічынка праходзіць 5 стадый (узростаў); для чарговай лінькі лічынка павінна насмактацца крыві.

С.​Л.​Максімава.

Пасцельны клоп звычайны.

т. 12, с. 175

ПАСЦІЛА́ (ад лац. pastillus праснак, аладка),

кандытарскі выраб, прыгатаваны збіваннем фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і яечнымі бялкамі. Збітая маса мае драбнапорыстую пенападобную структуру, якую замацоўваюць змешваннем масы з гарачым клеявым сіропам з цукру, патакі і агар-агару (клеявая П.) ці мармеладнай масай (заварная П.).

т. 12, с. 175

ПАСЫ́ЛКАтрадыц. логіцы),

суджэнне, якое служыць асновай для заключэння (вываду) і з’яўляецца неабходнай часткай любога розумазаключэння. П. могуць быць факты або суджэнні пра факты, прынцыпы, аксіёмы, пастулаты і інш., увогуле ўсякія з’явы або выказванні — зыходныя даныя, з якіх непасрэдна ці шляхам разважання можна вылучыць якую-н. новую інфармацыю (П. індукцыі і П. дэдукцыі). У непасрэдным розумазаключэнні вывад робіцца з адной П.; у дэдукцыйным — як правіла, з 2 П. (большая і меншая); у індукцыйным — больш як з 2 П. Асн. патрабаванне да П. — іх ісціннасць. Калі П. ісцінныя і ў працэсе розумазаключэння спалучаны па законах логікі, тады вывад (заключэнне) будзе ісцінным. П. — неабходная ўмова лагічнай аргументацыі або доказу.

т. 12, с. 176

ПА́СЫНАК,

няродны сын, сын ад папярэдняй жонкі ў адносінах да мачахі ці сын ад папярэдняга мужа ў адносінах да айчыма.

т. 12, с. 176

ПАСЫНКАВА́ННЕ,

выдаленне бакавых парасткаў (пасынкаў), якія вырастаюць з пазух лісця надземнай часткі галоўнага сцябла. Пасынкі ў памідора, тытуню выдаляюць пры даўжыні 5—10 см, у сланечніка, кукурузы — 10—15 см. У насеннікаў капусты выдаляюць парасткі вегетатыўныя і з паўторным цвіценнем, у морквы — кветкавыя парасонікі 2—3-га парадку. Узмацняе прыток пажыўных рэчываў да асн. органаў раслін, паскарае выспяванне пладоў і насення.

т. 12, с. 176

ПА́СЫНКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 з мэтай захавання унікальнага ландшафтнага комплексу Пд Бел. Паазер’я. Пл. 104 га. Размешчаны на тэр. нац. парка Нарачанскі, на беразе воз. Нарач. Займае крутыя схілы з драбналессем і сухадольнымі лугамі, дзе ў травастоі дамінуюць стэпавыя і лесастэпавыя віды: крынічнік шыракалісты, гарлянка жэнеўская, асака берагавая, суніцы зялёныя, драсён горны, скочкі атожылкавыя; трапляюцца цыбуля агародная, спаржа лекавая, крынічнік каласісты, танканог шызы і інш., а таксама занесеныя ў Чырв. кнігу гарычка крыжападобная, кураслеп лясны, першацвет вясновы, сон лугавы. З гасп.-каштоўных відаў раслін сустракаюцца ядловец, ляшчына, свідзіна, чаромха, шыпшына сабачая і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 12, с. 176

ПАСЬЕ́ТА ЗАЛІ́Ў Каля зах. берагоў зал. Пятра Вялікага ў Японскім м., каля берагоў Прыморскага краю Расіі. Даўж. каля 50 км, глыб. 17—25 м. Падзяляецца п-вам Крабе на бухту Рэйд «Палады» на З і Кітовы зал. на ПнЗ. Зімой замярзае. Прылівы няправільныя паўсутачныя (да 0,5 м). На ўзбярэжжы — пас. Пасьет.

т. 12, с. 176

ПАСЬЯ́НС (франц. patience літар. цярпенне),

раскладванне карт па пэўных правілах для забавы або варажбы.

т. 12, с. 176

ПАСЭСІ́ЙНАЕ ПРА́ВА (ад лац. possessio уладанне),

права, паводле якога ўладальнікам фабрык і заводаў недваранскага саслоўя дазвалялася набываць сялян для работы на прадпрыемствах. Устаноўлена ў Расіі указам Пятра I 18.1.1721, у адпаведнасці з якім створаны асобы разрад прыгонных фабрычных сялян, прыпісаных назаўсёды да прамысл. устаноў без права адчужэння. Пасэсійныя рабочыя не атрымлівалі ўзнагароджання за працу на пасэсійных прадпрыемствах, але атрымлівалі зямельныя надзелы, якія яны апрацоўвалі для сябе. Да разраду пасэсійных адносіліся і «прыпісныя» сяляне, якіх урад замацоўваў за прыватнымі заводамі і фабрыкамі. Пры Пятру III у 1762 П.п. адменена, у 1798 адноўлена і праіснавала да 1863. Пасэсійнае валоданне землямі месцамі захавалася да 1917.

т. 12, с. 176